Сухарта

Колішні прэзыдэнт Інданэзіі Сухарта сканаў нядзеляй у веку 86 гадоў і быў урачыста пахаваны ў сямейным маўзалеі побач з горадам Сола (Суракарта) ў цэнтральнай частцы вострава Ява.

Цырымоніяй кіраваў цяперашні прэзыдэнт краіны Сусіла Бамбанг Юдаёна (Susilo Bambang Yudhoyono).

«Мы аддаём ягонае цела і ягоныя добрыя справы роднай зямлі, — скзаў прэзыдэнт Юдаёна. — Ягоная служба — прыклад для ўсіх нас».

На паховінах таксама прысутнічалі лідэры і прадстаўнікі розных краін рэгіёну, у тым ліку прэзыдэнт Усходняга Тымору , акупаванага Інданэзіяй у часы кіраваньня Сухарты.

У Інданэзіі Сухарта — неадназначная постаць. З аднаго боку, пры ім краіна вырвалася зь беднасьці. Зь іншага, крытыкі ягонага рэжыму лічаць прэзыдэнта асабіста адказным за жыцьці тысячаў людзей.

Генэрал Сухарта захапіў уладу ў Інданэзіі ў 1965 годзе, зрынуўшы з паста прэзыдэнта Сукарна, аднаго з заснавальнікаў Нацыянальнай партыі Інданэзіі.

Сухарта ўсталяваў у краіне жорсткае аўтарытарнае кіраваньне, але разам з тым прыцягваў тэхнакратаў да кіраваньня эканомікай, у чым дасягнуў немалога посьпеху.

У той жа час, пранікненьне вайскоўцаў ва ўсе сфэры палітыкі і ўсе ўзроўні кіраваньня, аж да сельскіх абшчын, уяўляла спрыяльную глебу для карупцыі.

Грандыёзныя міграцыйныя праграмы Сухарты, у імя якіх мноства безьзямельных сялян было пераселена зь Явы ў іншыя раёны краіны, спрыяла ўзьнікненьню рэгіянальных канфліктаў. Тысячы мірных жыхароў загінулі падчас ваенных апэрацый у правінцыях Ачэх і Папуа ва Ўсходнім Тыморы, які інданэзійскія войскі акупавалі ў 1975 годзе.

Сухарта быў вымушаны пакінуць свой пост у выніку народных хваляваньняў у 1998 годзе.

Супраць былога правіцеля былі выстаўленыя абвінавачаньні ў карупцыі ды масавых парушэньнях правоў чалавека й дэмакратычных свабод. Аднак, у рэшце рэшт, ад крымінальнага перасьледу давялося адмовіцца з‑за цяжкой хваробы адказьніка, які так ні разу і не зьявіўся ані на сьледзтве, ані ў залі суду.

Працягваліся толькі слуханьні па грамадзянскім зыску пра крадзеж у недзяржаўных дабрачынных фондах на агульную суму 11,5 трыльёнаў інданэзійскіх рупій (больш за 1,2 мільярда даляраў).

Старэйшая дачка Сухарты са сьлязьмі на вачах зьвярнулася да народу Інданэзіі з просьбай дараваць ейнаму бацьку за «памылкі», дапушчаныя ў гады кіраваньня краінай.

Паводле: Русская служба Би-би-си

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0