Уладзімер Здановіч

Дэпутат Здановіч: Пасьля прыняцьця закону «Наша Ніва» і «Arche» павінны будуць кіравацца зацьверджанымі правіламі.

Дэпутаты падрыхтавалі законапраект «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» да разгляду ў другім чытанні. Аб гэтым у інтэрв’ю БелаПАН паведаміў старшыня камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова‑тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Здановіч.

«26 лютага мы завяршылі поўнасцю работу над падрыхтоўкай законапраекта да другога чытання. 28 лютага ён будзе раздрукаваны і раздадзены членам рабочай групы, каб яны выверылі кожнае слова і коску, правялі рэдакцыйнае выпраўленне. З такім улікам, каб 4 сакавіка законапраект быў накіраваны на ўзгадненне ў Савет міністраў», — зазначыў У.Здановіч.

Паводле яго слоў, «у законапраекце адбылося адно істотнае змяненне». «Раней трэці пункт праекта закона гаварыў: «Дзяржаўныя органы, грамадскія аб’яднанні, арганізацыі, а таксама грамадзяне Рэспублікі Беларусь пры выкарыстанні беларускай мовы ў афіцыйных зносінах павінны кіравацца правіламі арфаграфіі і пунктуацыі». Пасля пасяджэння камісіі большасць дэпутатаў зрабіла выснову, што з гэтай нормы неабходна выключыць словы «ў афіцыйных зносінах». Атрымліваецца, што ўсе ва ўсіх выпадках пры карыстанні беларускай мовай павінны кіравацца прынятымі правіламі», — паведаміў старшыня парламенцкай камісіі.

«Мы прыйшлі да высновы, што складана падзяліць афіцыйнае і неафіцыйнае ўжыванне. Гэта тонкія паняцці, паміж імі дакладнага размежавання няма. Па‑другое, калі будуць карыстацца беларускай мовай, улічваючы правілы, то гэта будзе азначаць, што пашыраецца сфера ўжывання нарматыўнай беларускай мовы», — лічыць дэпутат.

У.Здановіч паведаміў, што «ніхто людзей караць за няправільна сказанае слова не будзе». «Але калі, напрыклад, рыхтуеш рэкламу (гэта не зусім афіцыйнае ўжыванне), то трэба карыстацца правіламі. Газеты таксама будуць абавязаныя карыстацца беларускай мовай. Магу выказаць ім толькі спачуванне. Ёсць два выданні («Наша ніва» і «Arche»), якія выкарыстоўваюць «тарашкевіцу», але пасля набыцця моцы законам яны павінны будуць кіравацца зацверджанымі правіламі», — сказаў ён.

Дэпутат таксама паведаміў, што плануецца распрацоўка закона аб інтэрнеце. «Думаю, новыя правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі нейкім чынам будуць распаўсюджвацца і на інтэрнет», — зазначыў ён.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0