Сакавік-2006, Віцебск, камандзіроўка. Сяджу ў тэатры і расчулена, з асалодай гляджу пастаўлены па-беларуску «Вішнёвы сад». Сьмяюся і спачуваю героям чэхаўскай камэдыі, якая падаецца мне драмай, але думаю чамусьці аб сваім горадзе.

Некалькі гадоў таму я зразумеў, што ўсё больш ганаруся горадам, у якім жыву. Тым самым горадам, які я так доўга ня мог прызнаць «сваім». Горадам, які ў пару майго пераезду ў далёкім сьнежні 1976-га быў шэрым і брудным, нейкім недагледжаным. Яго заводы спраўна чадзілі. Мікрараёны таго гораду расьлі шпарка, але толькі пад простымі кутамі, і ўсе яны былі як рэшата — у нейкіх дзірках-прагалах. На месцах, дзе паводле плянаў архітэктараў павінны былі будавацца адметныя прыгожыя дамы (на што пры плянавай эканоміцы заўжды не ставала грошай і часу), красаваліся пусткі і камуністычныя лёзунгі кшталту «Партыя — наш рулявы»…

Не! Той горад не натхняў і не выклікаў рамантычных пачуцьцяў. У ім было 8 ці 9 помнікаў Леніну і адзін музэй дзекабрыстаў. У тым горадзе мне не хапала замкнёнасьці прасторы дваравых тэрыторыяў і завершанасьці лініяў праспэктаў. Вока спатыкалася на недарэчных плямах на яго архітэктурным ляндшафце. Дый не да разгляду гарадзкіх краявідаў тады было. Дабірацца з ускраіны, дзе я жыў, да цэнтру можна было і паўтары, і дзьве гадзіны. Спачатку ты марыў улезьці ў перапоўнены аўтобус, а потым зь яшчэ большым жаданьнем імкнуўся не праехаць, выціснуцца з транспартнага сродку на патрэбным табе прыпынку. І толькі вясной, калі сакавітая зеляніна дрэваў прыкрывала драпіны на целе гораду, сэрца часам неяк шчыміла; мне хацелася прызнацца ў любові да гораду, разумеючы ўсю хлусьлівасьць такога прызнаньня.

Прайшла перабудова, прыйшла незалежнасьць.

Нягледзячы на цяжкасьці пераходнага пэрыяду, нешта павольна, але няўхільна пачалося зьмяняцца. Спачатку я адкрыў для сябе малавядомую, а месцамі і зусім не знаёмую гісторыю гораду, і паціху месца пражываньня станавілася родным домам.

Гасьцям гораду я з усё большай дасьведчанасьцю распавядаў аб выбітных падзеях гарадзкой гісторыі і дзейнасьці славутых землякоў. Цяпер я мог ня толькі з сумам паказваць месцы, дзе раней стаялі разбураныя камуністамі сьвятыні, але і з гонарам прывесьці ў адрэстаўраваныя вернікамі праваслаўны сабор і каталіцкі касьцёл, правесьці па найлепшай у Беларусі пешаходнай вуліцы, прапанаваць наведаць сапраўды з густам створаныя экспазыцыі краязнаўчага, этнаграфічнага і мастацкіх музэяў. Мог ня толькі распавесьці аб Магдэбурскім праве, але і паказаць толькі што створаную экспазыцыю музэю гісторыі гораду з такой самай назвай. Мяркую, у маіх экскурсах таго часу хапала местачковай ганарлівасьці, а сам горад усё часьцей станавіўся цэнтрам сусьвету.

За апошнія гады мне пашчасьціла аб’ехаць усю Беларусь, наведаць Кіеў і Львоў, Вільню і Коўну, Варшаву і Ўроцлаў, Прагу і Брно. Ружовы туман расьсеяўся. Раптам сталі бачныя праблемы, аб якіх я раней і не задумваўся, і ўсё часьцей стала ўзьнікаць пытаньне «Чаму?».

Чаму ў віцебскім тэатры спэктаклі ідуць па-беларуску, а ў нас — не? Мы што, зь іншага цеста зроблены?

Чаму ў Віцебску ёсьць помнік ня толькі Пушкіну, але і землякам: У.Караткевічу і П.Машэраву, гісторыкам А.Сапунову і І.Салярцінскаму, філёзафу М.Бахціну, паэтцы Е.Лось, заснавальніку пэдынстытуту К.Ціхаміраву і інш., а ў маім горадзе — толькі А.Пушкіну, Т.Шаўчэнку ды двум мастакам? Нічога ня маю супраць вялікіх паэтаў братніх народаў, але дзе ж помнікі сваім? Дзе запал старшыні выканкаму, які калісьці прапаноўваў хай сабе і спрэчную, але жывую і цікавую ідэю ўсталяваньня перад выканкамам статуі М.Гусоўскага?

Чаму ў Менску назвы прыпынкаў, аншлягі на будынках напісаны па-беларуску, а ў маім горадзе не? Што, тут законы іншыя?

Чаму візуальна «сталіца» самай беларускай да рэвалюцыі губэрні сёньня выглядае, як самы зрусіфікаваны з абласных цэнтраў горад? Хіба ўпраўленьне архітэктуры ня можа прапанаваць рабіць вонкавую рэкляму хаця б на дзьвюх мовах: зьлева — па-беларуску, а справа — па-расейску? Ці гэта супярэчыць Канстытуцыі?

Чаму не выконваецца праграма тапанімічнай рэгенэрацыі цэнтру майго гораду, якую распрацавала тапанімічная камісія пры гарвыканкаме? Хаця прыкладаў вяртаньня гістарычных урбанонімаў па краіне хапае.

Чаму ў Менску адбудавалі ратушу, а ў маім горадзе зноў адклалі гэтую справу?

Чаму праваслаўныя Віцебску не баяцца аднаўляць у стылі позьняга барока Сьвятаўваскрасенскую царкву, а ў маёй вобласьці зацыкліліся на псэўдарасейскіх традыцыях?

І апошняе «чаму»! Чаму аб гэтым прадстаўнікі таварыства беларускай мовы на чале зь Міхасём Булавацкім казалі ў аддзеле інфармацыі гарадзкога выканкаму і атрымалі вусную падтрымку, але за два гады нічога не зьмянілася?

Пералік падобных «чаму» можна было б працягваць. І ня ўсе пытаньні такія бяскрыўдныя і неістотныя, як можа каму падацца. На ўсіх узроўнях ідзе апошнім часам гаворка пра неабходнасьць патрыятычнага выхаваньня моладзі. Але яно, выхаваньне, немагчымае без выяўленьня сваёй адметнасьці, без асэнсаваньня сваёй унікальнасьці. А як жа яе асэнсуе моладзь, калі яна гэтага штодня ня бачыць і ня чуе, калі вонкава мой горад нагадвае звычайны расейскі абласны цэнтар?

Так, мой горад за гады незалежнасьці папрыгажэў, стаў больш чыстым і ўтульным. Маршруткі цяпер дазваляюць без праблемаў за 20 хвілінаў дабрацца да цэнтру. Досыць тавараў у разнастайных крамах, зьявіліся прыгожыя месцы адпачынку. Толькі каго гэтым зьдзівіш у Эўропе? Гасьцей магла б зацікавіць адметнасьць, беларускасьць гораду, ды толькі ці беларускі мой горад? У Літве, Польшчы, Чэхіі, Украіне гэтыя пытаньні не ўзьнікаюць. Нацыянальны калярыт адразу кідаецца ў вочы. А ў нас?

Безумоўна, каб зразумець нашую беларускасьць, дастаткова на гадзінку заехаць у любы расейскі горад. Тады кінецца ў вочы, што архітэктура, стыль жыцьця і адзеньня ў нас іншыя, і нават расейская мова не такая, як у Расеі. Гэта добра, што мы засталіся сабой. Бо менавіта нашая ўнікальнасьць, а не трафарэтнасьць дае нам шанцы выжыць у эпоху глябалізацыі. Калі мы станем такія, як хтосьці, то будзем у лепшым разе кепскай копіяй, якая нікому не цікавая…

У цэнтры Магілёва цяпер пазначаюць ня толькі сучасныя, а й гістарычныя назвы вуліцаў.

Фота Кола Сяброў

І ўсё ж у душы цепліцца асьцярожны аптымізм. Думкі нараджаюць дзеяньне. У другой палове 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя грамадзтва задумалася аб белых і чорных плямах сваёй гісторыі. І сёньня мы маем вялізны архіў новых гістарычных тэкстаў, выдадзеныя кнігі і альбомы, адкрытыя музэі і помнікі. Пачалося адраджэньне страчанай архітэктурнай спадчыны… Сёньня і грамадзкасьць, і ўлады, хай сабе і па-рознаму, абмяркоўваюць праблемы нацыянальнага адраджэньня і патрыятычнага выхаваньня. Па нейкім часе будзе вынік. Вось толькі ня хочацца, каб мой горад, мой Магілёў, плёўся ў хвасьце каравану.

Аляксандар Агееў — намесьнік старшыні Магілёўскай абласной арганізацыі ТБМ імя Ф.Скарыны, дэпутат Магілёўскага гарсавету.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0