Ладзя жыў ужо толькі з матуляй.

— Выпі хоць какавы зь пірагом, — клапатліва сказала яна яму раніцай перад Калядамі.

— Ды не, дзякуй, — кінуў той у адказ, — пасьціць дык пасьціць… Прынамсі, убачу залатое парасятка*…

— Ой, ня ведаю, ці тое ты робіш… — пахітала яна галавой. — Посьціш, а ў карчму зноў ідзеш. Што агульнага ў карчмы з Калядамі?! З Божым дзіцяткам**?! Акрамя таго, што яна называецца «Ў Сьвятога»?!

— Ніякага Божага дзіцяці няма. Існаваньне Божага дзіцяці нікім не было пацьверджанае… — мармытаў Ладзя, корпаючыся ў шафе. — Яго ніколі ня бачылі ні савецкія касманаўты, ні амэрыканскія астранаўты. Дый шахцёры так і ня здолелі пераканаўча засьведчыць, што пад зямлёй жывуць чэрці ды іншыя звышнатуральныя істоты, хоць у іх ня раз пыталіся…

— Ці ты не п’яны?! — занепакоена ўзьняла бровы маці.

— Ты ж ведаеш, што ў нас традыцыя — зайсьці ў гэты дзень кульнуць чарку… — крактаў Ладзя, спрабуючы прадрацца праз швэдар. Знайшоўшы нарэшце гарлавіну, ён абдарыў маці шырокай усьмешкай і, узяўшы яе галаву ў далоні, уляпіў ёй у лоб пацалунак — быццам паставіў на чало пячатку, гэткае слаба чытэльнае «люблю цябе».

Ён сядзеў у карчме і чакаў Гонзу.

«Калі прыйдзеш раней, — сказаў той напярэдадні, — вазьмі сабе за мой кошт чарку ці дзьве, але ня болей за тры, бо яшчэ мяне разарыш!»

Ён сядзеў за сталом, аздобленым сьвечкай, і гуляўся з пушкай запалак. Аднекуль ззаду наблізіўся афіцыянт — мужчынка, якога, здавалася, шмат гадоў таму бусел прынёс адразу сюды, у гэтую забягалаўку. Голас афіцыянта прагучаў ціха, але нечакана — Ладзя зь пярэпалаху ажно таргануўся:

— Што магу вам прапанаваць?

Ладзя разгубіўся, бо пакуль сядзеў у карчме, думаў пра ўсё, што заўгодна, толькі не пра тое, што замовіць. У моду тады ўваходзілі простыя мяшаныя напоі, прыкладам, кола з ромам, якую называлі «Гэмінгўэй», або сок з гарэлкай, які называлі «сок з гарэлкай», але ні таго, ні другога Ладзю не хацелася.

Паўза зацягнулася, ужо выглядала на тое, што Ладзя сабе так нічога й ня возьме, папросту ня здолее зарыентавацца, і далей будзе сухама глядзець у прафэсійна спагадлівыя вочы старога афіцыянта, як раптам ён заўважыў перад сабой цэньнік напояў, а на ім ядлаўцоўку, пра якую Гонза заўжды сьцьвярджаў: «Бляха, ды гэта натуральны джын, толькі напалову таньнейшы!» Ладзя ўхапіўся за гэты выратавальны круг і сказаў, што паспытаў бы той ядлаўцоўкі.

— Чыстай? — спытаў афіцыянт.

— Не‑не, барані мяне Бог! — жахнуўся Ладзя і, каб прадэманстраваць, што ён думае пра людзей, якія п’юць чыстую ядлаўцоўку, да таго ж з самага ранку, афэктавана перажагнаўся, на што афіцыянт з разуменьнем усьміхнуўся.

— Дайце мне яе з джынам! — хутка прамовіў Ладзя; паколькі ў думках ён увесь час суадносіў кошт джыну і ядлаўцоўкі, то ня дзіўна, што ён агаварыўся, насамрэч ён хацеў сказаць «з тонікам».

— Як, прабачце??? — афіцыянт прыгладзіў пасму сівых валасоў, якія ад нікатыну месцамі набылі амаль брунатны колер.

— З джынам, — бяз задняе думкі пацьвердзіў Ладзя.

— Дазвольце пацікавіцца, як вы гэта сабе ўяўляеце? — схіліўся да яго афіцыянт, які вачыма літаральна павіс на ягоных вуснах.

— Вы мне ў шклянку нальяце ядлаўцоўкі, — прамовіў Ладзя, — а я разрэджу яе джынам…

— Я разрэджу і сам! — пакрыўджана сказаў афіцыянт. — Але вы мусіце мне сказаць, у якой прапорцыі вам іх зьмяшаць.

— Адзін да двух. Натуральна, на карысьць джыну! — засьмяяўся Ладзя, бо быў упэўнены, што гаворыць пра тонік.

— Прабачце… — заўважыў, ціха адкашляўшыся, афіцыянт. — Ня ведаю, ціпаверыце, але за ўсю сваю практыку я з падобнай замовай яшчэ не сутыкаўся!

— Як доўга вы ў афіцыянтах?! — ласкава ўсьміхнуўся яму Ладзя.

— Сорак адзін год… — ціха сказаў мужчынка і пайшоў мяшаць напой. Празь імгненьне ён вярнуўся са шклянкай. Ладзя прагна прыпаў да яе вуснамі, але зь ягоных вачэй тут жа пырснулі сьлёзы.

— Моцнае? — зьедліва ўхмыльнуўся афіцыянт.

— А х‑хал‑лера! — выціснуў зь сябе Ладзя, калі змог авалодаць дыханьнем, бо, каб прагнаць смагу, глынуў сапраўды многа. — Ну й пойла!!!

— Я таксама так думаю… — сказаў мужчынка і дадаў:

— Але… што цяпер будзем рабіць?

У гэты момант Ладзя заблытаўся дарэшты і, нічога ня цямячы, папрасіў:

— Дайце мне, калі ласка, яшчэ трохі джыну — каб запіць!

Афіцыянт акінуў яго строгім поглядам — ён усё больш схіляўся да думкі, што гэты малады чалавек, мусіць, спрабуе яго на нешта справакаваць.

Толькі тады, калі Ладзя атрымаў чарговую порцыю джыну, да яго дайшло, што ён увесь час блытаў яго з тонікам, але перад ім ужо стаяла трыста пяцьдзясят грамаў алькаголю, а поруч сядзеў Гонза і ня мог паверыць лічбам на рахунку.

Яны замовілі тонік і па‑таварыску падзялілі джын зь ядлаўцоўкай.

— У мяне няма ніякага падарунку для маці… — сумна сказаў пасьля паўзы Ладзя.

— «Котва»*** яшчэ адчыненая… — заўважыў Гонза, і тут жа дадаў:

— А лепш не марнуй часу, я табе дам якога мыла з парфумай. Жанчыны такому заўсёды радыя.

Ён запусьціў руку ў торбу, што стаяла пад сталом, і выцягнуў зь яе каробку, старанна загорнутую ў дарагую калядную паперу. Паставіў яе на стол і хітра ўсьміхнуўся:

— Для Зузанкі, бляха…

— Для якой Зузанкі?

— Для маёй, бляха… Для той, якую я выдумаў дзеля маці…

— Прыкольна… — сказаў Ладзя і ўзважыў на руцэ пакунак.

— Не прыкольна… Маці хоча, каб я іх пазнаёміў.

— Во блін, і што ты будзеш рабіць? — спытаў Ладзя.

— Пакуль намякнуў дома, што Зузанка трохі прыхварэла, там, высокая тэмпэратура і ўсё такое… А зараз падумваю, што калі да гэтага дададуцца нейкія ўскладненьні, дык яна іх можа й не перажыць…

— А не зажорстка?

— Як зажорстка, калі, бляха, Зузанка не існуе! — засьмяяўся Гонза.

Нейкі час яны толькі маўчалі і папівалі тонік зь ядлаўцоўкай і джынам.

— Неяк дзіўна, — раптам рэзка прамовіў Ладзя, — я ведаю, што яна не існуе, і ўсё адно мне здаецца жорсткім вось так проста дазволіць Зузанцы памерці… Нават калі яна і не існуе.

Ад паху ігліцы іх ужо цягнула на ваніты, таму сябры замовілі чырвонага віна.

— Ну, за Каляды! — узьняў Ладзя келіх.

— За Каляды! — падтрымаў тост Гонза.

— А што калі проста сказаць, што яна куды‑небудзь зьехала… — амаль загаласіў Ладзя. — Не абавязкова ж ёй адразу паміраць. Мне гэта не падабаецца… І гэты падарунак для яе мне падаецца нейкім брутальным…

— Ты ведаеш, колькі я ўжо ваджу маці за нос?! — гучна прашаптаў Гонза, і ў ягоных вачах раптам зьявіўся адчай. — Я ўжо больш не магу! Увесь час толькі й чую: дык калі ты яе нарэшце прывядзеш? час табе ўжо, хлопча, пасталець! ня думай, што мне ня хочацца ўнукаў! — увесь час адно і тое ж… А што я магу зрабіць, трасца!?

— Прынясіце яшчэ па адным… — кінуў Ладзя афіцыянту, а потым задуменна дадаў:

— Слухай, а мо пакінем Зузанку ў жывых? Ты мне дапамог з падарункам, дык цяпер дапамагу я табе?

— Гэта як, цікава?!

— Я б яе мог у цябе адбіць!

— Ну, не! — выгукнуў Гонза і нахіліўся наперад так рэзка, што ледзь не перакуліў келіх зь віном. — Што‑што, а гэта — не, бляха!

— Ты чаго?! — жахнуўся Ладзя. — Ніякай жа Зузанкі ўсё адно няма! І я хацеў як лепш… — дадаў ён.

— Як лепш… як лепш… — мармытаў Гонза і ўзлавана глядзеў у стол. — Хочаш, каб я прыйшоў дадому і сказаў: дарагая мамуля, маю Зузанку зьвёў мой найлепшы дружбак Ладзя, і я ўжо, відаць, да самай сьмерці буду адзін… Ня будзе ў вас ніякіх унукаў. Унукі будуць у Ладзі, дакладней, бляха, у ягонай маці. А ў вас дома будзе як максымум стары кавалер, які, можа быць, завядзе сабе з часам сіямскую котку…

— Ты як малы… — уздыхнуў Ладзя. — Гэта тое самае, што спрачацца, ці існуе Божае дзіцятка. Можаш сабе ў яго верыць, гэта твая справа, але калі ты будзеш верыць і ў Зузанку, дык з табой, хлопча, усё ясна! Гэта ўжо патыхае Богніцамі4!

— Паўтарыце нам яшчэ раз! — махнулі яны адначасова афіцыянту.

— Я толькі не хацеў бы, каб яна памерла… Неяк фальшыва было б так яе пазбавіцца…

Гонза маўчаў.

— Або разыдзіся зь ёй ты! Скажы маці, што яна не хацела дзяцей, бо яны былі б перашкодай у ейнай ка¬р’еры… Ці нешта ў такім духу…

— Я ведаю… Яе пераедзе машына… — цьвёрда абвесьціў Гонза. — Ад яе застанецца адно мокрае месца!

— Ну ты й сьвіньня! — сказаў Ладзя абурана. — Ты самая натуральная бяздушная сьвіньня!

— Асьцярожней у выразах! — працадзіў Гонза скрозь зубы. — Раіў бы табе ўзважваць кожнае слова!

— Ты ўжо, здаецца, добра ўпіўся… Гэта ня мае сэнсу, — з агідай махнуў Ладзя рукой.

— Вясёлых Калядаў!!! — крыкнуў Гонза гістэрычным фальцэтам і ляснуў аб стол грашыма. — Вельмі вясёлых Калядаў табе жадаю! І не забудзься, бляха, падарунак!!! — прамычаў ён ад дзьвярэй. Увесь шынок на яго зьдзіўлена азірнуўся.

Ладзя прыцягнуўся дахаты якраз перад вячэрай. Прыняў душ, прамыў вочы борнай вадой і апрануў чыстую кашулю. Яшчэ раз уважліва агледзеў пакуначак ад Гонзы, а потым на абгортцы зялёным флямастарам намаляваў яловую галінку, над якой напісаў: «Матулі ад Зузаны».

— Якое на мяне сёлета шчасьце звалілася! Я ўжо думала, што гэтай хвіліны ніколі не дачакаюся! Ах ты сакрэтнік! Ладзя, а калі ты яе прывядзеш паказаць? — спытала ў яго маці, прыбіраючы са стала сьвяточную парцаляну.

— Ня ўсё так проста… — прамовіў ён сур’ёзным тонам і даліў сабе ў шклянку віна да самага краю. — Разумееш, Зузка зараз крыху прыхварэла…

* Паводле традыцыйных чэскіх калядных вераваньняў, узнагародай для тых, хто на Шчодры дзень ад самага ранку нічога ня еў, бывае зьяўленьне залатога парасятка.

** Функцыі Дзеда Мароза ў Чэхіі выконвае Божае дзіцятка (Ježнšek).

*** Вялікі гандлёвы дом у Празе.

**** Клініка для псыхічна хворых.

Друкуецца з ласкавай згоды аўтара і выдаўца.

З чэскай мовы паводле Petr Šabach: Svatvečer, in: Štastnė a veselė, Listen, Jihlava 2006 пераклаў Сяргей Сматрычэнка

***

Пэтар Шабах

нар. у 1951 у Празе. Аўтар каля дзесяці пасьпяховых кніг (напр., «Як патапіць Аўстралію», «Гаўно гарыць», «П’яныя бананы», «Бабулі»). Паводле некаторых зь іх былі зьнятыя мастацкія фільмы. Шабах сваёй творчасьцю працягвае традыцыю чэскай гумарыстычнай літаратуры, закладзеную Яраславам Гашакам і разьвітую Каралам Палачакам і Ёзэфам Шкворацкім.

Глядзі іншыя апавяданьні з каляднае падборкі
Аляксей Бацюкоў. Хто сьмяяўся апошнім
Сьвятлана Курс. Новы год з Толікам і Колікам
Тацяна Барысік. Маленства пад горку кацілася
Аляксандар Апон. Каўбаса лівэрная, палепшанай якасьці
Рэйманд Карвэр. Відашукальнік
Уладзімер Лялькоў. Лёсы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0