Беларусь заўжды імкнулася наладзіць добрыя дачыненьні з Эўропай.

Пра гэта заявіў сёньня Аляксандар Лукашэнка падчас інтэрвію замежным СМІ: газэтам «Financial Times» і «Frankfurter Allgemeine Zeitung»

«З самых першых дзён майго прэзыдэнцтва я дакладна акрэсьліў замежнапалітычную стратэгію краіны, зыходзячы з таго, што яна павінна быць шматвэктарнай. (…) Гэта прадыктавана самім геаграфічным становічшам краіны, бо, як вядома, Беларусь ня толькі неад’емная частка Эўропы, але і яе геаграфічны цэнтар», ‑‑ сказаў Лукашэнка.

«Беларусы ніколі не хацелі ніякага абвастрэньня са сваімі суседзямі».

Лукашэнка дадаў, што эканоміка сама штурхае Беларусь да таго, каб праводзіць адкрытую шматвэктарную палітыку.

«Калі вы кажаце, што для вас важныя парлямэнцкія выбары, то мы цалкам адкрылі для вас краіну:
ідзіце, глядзіце, назірайце, ці ў адпаведнасьці з нашымі законамі праходзіць перадвыбарчы пэрыяд, датэрміновае галасаваньне і самі выбары», ‑‑ сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсьліў, што хоча Захад таго ці не, новы парлямэнт будзе абраны, і пытаньне пра тое, якім ён будзе, вырашыць беларускі народ.

Разам з тым, прэзыдэнт сказаў: «Мы хочам, каб вы нас ўспрынялі і прызналі нашы выбары».

Лукашэнка сказаў, што кіраўніцтва Беларусі ня хоча выстройваць стасункі з Захадам цераз тую жалезную куртыну, якую яны самі пабудавалі на мяжы зь Беларуссью.

«Мы хочам кантактаваць з вамі ва ўсіх сфэрах: ад навукі да самых складаных пытаньняў ўзаемадачыненьняў паміж дзяржавамі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?