Усё пра першы этап выбарчай кампаніі: 40 % зарэгістраваных ініцыятыўных групаў — апазыцыйныя. АДС не ўдалося знайсьці кандыдатаў на ўсе 110 акругаў. Пярэстая «Эўрапейская кааліцыя» вылучыла 63 прэтэндэнты. Статкевіч уступіў у канкурэнцыю з Калякіным, а Лагвінец і Вольга Казуліна — зь Лябедзькам.

29 ліпеня скончылася рэгістрацыя ініцыятыўных груп па вылучэньні кандыдатаў у дэпутаты палаты прадстаўнікоў. Канчатковыя лічбы атрымаліся такія: акруговыя выбарчыя камісіі зарэгістравалі 422 ініцыятыўных груп з 454, што падалі заяўкі.

Толькі 5 % каманд патэнцыйных кандыдатаў атрымалі адмовы. Сярод іх і два вылучэнцы Аб’яднаных дэмакратычных сілаў (АДС) — Зьміцер Вінаградаў (Мядзел-Вялейка) і Ўладзімер Паклонскі (Нясьвіж).

Колькасьць вылучэнцаў ад АДС
2004 («Пяцёрка+») — 227*
2008 (АДС) — 95**
* Парлямэнцкія кампаніі 2004 і 2008 розьняцца тактыкай апазыцыяй. Чатыры гады таму «Пяцёрка+» вылучала па два‑тры кандыдаты на кожную акругу (з мэтай перастрахоўкі ў выпадку нерэгістрацыі аднаго з прэтэндэнтаў), дык сёлета вырашылі спыніцца на адным.
** без уліку будучых вылучэнцаў ад партыйных зьездаў.

Колькасьць вылучэнцаў ад «Эўракааліцыі»
2008 («Эўракааліцыя») — 63
2004 (Народная грамада + «Маладая Беларусь») — 66 (56+10)

Вылучэнцы па партыях
БНФ:
2004 — 55
2008 — 24
АГП:
2004 — 63
2008 — 28
ПКБ:
2004 — 38
2008 — 18

Афіцыйнай прычынай у адмове ў рэгістрацыі сябра АГП Уладзімера Паклонскага стаўся выхад з ініцыятыўнай групы двух чалавек. Паклонскі меўся балятавацца па Нясьвіскай выбарчай акрузе. У склад ягонай ініцыятыўнай групы ўвайшло 15 чалавек. Аднак двое зь іх — сын дырэктара Красназьвяздоўскай школы і настаўніца Даматканавіцкай школы — напісалі заявы аб выхадзе. Аб прычынах можна здагадвацца.

Было адмоўлена ў рэгістрацыі і ініцыятыўнай групы старшыні Менскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Зьмітра Вінаградава, які зьбіраўся вылучацца ў Вялейцы‑Мядзеле.

Нагадаем, 24 ліпеня Зьміцер Вінаградаў быў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ — быццам бы падазравалі, што ягоная машына крадзеная, праз чаго не пасьпеў своечасова падаць дакумэнты ў акруговую выбарчую камісію.

Яшчэ адзін цікавы інцыдэнт здарыўся з вылучэнцам партыі БНФ па Лунінецкай акрузе Віталем Каратышом, якога пасьля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы забралі ў войска. Нягледзячы на гэта, хлопец у выбарах удзельнічаць усё адно зьбіраецца.

Акругі найбольшае канкурэнцыі

Менск, Коласаўская
Сяргей Калякін (ПКБ, АДС)
Мікола Статкевіч (Эўракааліцыя)

Менск-Сухараўская
Анатоль Лябедзька (АДС)
Алесь Лагвінец
Вольга Казуліна (АДС)

Менск‑Ясенінская
Аляксандар Макаеў (Эўракааліцыя)
Сяргей Чыслаў (незалежны кандыдат)
Валянціна Сьвяцкая (ПБНФ, АДС)

Болей стратаў на гэтым этапе сярод вылучэнцаў АДС няма. Рэгістрацыю пасьпяхова прайшлі 95 ініцыятыўных групаў. Ад АГП вылучылася 27 чалавек, Партыі БНФ — 23, ПКБ — 18, БСДП — 13, будучай БХД — 7, былых Партыі працы — 4, «Надзеі» — 3.

Як бачым, прадстаўнікам АДС не ўдалося на гэтым этапе закрыць сваімі кандыдатамі ўсе выбарчыя акругі. Паводле зьвестак прэс‑сакратара дэмсіл Юр’я Пацёмкіна, некаторыя зь фігурантаў «сьпісу ста дзесяці» адмовіліся ад удзелу ў выбарах на самай раньняй стадыі. У асноўным гэта было зьвязана зь ціскам мясцовых уладаў на іх саміх, сваякоў, патэнцыйных сяброў ініцыятыўных груп.

Зрэшты, збор подпісаў — гэта не адзіны з варыянтаў вылучэньня на выбары. Ёсьць яшчэ магчымасьць вылучыцца ад партыйных структур, а таксама ад працоўнага калектыву. Усе вядучыя апазыцыйныя партыі зьбіраюцца бліжэйшым часам правесьці зьезд, дзе могуць быць вылучаны яшчэ некалькі кандыдатаў.

У прыватнасьці, чарговы раз пра дэпутацкія амбіцыі заявіў сябар БСДП генэрал Валеры Фралоў. Спачатку Фралоў значыўся ў сьпісах АДС па Слуцкай акрузе, але вырашыў адмовіцца на карысьць аднапартыйца Юрэвіча. Цяпер жа Фралоў ня супраць заняць вакансію, якая ўтварылася ў Стаўпецкай акрузе пасьля адмовы ўдзельнічаць у выбарах Віктара Крываля.

«У любым выпадку, закрыць усе акругі нам ужо ня ўдасца», — прызнае Ю.Пацёмкін.

Зьвяртае таксама на сябе ўвагу мінімальнае вылучэньне кандыдатаў ад праўладных партый. Камуністычная партыя Беларусі вылучыла 19 чалавек, прадстаўніцтва іншых палітычных структураў мізэрная: Аграрная партыя — 1 чалавек, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці — 1.

Як і заяўлялася, асобнай калёнай на выбары ідзе пярэстая «Эўрапейская кааліцыя». Большасьць вылучэнцаў якой зьяўляюцца сябрамі незарэгістраваных Беларускай сацыял‑дэмакратычнай партыі «Народная грамада» і Партыі свабоды і прагрэсу.

Старшыня Цэнтральнай рэвізійнай камісіі БСДП (НГ) Мікалай Кійка кажа, што на стан 28 ліпеня былі зарэгістраваныя 63 прадстаўнікі «Эўрапейскай кааліцыі».

Мікола Статкевіч неаднаразова заяўляў, што вылучэнцы ад ягонай кааліцыі будуць балятавацца па тых акругах, дзе будзе весьціся недастатковая агітацыя за эўрапейскую інтэграцыю і каштоўнасьці. Сам Статкевіч будзе балятавацца ў сталічнай Коласаўскай акрузе, дзе па сьпісу АДС значыцца лідэр ПКБ Сяргей Калякін.

У «Эўрапейскай кааліцыі» вядомых асобаў няшмат. Ці не палова ўсіх вылучэнцаў «ЭК» пойдуць на выбары па Менску і Магілёўскай вобласьці.

Цікавым падаецца дубляваньне прозьвішч кандыдатаў, як у сьпісе АДС, так і ў «эўрапейскім». Гэта, напрыклад, прадпрымальніца Бабруйску Алена Мядзьведзева.

Зьвяртае не сябе ўвагу самавылучэньне па Барысаву рэдактара «Борисовских новостей» Анатоля Букаса, які складзе канкурэнцыю прадпрымальніку з АДС і АГП Віктару Гарбачову, а таксама аднаму зь лідэраў «Белай Русі» Віктару Гумінскаму.

Былы дэпутат палаты прадстаўнікоў, а таксама старшыня Партыі свабоды і прагрэсу Ўладзімер Навасяд вылучаецца ў Менску па Сьвіслацкай акрузе, дзе яго супернікам ад АДС будзе Аляксандар Дабравольскі. Напэўна, прадстаўнік АГП таксама недастаткова адданы «эўрапейскім ідэалам».

Цікавая кампанія будзе назірацца яшчэ ў менскай Ясенінскай акрузе, дзе апроч Валянціны Сьвяцкай (ПБНФ) будуць таксама вылучацца адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Аляксандар Макаеў (блізкі да Эўракааліцыі) і былы лідэр «Белага легіёну» Сяргей Чыслаў як незалежны кандыдат. Апошні прыняў рашэньне пра ўдзел у выбарах пасьля арышту ў падазрэньні ў датычнасьці да менскага выбуху 4 ліпеня. Кажа, што «дастала».

Прыняла рашэньне ўдзельнічаць асобна ў парлямэнцкай кампаніі і Беларуская сацыял‑дэмакратычная грамада. Лідэр партыі Станіслаў Шушкевіч кажа: «Для мяне стала адкрыцьцём, наколькі нашы людзі гатовыя працаваць». Па зьвестках былога сьпікера Вярхоўнага савету, ад ягонай партыі было зарэгістравана крыху больш за 20 ініцыятыўных груп. Большасьць на Меншчыне і Гомельшчыне. Сам Шушкевіч хоча паспытаць шчасьце ў сваёй роднай сталічнай Адзінцоўскай акрузе, дзе зьбіралася балятавацца Вольга Казуліна, дачка палітвязьня і экс‑кандыдата на пасаду прэзыдэнта.

У Сухараўскай акрузе сталіцы ад АДС вылучаецца лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. З гэтым рашэньнем не пагадзіўся жыхар акругі Алесь Лагвінец, які балятаваўся там на папярэдніх выбарах. Ён будзе ўдзельнічаць у выбарах як самавылучэнец. На гэтую ж акругу перайшла і Вольга Казуліна. Такі вось выбар між дэмакратамі чакаецца ў Сухараве.

Барацьба ў канкурэнтных акругах абяцае стаць інтрыгоўнай. Палітыкі ня пэўныя ў сумленнасьці падліку галасоў. Аднак выбары прынамсі стануць тэстам на арганізацыю кампаніі. Зрэшты, сацыялягічныя апытаньні на выхадзе з участкаў чакаюцца, таму папулярнасьць тых ці іншых палітыкаў таксама будзе паддавацца замеру.

Першы этап кампаніі не дае падставаў спадзявацца, што з выбараў‑2008 пачнецца дэмантаж палітычнай манаполіі на ўладу.

«Малады фронт», КХП‑БНФ, «Хартыя‑97», ЛДПБ (хаця тут канчатковае рашэньне яшчэ не прынятае) заявілі аб сваім байкоце ці няўдзеле ў парлямэнцкай кампаніі.

Такім чынам, ад дэмакратычных структур ужо зарэгістравана каля 180 (гэтая лічба можа ўзрасьці пасьля вылучэньня кандыдатаў партыямі) ініцыятыўных групаў, што складае прыкладна 40% ад агульнай колькасьці кандыдатаў. Гэтая лічба адбівае рэаліі палітычных настрояў у краіне. Тое самае пацьвярджае збор подпісаў.

Ужо ў панядзелак фэльчар «хуткай дапамогі», сябра АГП з Жодзіна Аляксандар Ваўчанін прынёс на праверку першую тысячу сабраных подпісаў. Нават у рэгіёне, што лічыцца аплотам лукашэнкаўцаў, на Магілёўшчыне, у Горацкай акрузе, кандыдат ад Партыі БНФ Андрэй Юркоў назьбіраў першую тысячу подпісаў літаральна за пару дзён.

Разам з тым, першы этап кампаніі не дае падставаў спадзявацца, што з выбараў‑2008 пачнецца дэмантаж палітычнай манаполіі на ўладу, што сфармавалася ў краіне. Апазыцыя фактычна цалкам выключаная з працэсу падліку галасоў. Толькі 42 вылучэнцы апазыцыі трапілі ў акруговыя камісіі. Колькі з 1500 кандыдатаў трапяць ва ўчастковыя камісіі, пакуль невядома.

Зьміцер Панкавец

Больш падрабязна пра сьпіс вылучэнцаў ад АДС можна прачытаць у артыкуле Выбары‑2008. Хто па якой акрузе ідзе?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0