Старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына ў чацьвер адказала на пытаньні наведвальнікаў сайту БЕЛТА.

Большасьць пытаньняў былі зьвязаныя з выбарчай кампаніяй у парлямэнт, якая ўжо пачалася ў краіне. У прыватнасьці, Ярмошыну запыталіся, ці ёсьць шанцы трапіць у палату прадстаўнікоў прадстаўнікам палітычных партый, у тым ліку і апазыцыйных.

«Паколькі агульны працэнт сябраў палітычных партый сярод насельніцтва мізэрны, то гэта, натуральна, зводзіць на не шанцы партыйцаў, у тым ліку і апазыцыйных, быць абранымі. Да нас часта зьвяртаюцца грамадзяне з прэтэнзіямі, чаму па нейкай выбарчай акрузе не праходзіць ніводны беспартыйны кандыдат у дэпутаты. То бок сяброўства ў партыі зьяўляецца перашкодай, каб аддаць яму перавагу. У грамадзтве пакуль каціруюцца кандыдаты, якія ня зьвязаныя з палітычнымі партыямі. Цалкам магчыма, што гэта водгукі той партыйнай сыстэмы, зь якой мы пражылі вельмі доўга. Таму ў грамадзян існуе пэўны недавер да партыйных кандыдатаў», — сказала Л.Ярмошына.

Нагадаем, што Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы вылучаюць сваіх кандыдатаў ва ўсе 110 выбарчых акругаў. Падаўляльная большасьць вылучэнцаў ад апазыцыі зьяўляюцца сябрамі палітычных партый.

Таксама Ярмошына пракамэнтавала размовы адносна таго, што дзьве траціны парлямэнту могуць зьмяніцца пасьля гэтых выбараў.

«Раней мы гаварылі пра 30% дэпутатаў, які, цалкам магчыма, застануцца ў парлямэнце. Зараз мы гаворым пра большую колькасьць патэнцыйных кандыдатаў з цяперашняга парлямэнту. Зрэшты, гэта ня болей, чым палітычныя прагнозы», — лічыць спн.Ярмошына.

Расказала старшыня ЦВК і пра тое, што хацела б наведаць Францыю і Італію, але ня можа праз забарону на ўезд Эўрасаюзу.

Зьміцер Панкавец

Цалкам онлайн зь Лідзіяй Ярмошынай

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0