Што схаванае за апісаньнем у крыніцах XVI—XVIІI ст. стратаў і няшчасьцяў цывільнага насельніцтва ў пэрыяд войнаў? Бесстароньняя фіксацыя, гнеў, пачуцьцё абурэньня альбо бязмежны смутак? Пры апісаньні бедзтваў адныя з самых эмацыйных карцінаў, што ўражваюць чытачоў, гісторыкі ствараюць, распавядаючы пра выпадкі канібалізму. За падобнымі сцэнамі могуць стаяць рэальныя падзеі. Але ці апраўдана заўжды безапеляцыйна ўспрымаць інфармацыю наратыўных крыніц таго часу, як задакумэнтаваны выклад фактаў?

Век мэмуараў у Вялікім Княстве

Вобразны шэраг, з дапамогаю якога робіцца апісаньне бедзтваў у часы войнаў, быў выпрацаваны ў Беларуска-Літоўскіх летапісах. У іх мы знаходзім такую фундамэнтальную характарыстыку падзеяў, як супрацьстаяньне народаў хрысьціянскага і паганскага, альбо параўнаньне дзеяньняў іншых хрысціян з учынкамі паганых. У «Хроніцы Літоўскай і Жамойскай» апісваецца голад часоў Інфлянцкай вайны: «О голоде веліком. Року 1571. Голод велікій был в Полщі і в Літве, же убогіе люді стерво здохлое и собак елі, наостаток трупы умерлых людей трупы выгребаючі з землі, елі і самі вміралі».

Візуальную ілюстрацыю да гэтых цытатаў падае аўгсбурзкі «лятучы лісток», дзе апісваецца голад у ВКЛ — «Жахлівыя, але праўдзівыя звесткі пра страшны голад і чумную пошасць, якія напаткалі краіну Русь і Літва ў 1571 годзе». Падрабязнае натуралістычнае апісаньне эпідэміі чумы, масавага канібалізму і іншых жахаў у гэтым лістку суправаджалася маляўнічай расфарбаванай гравюрай, якая наіўна, але выразна прадстаўляла асноўны праявы трагедыі — забойствы з мэтаю канібалізму ды паяданьне мерцьвякоў, зьнятых з шыбеніцы.

З другой паловы XVI ст. новую наратыўную традыцыю запачаткавалі мемуарысты ВКЛ. Істотныя вобразы і эпітэты мэмуарыстаў супадаюць з падобнымі ў Беларуска-Літоўскіх летапісах. Мэмуарысты імкнуліся мадэляваць падзеі, сведкамі якіх яны непасрэдна былі, выкарыстоўваючы схемы, выпрацаваныя Бібліяй і храністамі-гістарыёграфамі. Таму ў мэмуарах грамадзкая тэматыка дамінуе над прыватнай. Дакумэнтальнай крыніцай мэмуары не назавеш — занадта моцна яны зьвязаныя з традыцыяй літаратурнай умоўнасці. Але такія тэксты не зьяўляюцца і поўнай фікцыяй. Мэмуарысты, фіксуючы асабістыя перажываньні, намагаліся ўпісваць іх у прынятыя (і зразумелыя) каноны.

Шляхціч-кальвініст Ян Цадроўскі ва ўспамінах (1682 г.) апісвае голад пад час вайны: «21 cакавіка 1656 году дапусціў Пан Бог у Менскім ваяводзтве на розных месцах і ў доме маім страшэнную колькасьць палявых мышэй, якія спачатку на полі, а потым у пунях і сьвірнах і на азяродах страшэнна псавалі збожжа. Пасля гэтага наканаваньня Божага настаў вялікі голад, які працягваўся аж да жніўня 1657 году так, што галодныя людзі катоў, сабак і ўсялякую здыхляціну елі, а пад канец людзей рэзалі і целы іх елі, нават вылежацца ў дамавінах людскім трупам не давалі, чаго я сам, няшчасны чалавек, сваімі вачыма нагледзеўся. Гэта бедзтва лютавала ў Беларусі і ў Інфлянтах». Падобныя зьвесткі нібы пацьвярджаюцца данясеньнямі расійскай акупацыйнай адміністрацыі з падкантрольнай пад час вайны 1654—1667 г. тэрыторыі Беларусі, дзе «не токмо что мертвечину и всякую нечистоту, но и плоти человеческие едят».

Хто каго змог, той таго і зьеў

Створана сапраўды жахлівая карціна. Але варта адзначыць — апісаньне Цадроўскага шмат у чым супадае са сцэнай з «Дыярыюшу» Мазырскага харужага Язэпа Будзілы. Аддзелы шляхты Польшчы і ВКЛ, узятыя ў аблогу ў маскоўскім Крамлі ў 1612 г., аказаліся, паводле словаў Будзілы, у падобнай драматычнай сітуацыі голаду, «пра які ніводная хроніка ў гісторыі ня сьведчыць, каб дзе-небудзь на сьвеце магло такое быць у аблозе». Дэталізацыя апісаньня падае проста сцэны з Апакаліпсісу: «Трускоўскі, паручнік пяхоты, двух сыноў сваіх зьеў, гайдук адзін таксама сына зьеў, другі — сваю матку; таварыш таксама адзін слугу зьеў свайго; адным словам, сын бацьку, бацька сыну не даваў літасьці; пан для слугі, слуга для пана ня быў бясьпечны; хто каго ўвогуле змог, той таго зьеў, здаравейшы слабейшага забіў». Будзіла апісвае нават своеасаблівую градацыю права на цела мёртвага таварыша: «За сваяка або таварыша свайго, калі яго іншы зьеў, як за ўласную спадчыну судзіліся, бо [ён сам] меўся яго найперш зьесці, чым хтось іншы. [І] такая справа надарылася ў аддзеле п. Ляніцкага, дзе гайдукі зьелі ў сваім аддзеле памерлага гайдука; нябожчыкаў сваяк з іншага дзесятку скардзіўся перад ротмістрам, маўляў, яго я меўся першым зьесці, як сваяк, [а] ніхто іншы; тыя ж адпіраліся, маўляў, мы найперш меліся яго зьесці, бо з намі ў адным шыхце і аддзеле быў і ў дзесятку. Ротмістр ня ведаў, які вынесьці дэкрэт, баючыся таксама, каб нейкі з бакоў, пакрыўджаная дэкрэтам, самога б судзьдзю ня зьеў бы, мусіў з трыбуналу ўцякаць».

Наступная эмацыйная ацэнка сітуацыі выглядае ў Будзіла ўжо больш рэалістычнай, бо тут адчуваюцца асабістыя перажываньні аўтара: «Іншы зямлю пад сабой, рукі, ногі, цела, як мог, жэр, а што найгоршае, што хоць бы і рад быў памерці, але памерці не мог. Камень або цэглу кусаў, просячы Пана Бога, каб у хлеб перамяніў, але укусіць не мог. «Ах, ах!» — было чутно ўсюды ў замку. Багата такіх людзей было, што добраахвотна на смерць да непрыяцеля ішлі і здаваліся...»

Супольнасьць сюжэтаў

Менскі ваявода Крыштоф Завіша ў сваіх успамінах ужо на пачатку XVIII ст. выкарыстоўвае тыя ж вобразы катастрофы, што і яго папярэднікі па мэмуарыстыцы: «Году 1710 таксама працягваецца ў розных прускіх гарадах пошасьць, а на Літве — цяжкія хваробы і, перш за ўсё, голад, бо людзі ня толькі падліну, але ў некаторых месцах людзей елі, а на гэтае ўсё мала ўвага зьвярталася. Войскаў чужых і сваіх уціскі былі вялікія, з-за якіх калі зьядалася апошняе, голад вялікі наступіў... Адтуль такі голад, што па дварах трупаў паўно на пажыву ваўкам. Жывыя людзі паядалі трупы, катоў, псоў... У Вільні беднаты па сто і болей на дзень памірала». У апісаньнях Завішы мы знаходзім таксама новыя дэталі, якія сьведчаць аб адносінах уладаў да канібалізму: «...і здаралася, што ў некалькіх месцах маткі дзяцей сваіх паелі, за што караецца».

Яшчэ адна наратыўная крыніца сярэдзіны XVIII ст. ілюструе мэханізм перадачы зьвестак з аднаго твора ў іншы. «Віцебскі летапіс» Панцырнага і Аверкі падае прыклады голаду ў ранейшыя часы, пры гэтым аўтар робіць адсылкі на свае першакрыніцы: «У выніку дажджоў і вялікай паводкі тры леты [былі] такімі цяжкімі, што людзі [пачалі] есьці дзяцей і трупы, зьнятыя з шыбеніц. Сьведчыць Мехавіта. Год 1315... Па прычыне цяжкой і доўгай зімы людзі зь лісьця сабе ежу рабілі і трупы елі, ішлі да лясоў на пажыраньне зьвярмі... Сьведчыць Каяловіч. Год 1570».

Зьвяртае на сябе ўвагу супадзеньне ў стылі апісаньня і супольнасьць сюжэтаў у розных аўтараў. Адзін з такіх сюжэтаў, прафанацыя трупаў, ёсць найбольш архаічным і мае першакрыніцу ў Старым Запавеце ды зьяўляецца прароцтвам Ераміі: «...выкінуць косьці цароў Юды, і косьці князёў ягоных, і косьці сьвятароў, і косьці прарокаў, і косьці жыхароў Ерусаліма — з магіл іхніх; і раскідаюць іх перад сонцам і месяцам і перад усім войскам нябесным...; ня прыбяруць іх і не пахаваюць: яны будуць гноем на зямлі». Услед за гэтай перасьцярогай у Адкрыцьці Яна Багаслова прадказваецца, што птушкі будуць зьбірацца на вялікую вячэру Божыю, «каб пажэрці трупы цароў. Трупы моцных, трупы тысячнікаў, трупы коней і верхаўцоў, трупы ўсіх вольнікаў і рабоў, і малых і вялікіх».

Такім чынам, можна казаць пра крыніцы архетыпаў і практыку самацытаваньня ў мэмуарыстыцы XVI—XVIII ст. Але як гэта магло адбывацца тэхнічна? Вялікія магчымасьці для запазычаньняў мэмуарыстамі ствараліся, апроч іншага, існаваньнем звычаю рассылаць копіі сваіх дыярыушаў і мэмуараў суседзям, сваякам, а таксама асобам, якім аўтар надаваў значную ролю ў сваім тэксце. У шляхецкіх дварах складаліся копіі цікавых фрагментаў, альбо нават цалкам перапісваліся атрыманыя мэмуары. У выніку забясьпечвалася трансьляцыя зьвестак і, што найбольш важна для нас, вобразаў і мэтафараў, з дапамогай якіх апісваліся тыя ці іншыя падзеі грамадзкага жыцьця.

XVII ст. стала для Рэчы Паспалітай векам мэмуараў. Бо, як адзначыў дасьледчык В.Чаплінскі, «было пра што пісаць». Імкненьне ствараць мэмуары тлумачыцца цікавасьцю шляхты да гісторыі, ахвотай да вывучэньня хронік, летапісаў і навінаў, жаданьнем замацаваць перажытыя падзеі. Адсюль вынікаў посьпех падобнай літаратуры сярод чытачоў тае эпохі, расла папулярнасьць аўтара, ягоная грамадзкая значнасьць.

«Жахлівая гісторыя» Інфлянтаў

Побач зь Вялікім Княствам, на тэрыторыя даўняй Лівоніі, гістарычныя крыніцы таксама фіксуюць выпадкі канібалізму ў пэрыяды крызісаў. Зьвесткі аб драматычных падзеях п.XVII ст. у Інфлянтах былі зьведзены ў адзін тэкст пастарам Фрыдрыхам Энгельке ў сакавіку 1603 г. пад назваю «Сапраўдная, жахлівая і нечуваная гісторыя пра тое, што здарылася ў Інфлянтах у акрузе Дынабурзкай». Распавядалася ў ёй пра голад, які ахапіў край у 1601—1602 г. Тэкст быў раздрукаваны, як і ў выпадку звестак пра голад 1571 г., у выглядзе «лятучых лісткоў» (Flugschriften) — самым апэратыўным відзе пашырэньня інфармацыі ў Эўропе раньняга Новага часу.

Пастар Энгельке апісаў як выпадкі забойстваў з мэтаю канібалізму, так і эпізоды ўжываньня ў ежу парэшткаў памерлых людзей. «У маёнтку пані... Плятэр у студзені 1602 г. дзьве жанчыны і хлопец 15 гадоў па імені Цаліт зьелі пяцёра чалавек. Усе яны былі спаленыя ў лазьні». Або «у тым жа маёнтку селянін па прозьвішчу Думп зьеў вялікую колькасьць мерцьвякоў, што памерлі як натуральнай сьмерцю, так і знятых з кола і шыбеніцы, а таксама памерлых з голаду на дарозе, пра што сьведчыць эканом маёнтка Якаб Гранэзольдт».

Паводле Энгэльке, распаўсюджаным відам пакараньня канібалаў было іх спаленьне ў лазьні (у адным выпадку — у доме). Або кіданьне ў палонку. Звычайная тады кара — калесаваньне, выкарыстоўваўся толькі ў судовым парадку і найчасьцей у адносінах да забойцаў. Канібалы ж былі аб’ектамі народнага самасуду. Гэтыя абставіны сьведчаць за пэўную фальклярызацыю вобразаў злачынцаў-канібалаў. Лазьня ў народнай сьвядомасьці зьвязваецца з замагільным сьветам. Вада ж у палонцы валодае якасьцямі ачышчэньня. Можа стацца, што аўтар «Жахлівай гісторыі» пісаў яе з народных пераказаў, у якіх рэальныя факты спалучыліся з фальклёрнымі мэханізмамі застрашваньня.

Ня быў бы Энгельке пастарам, каб не наракаў асобна на тых, хто есьць скаромнае ў пост: «У час посту 1602 г. на гасьціным двары Захарыя Вэйса было зьедзены звыш 40 чалавек. Апроч таго, адзін жабрак зьеў другога». Лічба ахвяраў выклікае сумневы.

Часам у канібалізме вінавацілі людзей не мясцовага паходжаньня, апраўдацца якім было складана — заступнікаў у іх магло зусім не быць: «Адзін селянін-літовец, які ўтрымліваў карчму на герцагскай плаціне ў сядзібе Олаф Борнскай воласці, варыў у вялікай колькасьці чалавечае мяса ды прадаваў яго задзьвінскім сялянам». Тут мы ня можам выключаць таксама перасьледу з матываў эканамічнай канкурэнцыі.

Але Энгельке паведамляе і зьвесткі, якія пацьвярджаюцца дасьледаваньнямі ў галіне сацыяльнай і культурнай антрапалёгіі. Гэта тычыцца хваробаў, што выклікае канібалізм: «У Ілуксце, у гаспадара гасьціннага двара Эбэргарда Тымана памерла дзіця і яго пахавалі; але ў хуткім часе яго труп выкапаў [адзін] селянін і, аднёсшы да сябе дамоў, зварыў яго і пачаставаў ім пяцёра чалавек гасьцей, якія ўсе ўсьлед за гэтым памёрлі...». Тут няма наўпроставых аналёгіяў, але даволі вядомая сярод антраполягаў гісторыі з хваробаю куру, якую спараджае паяданьне парэшткаў памерлых сваякоў, пацьвярджае саму магчымасць выпадкаў, апісаных пастарам Энгельке.

Падобныя апісаньні бедзтваў у Інфлянтах на пачатку XVII ст. утрымліваюцца ў «Лівонскай хроніцы» Фрыдрыха Ніенштэдта. Яно карацейшае за падобнае ў Энгэльке. Важна, што ў абодвух аўтараў мы знаходзім супадзеньне сюжэтаў.

Ніенштэдт так распавядае пра выпадак самагубства: «Адзін селянін забіў ды зьеў уласную жонку, а яе брата запрасіў у госьці, які ад жаху і трымценьня, калі пачуў пра гэта, закалоў сябе». Пад пяром жа Энгэльке гэтая гісторыя выглядае наступным чынам: «У маёнтку пані Зібэрг адзін селянін, на імя Янэль, зьеў 7 чалавек, у тым ліку ўласных жонку і дзяцей. Да яго прыйшоў ягоны брат і папрасіў даць яму паесьці, на што той адказаў: «Хлеба я не маю, а мяса дамо». Калі ж брат, пад’еўшы, даведаўся, што тое было мяса братавых жонкі і дзяцей, то ён ускрыкнуў: «Ах! Ах!», схапіў нож ды закалоўся». Цалкам можна дапусціць, што Рыжскі бурмістр Ніенштэдт выкарыстоўваў «лятучыя лісткі» з тэкстам Энгэльке.

Некаторыя выпадкі з «Хронікі» Ніенштэдта адсылаюць да трагічных сцэн «Дыярыушу» Язэпа Будзілы. Мова ідзе пра стан людзей у аблозе: «...у Дорпаце (Тарту) адзін селянін публічна на рынку засмажыў і зьеў чалавечую руку. Іншы згаладнелы швэдзкі жаўнер адрываў зубамі мяса ад сваёй правай рукі і мяса паядаў. Пад час той жа аблогі жанчына зьела сваіх уласных дзяцей і пасля гэтага закалолася».

Апісаньні выпадкаў канібалізму ў Інфлянтах характэрныя наяўнасьцю дэталяў і ўказаньнем імёнаў — злачынцаў, сьведкаў, прадстаўнікоў улады. Але велізарная колькасьць ахвяраў, а таксама пэўная фальклярызацыя стылю дазваляюць меркаваць — у падобных тэкстах прысутнічае ня строга дакумэнтальнае апісаньне фактаў.

Досьвед культурнай антрапалёгіі

Дасьледаваньні ў галіне культурнай антрапалёгіі сьведчаць, што рэальнасць канібалізму — гэта рэальнасьць нечалавечага, беззаконнага, але досьведу. Людаед — нелюдзь, і само ягонае існаваньне, вынесенае на мяжу сацыяльнай прасторы, зьяўляецца сымбалічным і зьяўляецца памежным адносна чалавечае сьвядомасьці і сацыяльнага парадку.

Аўтар нашумелай кнігі «Міт людаедзтва» Ўільям Арэнс праводзіць паралель між абвінавачваньнямі ў канібалізме ды абвінавачаньнямі ў чараўніцтве і рытуальных забойствах дзяцей (Гэта таксама ёсьць у нашых прыкладах па гісторыі Інфлянтаў). Такія абвінавачаньні, паводле Арэнса, зьяўляюцца неабходным элементам уяўленьняў цывілізаванага чалавека пра сьвет нецывілізаваны, хрысціяніна пра паганца. Фактычна ж, як сьведчыць практыка, канібалізм у большай ступені прыдуманы, чым сапраўды засьведчаны.

Навошта прыдуманы? Канібалізм — гэта парушэньне табу, якое маркіруе мяжу сацыяльнага і антысацыяльнага, і, разам з тым, нагадвае пра рэчаіснасьць самога антысацыяльнага. Менавіта з такога, функцыянальнага, пункту гледжаньня канібалізм падобны да інцэсту — парушэньня іншага найважнейшага для эўрапейскага сьвету табу. Агульнасць інцэсту і канібалізму абгрунтоўваецца сэмантычнай еднасьцю актуальнай для абодвух выпадкаў мэтафары «паяданьня крыві». Паяданьня людзьмі сваіх няшчасных сваякоў у абложаным Крамлі, што апісваў Язэп Будзіла, — гэта таксама сюжэт, іншасказальна зьвязаны з інцэстам.

Усё ж застаецца пытаньне — у якой ступені тэкставы канон наратыву XVI—XVIII ст. дэманструе сапраўднасьць інфармацыі як такой? Пакуль мы можам толькі канстатаваць, што аснова нашых ведаў пра тую эпоху можа быць вельмі падманлівай, калі верыць падобным крыніцам літаральна — у такім выпадку мы рызыкуем патрапіць у скажоны, дэфармаваны сьвет.

Калі сыходзіць са зьместу крыніц, немагчыма ўвогуле адмаўляць такія выпадкі, як канібалізм. Але варта прызнаць, што існаваў пэўны канон, «наратыўная формула» апісаньня падобных драматычных падзеяў. Трэба па меншай меры памятаць, што пры апісаньні канібалізму ў наратыўных крыніцах XVI—XVIII ст. мы маем справу з мэтадам традыцыйнага выкладаньня падобных гісторый, але зусім не абавязкова з непасрэдным апісаньнем падзеяў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?