Напярэдадні Вялікадня ў Міністэрстве жыльлёва‑камунальнай гаспадаркі адбылася прэс‑канфэрэнцыя, на якой былі агучаныя ідэі, што перадвызначаць на бліжэйшыя паўстагодзьдзя аблічча нашых гарадоў.

Рашэньне, якога чакалі гадамі, прынятае. Сярод іншага, загадчык упраўленьня жыльлёвае гаспадаркі гэтага міністэрства Эдмунд Грышкевіч згадаў пра тое, што стандартныя дамы 1960‑х гадоў пабудовы ў краіне будуць ня зносіць, а рэканструяваць.

Нацыянальныя адметнасьці любой архітэктурнай школы вызначаюцца трыма асноўнымі прыкметамі: а) адпаведнасьцю прыродна‑кліматычным умовам; в) увасабленьнем рэальных вытворчых магчымасьцяў; с) зьместам, што фармуецца паноўнай ідэалёгіяй.

Самым яркім увасабленьнем гэтае трыяды паўсюдна ёсьць масавае жыльлё, спраўджаныя стагодзьдзямі прыёмы народнага дойлідзтва, прыдатныя да вельмі канкрэтнага ладу жыцьця.

Тое самае справядліва й у дачыненьні да самых значных шэдэўраў усіх эпохаў: ці тое гатычныя саборы, ці тое амэрыканскія хмарачосы. Нават найбуйнейшы гмах нашае плянэты, Petronas Twin Towers у сталіцы Малайзіі, увасобіўшы ў сабе ісламскі прынцып «цэльнасьць — гэта зьнітаванае адзінства, гармонія, стабільнасьць і рацыяналізацыя», стаў перадусім сымбалем тэхналягічных і фінансавых магчымасьцяў. Ідэйны ж зьмест самых высокіх будынкаў сьвету быў вызначаны як узьвялічваньне мусульманскага Ўсходу, а таму дызайн плянаў Petronas Twin Towers заснаваны на простых геамэтрычных формах, што ўтвараюць у сячэньні васьміканцовую зорку. Дый паводле свайго абрысу яны выклікаюць асацыяцыю з клясычнымі мінарэтамі.

У гэтым сэнсе брыльянт Нацыянальнае бібліятэкі аніяк не навязваецца ні да якое традыцыі й не нясе аніякага народнага ці рэлігійнага падтэксту. Але, апроч таго, ён тэхналягічна не разьлічаны на рэаліі нашага клімату, бо мае завялікую ветразьнасьць, непрыдатны для доўгатрывалае эксплюатацыі праз суцэльнае зашкленьне, што ўзімку трэба чысьціць ад сьнегу, а ўлетку абараняць ад сьпёкі й кандэнсату. Яго эксплюатацыя праз высокія выдаткі на мусовую вэнтыляцыю, ачыстку шкляных граняў відавочна не адпаведная фінансавым магчымасьцям і прыродным умовам Беларусі. Але і без таго, пастаўлены на самым краі гораду, ён гэтак і ня стане сымбалем нашае архітэктуры ў агляднай пэрспэктыве. Хоць помнікам паноўнае ідэалёгіі застанецца.

А вось жа сапраўдным сымбалем Менску й іншых гарадоў краіны неўзабаве стануць… хрушчоўкі, ці, карэктней кажучы, дамы масавае забудовы ўзору 1960‑х.

Днямі ў Менгарвыканкаме было прынятае эпахальнае рашэньне такія дамы ня зносіць, а мадэрнізаваць. Усяго такіх дамоў‑»шасьцідзясятнікаў», што патрапяць у праграму рэканструцкцыі, у Менску больш за тысячу, а па ўсёй краіне — больш за дзьве з паловаю тысячы… Прытым людзей зь іх ня будуць ставіць у агульную чаргу на жыльлё, усе застануцца на сваіх «мэтрах»… Будуць праведзеныя капітальныя рамонты, цеплавая мадэрнізацыя, надбудаваныя паверхі і мансарды. Такім чынам гэтыя будынкі будуць, нарэшце, прытарнаваныя да першага прынцыпу нацыянальнае адметнасьці — адпаведнасьці ляндшафтна‑кліматычным умовам, чаму раней яны, са сваімі тонкімі сьценкамі й пляскатымі дахамі, непрадуманай сыстэмаю сьцёку ападкаў, не адпавядалі. Патрэба ў такім рашэньні, што была даведзеная да найвышэйшага кіраўніцтва РБ, адпавядае цалкам і фінансавым магчымасьцям, і ўзроўню тэхналягічнага разьвіцьця нашага будаўніцтва.

Зносіць іх, у агляднай пэрспэктыве, у нашай краіне, магчымасьцяў няма… Што выразна сьведчыць пра стан беларускай гаспадаркі. Дзеля таго, каб зьнесьці 25 млн квадратных мэтраў старога жыльлёвага фонду, спатрэбіцца ад шасьці да васьмі мільярдаў даляраў. Прытым на новае жыльлё, паводле падлікаў дзяржаўных камунальшчыкаў і будаўнікоў, што мусіць быць узьведзенае на месцы «хрушчовак», спатрэбіцца яшчэ блізу 14 мільярдаў даляраў! Пра тое, што новым будаўніцтвам могуць займацца недзяржаўныя падрадчыкі і інвэстары, нашаму чынавенству нават не прыходзіць да галавы.

Засталося толькі падсьвяціць гэтую праграму мадэрнізацыі масавага жыльля ідэалягічным пражэктарам. У першую чаргу зоймуцца рэканструкцыяй пяціпавярховікаў з цаглянымі мурамі, пабудаванымі ў 1968—1969 гадах. Збольшага апорныя канструкцыі ў гэткіх будынках у добрым стане, але рэнавацыі падлягаюць брылі й прыступкі на ганках, бальконы, сантэхніка. Пасьля плянаваных рамонтаў тэрмін прыдатнасьці жыльля павялічваецца на 50—75 гадоў.

Разам з тым старшыня Менгарвыканкаму Паўлаў запатрабаваў, каб мадэрнізацыя пяціпавярховікаў, як гэта заўжды было можна ў саветаў, «вялася зь мінімальнымі выдаткамі». Такім спосабам калісьці й будавалі — і дагэтуль ад таго бядуюць.

Спробы неяк прыстасаваць «хрушчоўкі» да сучаснага ўзроўню патрабаваньняў ужо рабіліся. Прапаноўваліся й перапляніроўкі, і пашырэньні пакояў. Але цалкам экспэрымэнт быў даведзены да ладу адно толькі па адрасе Кахоўская, 60. А таксама дом № 19 па вуліцы Асіпенкі, але толькі… палова дому. Высьветлілася, што затраты на перабудову прыкладна роўныя новаму будаўніцтву. Натуральна, знайсьці інвэстара на такія працы немагчыма. А дзяржава, ня маючы сродкаў, хоча намаляваць вясёлкавыя пэрспэктывы.

Таму вырашана пайсьці па шляху несупынных рамонтаў: цеплавой мадэрнізацыі і адздабленьня знадворку.

У адрозьненьне ад Расеі, дзе зьнішчэньне хрушчовак стала ледзь не адным з нацыянальных праектаў, ад Украіны, дзе праграма зносу малакаштоўнае масавае забудовы 1960‑х была ўсё ж прынятая ў 2006 годзе, ад Казахстану, дзе наагул пабудавалі новую сталіцу, Беларусь застанецца з хрушчоўкамі. Разам з тым будзе адбывацца далейшы знос рэштаў дасавецкае забудовы, зьнішчэньне гістарычна‑культурнае спадчыны папярэдніх эпохаў. А размаляваныя ў розныя колеры, ператынкаваныя, ацепленыя, зь вялікімі дахамі й імпазантнымі мансардамі зь металадахоўкі, у даўно абжытых раёнах, дзе жыве ўжо другое пакаленьне гараджанаў, гэткія дамы стануць найбольшай адметнасьцю нашага ўрбаністычнага ляндшафту. То бок традыцыйнай нацыянальнай архітэктураю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?