poster Шчыт Айчыны (Щит отечества)
Беларусь, 2007, каляровы.
Рэжысэр: Дзяніс Скварцоў
Ролі выконваюць: Аляксей Сянчыла, Анатоль Кот, Вэраніка Пляшкевіч, Тацяна Каліх, Зьміцер Пустыльнік, Мікалай Кірычэнка, Сьвятлана Кажамякіна
Жанр: Шпегаўская драма
Адзнака: 3 (з 10)

«Ірак, 1991. Югаславія, 1999» — сцэны вайны. Разбамбаваныя і расстраляныя абаронцы церпяць паразу.

Расейскі палігон. Паседжаньне сакратарыяту абароны, старшыня якога чамусьці нагадвае расейскага прэм’ера Міхаіла Фрадкова. Генэрал гаворыць пра сакрэтную праграму «Шчыт Айчыны». Адылі дзеяньне разгортваецца ў Беларусі.

Таленавіты лейтэнант Аляксей Стрыжаў запрошаны на працу ў сакрэтны інстытут, дзе знаёміцца зь пекнай дачкой дырэктара. Але прадажны агент (Анатоль Кот) спрабуе выкрасьці дзяржаўныя таямніцы і сапсаваць маладым заручыны…

Рэжысэр Дзяніс Скварцоў, калі навучаўся ў Акадэміі мастацтваў, рабіў цікавую анімацыю, зьдзіўляў мантажом і ракурсамі ў дыплёмнай карціне «Ліка. Дзембельская байка».

Новы фільм Дзяніса Скварцова — дзіўнае спалучэньне сталінскага сюжэту, брэжнеўскай вяласьці і лукашэнкаўскага глямуру.

У 1930-я заходнія шпегі былі гітом на судовых працэсах; кінаэкран палохаў атрутнікамі, забойцамі і выкрадальнікамі «партыйных білетаў». У 1970-я імпэт сьцішыўся, але ідэалягічныя ворагі ў шапку ня спалі і дабіраліся нават да «Дыямантавае рукі».

«Шчыт Айчыны» — бляклая копія старой канфрантацыі. «Агент» Анатоль Кот і «гэбіст» Алег Гарбуз спрабуюць стварыць характары, але канфлікты фільму сьпісаныя з вайсковых статутаў, сюжэт рассыпаецца. Нікому не патрэбныя аўтагонкі, крышачку сэксу, шпегаўская сходка ў Траецкім перадмесьці (!) — і адсутнасьць чалавечых пачуцьцяў.

«Шчыт Айчыны» спрабуе ўвасобіць «дзяржаўную ідэалёгію» на сучасным матэрыяле. Галоўным мітам рэжыму да нядаўняга часу была вайна. Але сьведкі і героі яе сыходзяць. Трэба шукаць новыя падваліны. «Шчыт Айчыны» — як абвяшчаюць у канцы фільму — гэта дзесяць мільёнаў беларусаў, патрыятычна адданых (вядома каму), правільных.

Сьцьверджаньне завісае ў паветры, канвульсуе гістэрычнай чырвона-зялёнай гамай. Самалёты-зьнішчальнікі й гелікоптэры, пафарбаваныя ў карэктныя камуністычна-ісламскія колеры; гераіня страляе ў ціры ў чырвонай саколцы; зялёнае і арнамэнт на афармленьні.

Лёгкі лукашэнкаўскі глямур: дарагія аўто, шыкоўныя сукенкі (набор колераў той жа), мадэлькі подыюму — як прызы для пераможца і пазнака «стабільнай квітнеючай Беларусі».

Сталінская ідэйнасьць разбэшчаная спажывецкім азартам. Рэстараны, раскошныя пакоі агента, багатыя вайскоўцы…

Выбух самалёта, некалькі кампутарных заставак і надпісаў мусяць апраўдаць грошы, укладзеныя ў кіно, але тых эфэктаў для поўнамэтражнай стужкі замала.

Стваральнікі фільму ня вераць ва ўласную «выхаваўчую» місію, але галачку ставіць трэба.

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?