16 студзеня пасля цяжкай і працяглай хваробы ва ўзросце 60 гадоў памерла журналістка Ірына Сакалова. Пра гэта БелаПАН паведаміў намеснік старшыні грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ) Андрэй Бастунец.

Ірына Сакалова была галоўным рэдактарам газет «Фемида» і «Фемида‑Nova», а таксама часопіса «Медиа‑Эксперт», які выдаваўся БАЖ сумесна з расійскім Цэнтрам экстрэмальнай журналістыкі. Акрамя таго, яна была актыўным членам БАЖ і камісіі па этыцы, якая дзейнічае ў рамках асацыяцыі.

«У 1997 годзе я прыйшоў у газету «Фемида‑Nova», і чатыры гады, да спынення выхаду выдання, мы працавалі разам. Потым, калі выданне спыніла выхад, мы працягвалі сябраваць. Пасля знаёмства з Ірынай я зразумеў: добрых людзей менш, чым хацелася б, але больш, чым здаецца, — сказаў А.Бастунец. — У яе было вельмі шмат захворванняў, якія наслаіваліся адно на адно. Летась ёй ампутавалі нагу, і ўжо тады ўрачы казалі, што ўсе ідзе да канца. Але яна яшчэ доўга трымалася».

Пахаванне Ірыны Сакаловай адбудзецца, як мяркуецца, 19 студзеня.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0