У апагей супрацьстаяння паміж Расіяй і Захадам Менск пастаўлены перад жорсткім выбарам – з кім ён. Звычайная палітыка лавіравання паміж двума геапалітычнымі монстрамі ўжо не адэкватная наяўнай сітуацыі. Мудрым для дэмакратычных сіл было б усяляк спрыяць пераарыентацыі Беларусі, нават калі для гэтага трэ будзе пайсці на хаўрус з Лукашэнкам. Легітымізацыя рэжыму не на карысць апазіцыі, але на карысць Беларусі ў дадзеных умовах. Піша Дзяніс Мельянцоў.

Вайна ў Грузіі сталася нечаканасцю і нават шокам для палітыкаў, дыпламатаў і назіральнікаў ува ўсім свеце. І

справа нават не столькі ў страце чалавечых жыццяў і трагедыі для каўказскіх народаў, а ў тым, што такі, здавалася б, невялікі лакальны канфлікт можа зварушыць усю сістэму міжнародных адносінаў і прывесці да значных геапалітычных перамен. Спроба Грузіі рэінтэграваць Паўднёвую Асецію і агрэсія Расіі супраць Грузіі прывялі перш за ўсё да рэзкага змянення статуса Расіі як вялікай дзяржавы.
Міжнародная супольнасць прызнала Расію агрэсарам, ЗША заклікалі выключыць яе з Вялікай васьмёркі, Расія фактычна разарвала свае адносіны з Арганізацыяй Паўночнаатлантычнай дамовы (АПАД, яшчэ вядомая як NATO). Палітыкі і эксперты зноў загаварылі пра магчымасць «халоднай вайны», а суседнія з Расійскай Федэрацыяй краіны пераглядаюць свае абарончыя дактрыны. Упершыню пасля распаду СССР Расія апынулася ў такой ізаляцыі. Што гэта можа азначаць для міжнароднай сістэмы і яе бліжэйшага атачэння?

Расія як пагроза

Блізу двух дзесяцігоддзяў свет адвучаўся ўспрымаць Расію як пагрозу.

Пасля сканчэння «халоднай вайны» і распаду сацыялістычнага лагеру Расія ператварылася ў слабую рэгіянальную дзяржаву, яе войска здэградавала, а колькасць насельніцтва стала хутка скарачацца.
У такіх варунках пра імперскія амбіцыі, а тым больш пра імперскую замежную палітыку, прыйшлося забыць. Нават з ростам цэнаў на вуглевадароды, паступовай эканамічнай стабілізацыяй і спробамі выкарыстоўваць сваё выгоднае становішча экспарцёра энэрганосьбітаў Расія ўсё роўна не ўспрымалася як сур’ёзная пагроза міжнароднай стабільнасці і працягвала заставацца часткай міжнароднай палітыкі і міжнародных структур.

Расійская замежная палітыка пасля распаду СССР – гэта шэраг правалаў і стратэгічных промахаў. Пачынаючы ад першай Чачэнскай вайны, і сканчаючы каляровымі рэвалюцыямі ў постсавецкіх краінах. Самі расійскія грамадзяне ўжо даўно прызвычаіліся да такога стану рэчаў і не чакалі ад расійскага кіраўніцтва рашучых дзеянняў у адказ на ўвод грузінскіх войскаў у Цхінвалі.

Сітуацыя ў Паўднёвай Асеціі паставіла Крэмль перад вельмі жорсткім выбарам: калі Расія не ўмяшаецца ў канфлікт і не падтрымае асяцінаў, то яна страціць усялякі прэстыж у вачах каўказскіх народаў і ўласных грамадзян, а таксама ўмацуе Грузію; калі ўмяшаецца – то гэта пацягне за сабой такія міжнародныя наступствы, якія нават цяжка спрагназаваць. Расея абрала апошяе. І гэта не ёсць нечаканасцю, калі прааналізаваць эвалюцыю ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Расіі і дынаміку яе адносінаў з Захадам. Расія проста чакала спрыяльнага моманту.

Гісторыя супярэчнасцяў

Ужо з сярэдзіны 1990-х у Расіі пачынаюць з’яўляцца разыходжанні ў інтарэсах з Захадам, якія некалькі разоў прыводзілі да сур’ёзных крызісаў у адносінах. Адно з першых такіх непаразуменняў было звязана з «аднаўленнем канстытуцыйнага ладу» ў Чачні (так афіцыйна называлася ваенная кампанія супраць чачэнскіх сепаратыстаў), пад час якога на міжнародным узроўні была паднята праблема парушэння правоў чалавека ў Расіі. Потым былі дыпламатычныя войны з АПАД з нагоды прынятага Альянсам рашэння пашырацца на Ўсход і вайсковай аперацыі ў Косаве ў 1999 годзе. Стратэгічныя і тактычныя супярэчанні выліліся ў спробе Масквы ўтварыць альтэрнатыўны вайскова-палітычны блок на падставе заключанай у 1992 годзе Дамовы аб калектыўнай бяспецы, аднак на сёняшні дзень АДКБ так і ня стала дзеючай супрацьвагай Альянсу.

Сфера ўплыву Расіі працягвае звужацца.
Падобна на тое, што зараз гэтая сфера дасягнула пэўнай мяжы памяншэння, за якой Крэмль ужо гатовы супрацьдзейнічаць гэтаму працэсу вайсковымі метадамі, як мы тое назіралі ў Грузіі.

Калі праводзіць аналогію з «халоднай вайной», то сваю Фултанскую прамову Пуцін агучыў у Мюнхене ў лютым 2007 года, у якой звінаваціў Захад у падвойных стандартах і пабудове аднапалярнага свету, а таксама абгрунтаваў права Расіі праводзіць незалежную знешнюю палітыку. Такім чынам, пра супярэчнасці паміж Захадам і Расіяй было заяўлена адкрыта. Услед за гэтым Расія прыпыніла свой удзел у Дамове пра звычайныя ўзбраенні ў Еўропе, што стала адным з найважнейшых крокаў у працэсе разбурэння існуючай ад савецкіх часоў сістэмы бяспекі ў Еўропе.

Вайна ў Грузіі стала моцным штуршком для далейшага пагаршэння адносінаў Расіі з Захадам. Пайшоўшы на вайсковы канфлікт з Грузіяй, Расія фактычна апынулася ў поўнай ізаляцыі. Яе не падтрымалі нават саюзнікі па СНД і АДКБ.
Аказаліся разбуранымі ўсе сувязі з еўраатлантычнымі структурамі, якія будаваліся на працягу больш чым дзесяці год. Былі адмененыя ўсе сумесныя вучэнні Расіі з АПАД, а таксама пастаўлена пад пытанне функцыянаванне транзітнага калідора ў Аўганістан, які Расія прадастаўляла для Альянса.

На сённяшні дзень напружанасць працягвае нарастаць. Крэмль афіцыйна прызнаў незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, а АПАД працягвае нарошчваць вайсковую прысутнасць у Чорным моры. Такім чынам,

канфлікт яшчэ далёкі ад свайго вырашэння.

Прычыны ізаляцыі

Прычыны нарастання супярэчнасцяў паміж Расіяй і Захадам даўнія і складаныя. Іх можна шукаць у прыродзе самой расійскай цывілізацыі, што выдатна зрабіў у свой час Джордж Кенан у сваёй «Доўгай тэлеграме». Калі ж звяртацца да прычын больш гістарычна нам блізкіх, то тут неабходна прыгадаць спрыяльную для Расіі эканамічную кан’юнктуру, якая дазволіла стабілізаваць эканоміку пры дапамозе нафта- і газадаляраў і вярнуць краіну ў лік вялікіх дзяржаў з адпаведнымі гэтаму статусу амбіцыямі. Цэнтрабежныя тэндэнцыі 1990-х гадоў і адсутнасць дэмакратычных традыцыяў прывялі да пабудовы моцнай вертыкалі ўлады і ўсталявання кантролю над сродкамі масавай інфармацыі, што было неабходна для здзяйснення рэінтэграцыі тэрыторыі і кансалідацыі грамадства. А як паказвае гісторыя, для кансалідацыі грамадства няма нічога лепшага за добра намаляваны вобраз уяўнага ці рэальнага ворага, які дазваляе каналізаваць залішнюю незадаволенасць і агрэсію грамадзян, а таксама падвысіць іх лаяльнасць да дзяржавы. Іншай прычынай росту супярэчнасцяў стала таксама і кансалідацыя Захаду, якая выразілася ў пашырэнні Еўрапейскага саюза і АПАД да межаў Расіі. Гэта не магло не выклікаць адмоўнай рэакцыі Крамля. Пакуль гэтая рэакцыя была толькі палітычная і дыпламатычная – гэта нікога ўсур’ёз не турбавала. Але

Расія, якая мае магчымасць і жаданне весці баявыя дзеянні па-за ўласнымі межамі – гэта ўжо зусім іншая Расія. І яна ўяўляе сабой пагрозу.

Ці будзе новая «халодная вайна»?

Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба прыгадаць дэфініцыю гэтай з’явы. Такім чынам, «халодная вайна» – гэта глабальная геапалітычная, ідэалагічная і эканамічная канфрантацыя паміж паміж блокамі дзяржаў, якая суправаджаецца гонкай узбраенняў. Для біпалярнага супрацьстаяння неабходна наяўнасць уласна самых палюсоў, вайскова-стратэгічны парытэт, а таксама ідэалагічны антаганізм, або розныя каштоўнасныя ці палітычныя сістэмы.

На сёняшні дзень мы назіраем нарастанне геапалітычнычнай канфрантацыі паміж Расіяй і Захадам на падставе разыходжання інтарэсаў і каштоўнасцяў. Акрыяўшы ад эканамічнага заняпаду, Расія спрабуе захаваць сваю сферу ўплыву і пашырыць рычагі ўплыву на постсавецкай прасторы, выкарыстоўваючы для гэтай мэты, у прыватнасці, энэргетычныя рэсурсы. Акрамя таго Расія супрацьпастаўляе сябе свету дэмакратыі па-амерыканскі, пакідаючы за сабой права на ўласны шлях развіцця, які не супадае з агульным трэндам, што адстойваюць ЗША.

Разам з тым, Расія занадта слабая ў эканамічным і вайсковым плане для таго, каб вытрымаць супрацьстаянне Злучаным Штатам і АПАД.

Паводле дадзеных Сусветнага даведніка ЦРУ, Расія па ВУП на душу насельніцтва ў 2007 годзе знаходзілася на 76 месцы ў свеце, а па абсалютных лічбах ВУП – на дзевятым (розніца з ВУП ЗША складае 7 разоў, з ЕС – столькі ж) . Абаронныя выдаткі Расіі ў 2007 годзе склалі 35,4 млрд даляраў, у той час як ЗША патрацілі 547 млрд даляраў, а Вялікая Брытанія — 59,7 млрд.

У адрозненне ад ЗША, у Расіі фактычна няма саюзнікаў, на якіх яна магла б абаперціся ў такім супрацьстаянні. Вайна ў Грузіі выдатна прадэманстравала непрыдатнасць АДКБ як у вайсковым, гэтак і ў палітычным плане. Нават Беларусь не паспяшалася ўхваліць дзеянні свайго партнёра па саюзнай дзяржаве.

Нягледзячы на адрознае бачанне палітычнага ладу, паміж Захадам і Расіяй сёння няма той прорвы, якая была паміж СССР і Захадам падчас «халоднай вайны». І ў Нью-Ёрку, і ў Маскве той самы капіталізм і тыя самыя «Макдональдсы», аднолькавыя стандарты спажывання і падобны лад жыцця. Акрамя таго, Расія моцна залежыць ад Захаду, і гэта не дазволіць ёй пайсці на адкрытую канфрантацыю. Асноўным накірункам экспарту расійскіх вуглевадародаў з’яўляецца аб’яднаная Еўропа. Гэта азначае не толькі залежнасць Еўропы ад Расіі, але таксама і Расіі ад Еўропы, бо труба, як вядома, мае два канцы, а расійская эканоміка вельмі моцна залежыць ад продажу сыравіны. Так званы расійскі стабілізацыйны фонд, які фармуецца са звышпрыбыткаў з продажу газу, захоўваецца на валютных рахунках замежных банкаў, якія ў выпадку вайны ці сур’ёзнай канфрантацыі могуць быць папросту замарожаныя.

Адчуўшы сваю моц, Расія агрызаецца і стараецца ўтрымаць статус вялікай дзяржавы праз агрэсіўныя дзеянні ў сваёй былой сферы ўплыву. Яна можа весці лакальныя войны, але яна не гатовая да глабальнага супрацьстаяння з такой гіпердзяржавай як ЗША. Масква разбурае міжнародна-прававыя рэжымы і робіць гучныя заявы, але яна паводле сваіх магчымасцяў з’яўляецца звычайнай рэгіянальнай дзяржавай, не маючай патэнцыялу стаць новым геапалітычным полюсам.

Новай «халоднай вайны» не будзе. У горшым выпадку Расія проста ператворыцца ў яшчэ адну дзяржаву-ізгоя.

Што рабіць суседзям?

Ізаляцыя Расіі не прынясе нічога добрага. Тым больш, што мы ўжо маем такі гістарычны прыклад, які меў месца ў пачатку мінулага стагоддзя. Ізаляцыя прывядзе да яшчэ большых аберацыяў успрымання расійскім кіраўніцтвам міжнароднай палітыкі, што немінуча прывядзе да неадэкватных знешнепалітычных дзеянняў, росту мілітарызму і аўтарытарызацыі унутрыпалітычнага ладу. Як ужо было адзначана, Расія не гатовая да «халоднай вайны» з Захадам, але яна цалкам здатная весці рэгіянальныя войны за тэрыторыю і палітычны ўплыў, што было прадэманстравана ў Грузіі. І перш за ўсё актыўнасць Расіі будзе скіравана на былыя савецкія тэрыторыі, што сталі незалежнымі дзяржавамі. Некаторыя заходнія палітолагі ўжо нават называюць наступныя аб’екты расійскай агрэсіі.

Аднак падчас вайны ў Грузіі занепакоенасць у суседзяў Расіі выклікалі не толькі паводзіны Крамля, але і бяздзейнасць заходніх саюзнікаў Саакашвілі, якія не аказалі ніякай рэальнай падтрымкі грузінам у той час, калі расійская авіяцыя бамбіла Горі і Поці. Нагода задумацца з’явілася не толькі для Ўкраіны, але таксама і для Балтыйскіх краін, якія з’яўляюцца сябрамі АПАД. Сапраўды, ці гатовы ЗША і заходнееўрапейскія краіны распачынаць трэцюю сусветную вайну з-за нападу на Латвію ці Эстонію? Тым больш, што ў гісторыі АПАД не было ніводнага прэцэдэнту задзейнічання пятага артыкулу Статуту Альянсу (дзе ідзе гаворка пра калектыўную абарону), акрамя 11 верасня 2001 года. АПАД нават не мае плану абароны краін Балтыі. Кошт такога канфлікту будзе занадта вялікім для ўсяго Захаду. І хутчэй за ўсё, інтарэсы малых саюзнікаў будуць праігнараваныя.

Тым часам, у Рызе была склікана Рада нацыянальнай абароны, якая прыняла рашэнне перагледзець адносіны з Расіяй і ступень падрыхтаванасці дзяржавы для абароны.

Літва пакуль што паводзіць сябе больш стрымана, аднак некаторыя палітычныя сілы, у прыватнасці, літоўскія кансерватары («Саюз Айчыны») заклікаюць прыпыніць працэс прафесіяналізацыі арміі і вярнуцца да канцэпцыі тэрытарыяльнай абароны. Аднак, нават вярнуўшыся да ўсеагульнага прызыву, ці здолее Літва абараніць сябе ад магчымай расійскай агрэсіі? Адказ тут відавочны.

Ізаляцыя Расіі прывядзе да абвастрэння геапалітычнага змагання за постсавецкую прастору. Насуперак меркаванням пра вырашаную справу з сяброўствам Украіны ў АПАД, бітва за гэтую былую савецкую рэспубліку яшчэ не скончана. Украіна занадта важная для расійскіх імперскіх планаў, каб аддаць яе без бою.

І ў ЗША, і ў Расіі добра памятаюць старую максіму Бжазінскага, згодна з якой Расія ніколі не зможа стаць імперыяй без Украіны. І вайна за Ўкраіну, у адрозненне ад Грузіі, ці Эстоніі, цалкам можа стаць пачаткам новага глабальнага канфлікту.

Беларусь у шэрагу суседзяў Расіі падаецца ў найбольш бяспечнай пазіцыі. Аднак канфлікт у Грузіі прымусіў і беларускае кіраўніцтва задумацца над сваім лёсам. Бо для Беларусі «прапанова» ўвайсці ў склад усходняга саюзніка шасцю абласцямі ўсё яшчэ актуальная.
І цяпер, калі супрацьстаянне паміж Расіяй і Захадам дасягнулі свайго апагею, Менску давядзецца рабіць вельмі жорсткі выбар – з кім ён. Звычайная палітыка лавіравання паміж двума геапалітычнымі монстрамі ўжо не адэкватная наяўнай сітуацыі.
І выбар тут невідавочны.
Выглядае на тое, што якраз сёння для Беларусі настае той момант ісціны, калі вырашаецца лёс краіны на доўгія гады.
І ці не таму былі выпушчаны палітычныя вязні? Ці не таму прылятаў у Мінск прадстаўнік Дзярждэпартамента? І ці не таму Лукашэнка не спяшаецца з прызнаннем Паўднёвай Асеціі і Абхазіі?

Але й разам з тым словы беларускага прэзідэнта пра «мудрыя і прыгожыя» дзеянні расійскай арміі ў Грузіі і падрыхтоўка да падпісання пагаднення аб адзінай сістэме супрацьпаветранай абароны Беларусі і Расіі. Пакуль што быць саюзнікам Расіі для Лукашэнкі нашмат выгадней, чым разварочвацца на Захад і праводзіць комплекс рэформаў. Але гэта цяпер. Як паказваюць падзеі апошняга месяца, сітуацыя можа развівацца вельмі хутка. І да гэтага трэба быць падрыхтаваным.

Калі казаць пра бяспеку непасрэдных суседзяў Расіі, то тут бачыца некалькі магчымасцяў:

Па-першае, для краінаў, якія не з’яўляюцца сябрамі АПАД, неабходна скарыстаць спрыяльны момант для таго каб атрымаць паўнавартаснае сяброўства ў гэтай арганізацыі, якая дае пэўныя гарантыі бяспекі. Перад тым, як напасці на краіну-ўдзельніцу Альянса, Расіі трэба будзе моцна падумаць.

Па-другое, як было ўжо сказана вышэй, само сяброўства ў АПАД не дае поўнай гарантыі бяспекі для малых дзяржаваў, таму выйсце можа быць знойдзена праз рэалізацыю сумесных абарончых праектаў наўпрост са Злучанымі Штатамі, як гэта ўжо зрабілі Польшча і Чэхія. Але тут маецца і свой адваротны бок – у такім разе краіна становіцца непасрэднай мішэнню для расійскіх ракет.

Па-трэцяе, краіны Усходняй Еўропы ў мэтах падвышэння ўласнай бяспекі могуць аб’яднацца ў вайскова-палітычны блок, які б ахопліваў тэрыторыю былога Вялікага Княства Літоўскага або Рэчы Паспалітай.
Гэта магло б быць выйсцем як для краін-удзельніц ЕС і АПАД (падвышэнне палітычнай вагі ў межах еўраатлантычных структур), гэтак і для такіх краін, як Украіна і Беларусь (апасярэдаваная прывязка да ЕС і АПАД, рэзкае падвышэнне геапалітычнай важнасці дзяржаўных тэрыторыяў, павелічэнне абарончага патэнцыялу).

На сёняшні дзень пагроза Расіі не настолькі актуальная для краін усяго рэгіёну, для таго каб рэалізаваўся апошні сцэнар, але пэўныя тэндэнцыі ў гэтым накірунку ўжо праглядаюцца. Яны перш за ўсё выражаюцца ў наладжванні больш цесных адносінаў паміж Літвой, Украінай і Беларуссю.

Што да Беларусі, то калі яе кіраўнікі жадаюць захаваць рэальную незалежнасць краіны, то ім неабходна прыняць прапановы Еўропы і ЗША і рухацца ў бок сяброўства ў еўраатлантычных структурах. Там болей, што фармальных перашкод тут не так шмат, як падаецца. Беларусь не мае тэрытарыяльных і этнічных канфліктаў і прэтэнзіяў да суседніх дзяржаў, эканамічныя паказчыкі не нашмат горшыя за Сербію і Албанію, насельніцтва адукаванае і дысцыплінаванае. Праблема толькі ў цывілізацыйным выбары і палітычных рэформах. А гэтыя пытанні вырашаюцца на працягу аднаго дзесяцігоддзя.

Натуральна, беларуская апазіцыя будзе выступаць супраць нарошчвання кантактаў Беларусі з Захадам пры захаванні існуючага кіраўніка дзяржавы, нават калі апошні пройдзе на правядзенне ўнутрыпалітычных рэформ і эканамічную лібералізацыю. І гэта будзе абгрунтоўвацца ў маральных катэгорыях, неабыякавых для Захаду. Аднак, такую пазіцыю трэба прызнаць недальнабачнай і нават шкоднай для нацыянальных інтарэсаў Беларусі, бо яна перашкаджае выкарыстанню гістарычнага шанцу для краіны выйсці з-пад уплыву Масквы і далучыцца да заходняй цывілізацыі.

Паколькі палітыка – гэта мастацтва магчымага, то

нашмат больш мудрым для дэмакратычных сіл было б усяляк спрыяць пераарыентацыі Беларусі, нават калі для гэтага трэба будзе пайсці на часовы хаўрус з Лукашэнкам. Легітымізацыя рэжыму не на карысць апазіцыі, але на карысць Беларусі ў дадзеных умовах.
Таму гэты выбар будзе таксама і тэстам для беларусіх палітыкаў на наяўнасць стратэгічнага і дзяржаўнага мыслення. Ат таго, як яны яго пройдуць, будзе залежыць і будучыня беларускай апазіцыі ў цэлым.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?