Прадпрымальнікі спрабавалі прайсьці да Адміністрацыі прэзыдэнта, а пасьля дэманстравалі на праспэкце і перакрылі рух на плошчы Незалежнасьці. Колькасьць пратэстоўцаў дасягала 5000 чалавек. Прадпрымальніцкія лідэры заклікалі на наступную акцыю а 12-й гадзіне 21 студзеня. Акцыя прадпрымальнікаў на мапе Google'а .

Фотарэпартаж Юліі Дарашкевіч

Фотарэпартаж Андрэя Лянкевіча

Акцыя за адмену ўказу Лукашэнкі №760, які забараняе прадпрымальнікам мець наёмных рабочых, пачалася а 12 гадзіне на Кастрычніцкай плошчы. На пляцы перад незадоўга перад мітынгам быў заліты каток, дзе праходзілі нейкія гуляньні для школьнікаў пад эгідай БРСМ. Коўзанка займала большую частку плошчы, таму мітынгоўцам было цеснавата.

Ні Кастрычніцкая, ні подступы да яе не былі перакрытыя міліцыяй і АМОНам і колькасьць удзельнікаў увесь час расла. Хвілін празь пятнаццаць пад’ехала машына з гукаўзмацняльнай тэхнікай. Людзей пачалі заклікаць разыходзіцца, у адваротным выпадку абяцалі прымяніць фізычную сілу.

Празь нейкі час была агучаная прапанова ўладаў, што чацьвёра-пяцёра прадпрымальнікаў могуць пайсьці ў Адміністрацыю прэзыдэнта на перамовы. Было вырашана, што парлямэнтарамі выступяць Анатоль Шумчанка і яшчэ некалькі прадпрымальнікаў, астатнія ўдзельнікі мітынгу будуць чакаць вынікаў на Плошчы.

Падцягнуліся палітыкі: Аляксандар Мілінкевіч, Мікола Статкевіч, Анатоль Лябедзька, Алесь Міхалевіч. З мэгафонам выступалі Алесь Таўстыка і Сяргей Парсюкевіч зь Віцебску, які заклікалі прысутных не разыходзіцца. Мілінкевіч заявіў, што ўлады імкнуцца «зьнішчыць прадпрымальнікаў як клас», заклікаў ня верыць абяцаньням уладаў і ня даць сябе раскалоць, захоўваць салідарнасьць.

Прыкладна а 13:40 частка ўдзельнікаў акцыі вырашыла, што перамовы зацягваюцца. Яны прапанавалі таксама пайсьці ў бок Адміністрацыі. Мітынгоўцы пайшлі праз праезную частку праспэкту, на нейкі час паралізаваўшы рух транспарту. Недалёка ад тэатру імя Янкі Купалы дэманстрантаў сустрэлі шэрагі АМОНу, якія перагарадзілі дарогу. Прарываць кардоны міліцыі ніхто не зьбіраўся, таму ў хуткім часе калёна рушыла па праспэкце ўбок плошчы Незалежнасьці. Частка людзей, не зважаючы на папярэджаньні супрацоўнікаў ДПС, рушыла праезнай часткай, зноў часткова перакрыўшы рух. Тым часам міліцыя папярэдзіла Аляксандра Мілінкевіча аб магчымай крымінальнай адказнасьці за правядзеньне акцыі.

Адной з характэрных асаблівасьцяў акцыі 10 студзеня стала амаль поўная адсутнасьць сьцягоў, расьцяжак, транспарантаў. Большасьць удзельнікаў склалі людзі, якія ня ходзяць на мітынгі апазыцыі. Шмат хто далучаўся да калёны, калі яна ішла па праспэкце. Папераменна гукалі: “Работа” і “Свабода”. Некаторыя ўдзельнікі сьмяяліся: «Каму чаго не хапае».

Ужо на плошчы Незалежнасьці зьявілася навіна, што перамовы Анатоля Шумчанкі з загадчыцай галоўнага эканамічнага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта Інай Мядзьведзевай нічым ня скончыліся. Чыноўніца толькі паабяцала перадаць патрабаваньні прадпрымальнікаў кіраўніку Адміністрацыі прэзыдэнта Генадзю Нявыгласу, які ўжо рапартуе Лукашэнку. Разам з тым, дала зразумець, што ніхто ўказ адмяняць не зьбіраецца.

АМОН перакрыў падыходы да Дому ўраду. Тады акцыя і дасягнула найбольшай колькасьці ўдзельнікаў. Прыкладна шэсьць тысяч чалавек занялі плошчу Незалежнасьці. Алесь Таўстыка выступіў перад людзьмі зь імправізаванай сцэны — ліхтарні. Таўстыка сказаў, што гатовы зараз ісьці на перамовы да Сідорскага. Людзі пачалі дружна гукаць: «Сідорскі! Сідорскі!» Але празь нейкі час стала зразумела, што ніхто з ураду да прадпрымальнікаў ня спусьціцца.

Але людзі не былі настроеныя на тое, каб разыходзіцца. Як сказала адна жанчына з Бабруйску: “Колькі можна езьдзіць у Менск на мітынгі? Нешта трэба вырашаць ужо сёньня”. Тады і пачуліся прапановы перакрываць праспэкт, да той пары пакуль на перамовы ня выйдзе хто-небудзь з ураду.

Міліцыя ня стала замінаць людзям выйсьці на праспэкт. У выніку перакрываньня ўтварыўся досыць вялікі затор з машын і аўтобуса. Калі адна з «сотак» спрабавала праехаць, яе абкружылі з усіх бакоў людзі. Нехта самы адчайны нават залез на дах аўтобусу зь бел-чырвона-белым сьцягам. Шмат хто тады ўзгадаў пра падзеі на Плошчы.

Прыкладна а 17-й гадзіне байцы АМОНу выціснулі мітынгоўцаў з праспэкту, але нікога не затрымлівалі. Нават пасьля гэтага частка людзей не накіравалася дадому, а рушыла ўбок Кастрычніцкай плошчы. Там і адбыліся затрыманьні. Вядома, што сярод двух дзясяткаў затрыманых і лідэр РГА «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка. Яшчэ раней затрымалі Ўладзімера Шылу з Салігорску, Анатоля Лябедзьку. Па дарозе на акцыю затрымалі пад рознымі прэтэкстамі дзясятак прадпрымальнікаў у рэгіёнах.

Пагражаючы ўжыць сілу, намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня ўнутраных спраў Менгарвыканкаму Аляксандар Найдзенка паведаміў, што па факце несанкцыянаваных вулічных маніфэстацыяў распачатая крымінальная справа.

Да моманту разгону пікету лідэры прадпрымальніцкага руху пасьпелі вырашыць, што наступная акцыя пройдзе 21 студзеня а 12.00. Амаль ніхто не чакаў, што акцыя 10 студзеня будзе настолькі масавай і рашучай і што да прадпрымальнікаў, якія складалі толькі частку ўдзельнікаў акцыі далучыцца столькі актывістаў апазыцыі і проста людзей на вуліцах.

Зьміцер Панкавец

* * *

Хроніка падзеяў

17.59 Затрыманы Анатоль Шумчанка.

17.40 Пачаліся масавыя затрыманьні найбольш актыўных удзельнікаў несанкцыянаванай акцыі пратэсту індывідуальных прадпрымальнікаў. Гэта адбываецца на скрыжаваньні праспэкту і вуліцы Энгельса. Сюды людзі дайшлі сюды з плошчы Незалежнасьці. У раёне Кастрычніцкай плошчы цяпер знаходзіцца вялікая колькасьць аўтобусаў і аўтамашын зь міліцыянтамі. У той жа час некалькі соцень чалавек застаюцца на Кастрычніцкай, іх пакуль не чапаюць.

16.48 АМАП выцясьніў усіх з праезжай часткі, рух транспарту адноўлены.

16.45 Па факце "масавых беспарадкаў" 10 студзеня у Менску распачата крымінальная справа. Пра гэта ўдзельнікам стыхійнага мітынгу прадпрымальнікаў на плошчы Незалежнасьці паведамляў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама Аляксандр Найдзенка, паведамляе БелаПАН. Спасылаючыся на гэта, ён патрабаваў, каб яны разышліся.

16.40 Прадпрымальніцкія лідэры заклікалі правесьці наступную акцыю пратэсту а 12-й гадзіне 21 студзеня.

16.35 Прадпрымальнікі прынялі рашэньне стаяць на плошчы да 17 гадзінаў. Яны абмяркоўваюць новыя акцыі пратэсту.

16.30 Нейкі хлопец ускараскаўся на аўтобус № 100 і махае бел-чырвона-белым і менскім сьцягамі.

16.20 На плошчы засталіся каля 1000 чалавек, але ўсё роўна блякуюць рух транспарту. Некалькі аўтобусаў маршруту №100 паспрабавалі прарвацца цераз плошчу, але іх не пусьцілі. Міліцыя ёсьць, але супрацоўнікаў ДАІ амаль няма.

15:42 Людзі працягваюць стаяць на Плошчы Незалежнасьці. Тым часам затрыманы салігорскі прадпрымальнік Уладзімер Шыла. Яго затрымалі ў той момант, калі ён кіраваўся ў бок Чыгуначнага вакзалу. Цяпер яго вязуць у Маскоўскі РУУС: "Стопрацэнтна дадуць суткі", — сказаў ён на разьвітаньне журналістам.

Машыны сталі аб'яжджаць Плошчу Незалежнасьці, але на ёй шмат аўтобусаў: № 100, № 1.

15:25 Праспэкт па-ранейшаму перакрыты, людзі разыходзіцца не зьбіраюцца. Міліцыя нарэшце стала настойліва раіць разыходзіцца. Што характэрна для гэтай акцыі, сьцягоў ня шмат. Ёсьць бел-чырвона-белыя, АГП, эўразьвязаўскія і Менску

15:17 Прадпрымальнікі зноў перакрылі праспэкт недалёк ад уваходу ў станцыі мэтро "Плошча Незалежнасьці". Рух заблякаваны. Зьбіраюцца стаяць, пакуль хто-небудзь да іх ня выйдзе.

15:11 Людзі працягваюць стаяць пад Домам ураду. Ніхто да іх ня выйшаў. Пакуль няма адназначнага рашэньня, што рабіць. Частка прадпрымальнікаў разыходзіцца, іншыя прапануюць зноў перакрыць праспэкт да таго часу, пакуль да іх выйдзе кіраўніцтва ўраду.

15.01 Таўстыку да Сідорскага не пусьцілі. Сказалі: чакайце, нехта да Вас выйдзе. Тым часам перамовы Шумчанкі ў Адміністрацыі прэзыдэнта праваліліся. Загадчыца галоўнага эканамічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзыдэнта Іна Мядзьведзева сказала, што патрабаваньні прадпрымальнікаў будуць перададзеныя кіраўніку Адміністрацыі, а Г. Нявыглас праінфармуе пра гэта прэзыдэнта. Таксама яна заявіла, што адмяняць указ № 760 ніхто не зьбіраецца.

14.54 Перад прысутнымі выступіў Алесь Таўстыка, ён прамаўляў з імправізаванай сцэны (ліхтарня з прыступкамі), ён сказаў, што зараз пойдзе да Сідорскага, дзе будзе патрабаваць адмены ня толькі указу №760, але і будзе ўзьнімаць палітычныя патрабаваньні: 12 патрабаваньняў Эўрасаюзу.

14.42 Плошча цалкам запоўнена людзьмі. Гукаюць: «Работа», «Сідорскі, выходзь!»

14:38 Прадпрымальнікі ўжо на Плошчы Незалежнасьці, падыходзяць на галоўнага корпусу БДУ. Людзі кіруюцца да Дому Ўраду. АМАПаўцы бягуць да прыступак Дому ўраду. Праспэкт па ранейшаму перакрыты людзьмі, якія настроеныя рашуча.

14.25. Калёна ля КДБ. Частка людзей ідзе па праезнай частцы. Колькасьць удзельнікаў істотна павялічылася і дасягнула цяпер 4-5 тысяч чалавек. Рух па правым баку праспэкта адкрыты для машын.

14.18 Маніфэстанты ідуць да плошчы Незалежнасьці . Пераважна ходнікамі. Міліцыя папярэдзіла пра крымінальную адказнасьць за арганізацыю мітынгу Аляксандра Мілінкевіча.

14.15 Удзельнікі акцыі рушылі ў бок плошчы Незалежнасьці.

14.14 Людзі стаяць на праспэкце, на праезнай частцы. Іх папярэджваюць з дынамікаў пра магчымасьць ужыцьця сілы, калі тыя за 10 хвілін не рызыдуцца. Шмат АМАПу. Зьявіліся аўтазакі.

14.05 На праспэкце і вуліцы Энгельса перакрыты машынны рух. АМАП перагарадзіў праход на вуліцу Энгельса.

14.02 Лякальныя сутычкі з даішнікамі і амонаўцамі. Пад'яжджаюць міліцэйскія машыны. Па той бок праспэкту людзі спыніліся й не ідуць далей за Купалаўскі тэатар.

13.57 Людзі выйшлі на праспэкт. Перакрылі праспэкт. Галава калёны ля Купалаўскага тэатру.

13.50 Прадпрымальнікі вырашылі ісьці да Адміністрацыі прэзыдэнта й кіруюцца да вуліцы Энгельса.

13.30 Анатоль Шумчанка і прадпрымальнік са Слуцку, імя якога з прысутных ніхто ня здолеў назваць, пайшлі ў Адміністрацыі прэзыдэнта на перамовы да спн. Мядзьведзевай. Перамоўшчыкі сказалі, што калі праз 15 хвілін ня выйдуць, удзельнікі акцыі будуць самі вырашаць, што рабіць далей.

Стала вядома, што па дарозе да акцыі затрыманы Аляксандар Макаеў разам з сынам.

13.20 Людзі патроху разыходзяцца. Той, хто застаўся — каля тысячы чалавек — ратуюцца хто ад сьнегу на прыступках Палацу рэспублікі, хто ад холаду на коўзанцы ды з каваю-гарбатаю ў руках. Чакаюць выніку перамоў.

13.15 Распачаўся імправізаваны мітынг. Сярод іншых выступіў А. Мілінкевіч. Ён заявіў, што ўлады імкнуцца «зьнішчыць прадпрымальнікаў як клас», заклікаў ня верыць абяцаньням уладаў і ня даць сябе раскалоць, захоўваць салідарнасьць.

12.55 Радыё «Свабода» перадае з Магілёва: каля 500 чалавек сабраліся там на цэнтральнай плошчы гораду. Charter97.org ацэньвае, што колькасьць пратэстоўцаў у цэнтры сталіцы дасягнула 2500 чалавек. Група перамоўшчыкаў дайшла да Дому афіцэраў. Да прадпрымальнікаў выйшаў прадстаўнік службы аховы Адміністрацыі прэзыдэнта і паабяцаў, што хутка выйдзе супрацоўнік аддзелу па прыёму грамадзянаў. У сквэры знаходзяцца некалькі аўтазакаў, каля будынку адміністрацыі – узмоцненая ахова.

12.50 На плошчы прыблізна паўтары тысячы чалавек. Зьявілася інфармацыя, што дарогай затрымалі прадпрымальніцкіх лідэраў Аляксандра Цацуру і Віктара Гарбочова. Удзельнікі акцыі трымаюць лёзунгі з даволі калючым зьместам, як напрыклад: «Хочам жыць па законах, а не па ўказах!», «Бацька, ты сынкоў сваіх працаўладкаваў, а мы сваіх прадаўцоў выгналі, як сабак на вуліцу!»

12.30 У адміністрацыю ідуць Анатоль Шумчанка, Карэн Акопаў, Мікалай Рамашын. Мяркуецца, што перамовы зоймуць каля 20 хвілін. Алесь Таўстыка заклікаў у выпадку, калі перамовы не дадуць выніку, ісьці на плошчу Незалежнасьці.

12.25 Раптам усю увагу сабраных пераключыў на сябе аўтамабіль з гукаўзмацняльнай апаратурай: Адтуль данеслася: «Шэсьце да адміністрацыі прэзыдэнта забароненае. Просім вызначыць 4‑5 чалавек, якія будуць адпраўленыя ў Адміністрацыю прэзыдэнта на перамовы»

12.20 На плошчы сабралося каля 1000 чалавек. Вельмі цесна. Пад’ехала машына з гукаўзмацняльнікам, папярэджвае пра адказнасьць за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Прыйшлі Сяргей Калякін, Аляксандар Мілінкевіч, Алесь Міхалевіч, Мікола Статкевіч, Алесь Таўстыка. Вельмі цесна. Узьнятыя сьцягі АГП, Маладых дэмакратаў, вялікі бел-чырвона-белы.

12.05 Людзі падыходзяць. Сабралося ўжо ля паўтысячы чалавек, але й такой колькасьці цеснавата на свабодным ад коўзанкі месцы. Прысутнічаюць Анатоль Шумчанка, Анатоль Лябедзька.

11.55 Перад пачаткам сустрэчы прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы сабралася каля 200 чалавек.

Плошча адкрытая, працуе коўзанка, праходзіць нейкае забаўляльнае мерапрыемства з удзелам маладзёнаў з бээрэсэмаўскімі значкамі. Міліцыі няшмат.

Акцыя прадпрымальнікаў на мапе Google'а

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0