Чым кіраваўся Саакашвілі, рушыўшы войскі на Цхінвалі? Няўжо ён усур’ёз лічыў, што Расея не зрэагуе? На што быў разьлік?
Ці мог Саакашвілі аддаць войскам загад пра атаку, не паставіўшы ў вядомасьць ЗША? Гэта малаімаверна, улічваючы асаблівыя адносіны Тбілісі і ЗША. Знакаміты рэпарцёр Войцех Ягельскі піша з Тбілісі, што плян удару быў распрацаваны прынамсі год таму. Нават калі з Вашынгтонам гэта не ўзгаднялася, цяжка сабе ўявіць, каб амэрыканская выведка таго ня ведала. У такім разе маўклівая падтрымка рэйду ў Асеціі кладзецца ў агульную канву саманадзейнае замежнай палітыкі адміністрацыі Буша. Вынік гэтай палітыкі — стабільна 100—150-даляравыя цэны на нафту і 50 тысяч ахвяраў у Іраку.
Ці была правакацыя Расеі? Ясна, што
150 танкаў проста так на мяжы напагатове не стаяць.Можна заўважыць, што напярэдадні канфлікту ў Цхінвалі зьехаліся журналісты практычна ўсіх расейскіх СМІ і з Цхінвалі вывезьлі дзяцей. Але мастацтва палітыка ў тым і праяўляецца, каб не паддавацца на правакацыі. Аўстрыйская журналістка Крысьціна Курчаб-Рэдліх, якая доўгі час была карэспандэнткай у Чачэніі, з тонкім веданьнем кулісаў каўкаскае палітыкі і яе працягаў іншымі сродкамі, адзначае, што тую самую тактыку Пуцін ужываў для атак на чачэнцаў – падштурхнуць праціўніка да памылак і скарыстаць іх як падставу.
Чаго хацелі дабіцца грузіны? Яны хацелі справакаваць паніку сваім масіраваным ударам па асецінскіх пазыцыях і з налёту ўзяць усё. Той факт, што яны не перакрылі Рокскага тунэлю наводзіць на думку, што яны сапраўды правакавалі масавыя ўцёкі асяцінскага насельніцтва і перадусім вайскоўцаў, каб пачаць гандаль постфактум.
Ці сапраўды Цхінвалі сьцёрты з твару зямлі і ў ім загінула 2000 мірных жыхароў? Расійскія спэцслужбы спрабуюць зрабіць зраюіць кальку з асьвятленьня югаслаўскіх войнаў. Здаецца, расейская прапаганда нямала маніць, перабольшваючы адны і зьмяншаючы іншыя лічбы.
Чаго дабілася Грузія ў выніку сваёй авантуры? Грузіны паказалі, што гэта ня нацыя баязьліўцаў, што яны ўмеюць ваяваць, калі маюць зброю. Таксама яны паказалі,
як хутка можа зьмяніць краіну перабудова краіны на эўрапейскі лад, бо яшчэ пяць гадоў таму Грузія была недадзяржавай. Яны паказалі асяцінам, што тым ня жыць спакойна ў сваіх цясьнінах бязь міру з Тбілісі. Але гадоў на 20, на пэрыяд памяці пакаленьня, Грузія страціла магчымасьць памірыцца з асяцінамі, вярнуць Асецію.
Калі Тбілісі хацеў такім чынам сарваць шырму з пазыцыі Расеі і справакаваць Маскву на ўвод войскаў, ён свайго дабіўся.Саакашвілі мог кіравацца тым, што Асеція сыходзіла без варыянтаў, і важна было б хоць паказаць, што гэта расійская акупацыя, а ніякі там нацыянальны канфлікт. Толькі раней ён меў у Цхінвалі 500 расейскіх вайскоўцаў, якіх Грузія была здольная заблякаваць і ізаляваць на працягу некалькіх гадзінаў, як тое і зрабіла 8 жніўня, а зараз будзе мець цэлую 58-ю армію.
Ці ведала Расея пра рэйд загадзя? Выглядае, што так, але вычэквала. Міністар замежных справаў Швэцыі параўнаў дзеяньні Расеі з тактыкай Гітлера, які таксама ўмела выкарыстоўваў абарону «суайчыньнікаў» як падставу для ўмяшаньня ва ўнутраныя справы суседзяў, а пасьля і для поўнага падпарадкаваньня іх, і ўсё гэта пры поўным нежаданьні заходніх дэмакратый умешвацца ў няясныя ўсходнія справы.
Бамбавікі над Марнэулі выклікалі злавесныя ўспаміны ў Хэльсынкі і Рызе і дрыжыкі ў Кіеве.
Пачвары вылезьлі з скрынкі Пандоры, і тая скрынка называлася Косава, і адкрыў яе Джордж Буш. Калі Амэрыцы можна адарваць Косава ад сувэрэннай дзяржавы, то чаму Расеі няможна зрабіць тое самае з Асеціяй? Так, у Косаве альбанцаў было 90%, а ў Асеціі асяцінаў дзьве траціны. Так, Косава было спэцыяльным выпадкам, але Косава можа аказацца і прэцэдэнтам.
Якое магло б быць выйсьце з сытуацыі? Вельмі простым: Тбілісі наступае на горла ўласнай песьні,
прызнае незалежнасьць Асеціі і Абхазіі, абтрасае гэтыя ланцугі, якія замінаюць Грузіі далучыцца да НАТО і Эўрасаюзу. Пад парасонам НАТО і ЭС Грузія набыла б гарантыі сувэрэнітэту. Нічога фатальнага ў такой страце для Грузіі не было б. Затое Расея страціла б падставы для ўмяшаньня.
Ці рэальны такі варыянт? Не, не рэальны пасьля таго што што адбылося, калі ў Грузіі нагнеценыя ірэдэнтысцкія настроі. Зь іншага боку, так, рэальны — а чаму б не прызнаць рэчаіснасьць рэчаіснасьцю? — толькі не пры гэтым пакаленьні палітыкаў. Патрэбная іншая палітычная воля і інтэлектуальная прызма.
Якая навука для Беларусі? Першае — беларуская дыпляматыя даказала сваю здольнасьць да апэратыўнага рэагаваньня, ад пачатку заняўшы нэйтральную пазыцыю. Другое — магчымасьць атрыманьня падвойнага грамадзянства імплікуе стратэгічныя рызыкі для суседзяў Расеі. Трэцяе — Расея перайшла на новую стадыю імпэрыялізму, на якой гатовая да больш актыўнага ўжыцьця ваеннай сілы для прасоўваньня сваіх эканамічных інтарэсаў. Калі сёньня ў Горы і Цхінвалі, то чаму заўтра ня ў Крыме, а пазаўтра ня ўздоўж «Ямалу-Эўропы»? Чацьвёртае, крывавая сутычка на мікраскапічным лапіку нагадала, што чалавецтва можа лёгка скаціцца да новага сусьветнага канфлікту, і з ростам эканамічнай магутнасьці Расіі яе палітычныя прэтэнзіі і псыхалягічныя траўмы ствараюць для таго падставы. Асяцінская вайна паказала
неабходнасьць далейшае распрацоўкі дактрыны нэйтралітэту Беларусі.