26 кастрычніка Грамадскае аб’яднаннне «Таварыства беларускай мовы» плануе правесці чарговы X з’езд. Якім чынам ТБМ збіраецца ўплываць на новы склад беларускага парламенту, каб дабіцца перагляду Закона аб мовах, у чым сутнасць звароту да насельніцтва напярэдадні перапісу, распавядае старшыня аб’яднання Алег Трусаў.

— Журналісты ўжо абмяркоўваюць пытанне, ці адбудзецца змена кіраўніцтва вашай арганізацыі…

— Пакуль канкурэнтаў у мяне няма. Хто ж захоча мець такі клопат: шукаць, напрыклад, штомесяц тысячу еўра, каб існавала арганізацыя? Прэзідэнт падпісаў указ аб павелічэнні ў 10 разоў памеру арэнднай платы для грамадскіх арганізацый, якія не займаюцца камерцыйнай дзейнасцю, і мы вымушаныя плаціць. Іначай нас закрыюць: скасаванне юрыдычнага адрасу ланцугом цягне за сабой і скасаванне аб’яднання. Мяне ўжо крытыкавалі за метады, да якіх я вымушаны прыбягаць у пошуках грошай. Называлі шантажыстам, калі ТБМ агучыла прозвішчы вядомых апазіцыянераў, якія адмовіліся ўнесці ахвяраванні.

Арэнда, між іншым, — гэта асноўныя нашыя выдаткі. Яшчэ тэлефон, Інтэрнет, выдаем за свой кошт газету «Наша слова», капейкі ідуць на заробкі супрацоўнікам. Я, напрыклад, заробак увогуле не атрымліваю. Жыву з таго, што выкладаю ва ўніверсітэце.

— Акрамя арганізацыйных пытанняў, што яшчэ будзе вырашацца на з’ездзе?

— Перш‑наперш, трэба выпрацаваць зварот да грамадзян, каб людзі рыхтаваліся да перапісу насельніцтва і ведалі, як адказваць на некаторыя пытанні: напрыклад, што іх родная мова — беларуская і размаўляюць яны дома па‑беларуску. Дзесяць гадоў таму мы таксама прымалі адпаведны зварот і выйгралі той перапіс.

— Што значыць «выйгралі»?

— Улады сцвярджалі, што ў краіне ніхто па‑беларуску не размаўляе, вучоныя распавядалі па тэлебачанні пра нейкую статыстыку, што роднай мовай у Беларусі карыстаецца не болей за 5 адсоткаў насельніцтва. Увогуле толькі беларускія чыноўнікі маглі дадумацца да таго, каб унесці ў спіс пытанняў перапісу і такое: «Якой мовай вы карыстаецеся дома?» Нават у савецкія часы такога пытання не існавала… І яны рыхтавалі электарат да таго, як трэба адказваць, нездарма агучвалі лічбы. Але ж, дзякуючы нашым намаганням, іх задума правалілася. 37 адсоткаў спраўдзілі, што размаўляюць дома па‑беларуску, дарэчы, паўмільёна з іх былі не беларусы, а палякі, літоўцы, габрэі…

— Але ж, мне падаецца, лічба насамрэч штучная…

— Пытанне мовы ў Беларусі ўжо 300 гадоў штучнае і палітычна завостранае. І не трэба быць наіўнымі. Калі мы хочам выжыць і не згубіць Беларусь на мапе свету, мы павінны пра гэта людзям казаць. Асабліва гэта тычыцца дэмакратаў, якія ў кожным сваім выступе сцвярджаюць, што пякуцца пра будучае Беларусі. А што насамрэч атрымліваецца?! Сябры АГП удзельнічалі ў апошняй выбарчай кампаніі ў парламент, спецвыпускі выдавалі — ні слова па‑беларуску. Між тым, ад пытання «Якой мовай вы карыстаецеся дома?» шмат што залежыць: колькі беларускіх выданняў захаваць, колькі выдаць слоўнікаў і г.д.

— Дарэчы, існуе меркаванне, што дзяржава да ТБМ прыслухоўваецца, з вашымі заўвагамі лічыцца. Гэта насамрэч так?

— Кожнае пытанне ТБМ вырашае, прыбягаючы да ліставання з чынавенствам. Нават калі на дзяржаўным узроўні прымаюцца такія рашэнні, што, здавалася б, адмяніць іх нельга, мы не складаем рукі і не кажам, што гэта немагчыма, а бамбардзіруем лістамі Мінгарвыканкам, Адміністрацыю прэзідэнта, усе дзяржаўныя ўстановы, ад якіх залежыць вырашэнне той ці іншай справы. Можам і лаяцца з чыноўнікамі, можам і падзякаваць за добрую справу.

На будучым з’ездзе, напрыклад, плануецца прыняць зварот да палаты прадстаўнікоў новага склікання з патрабаваннем унесці адпаведныя змены ў Закон аб мовах і выкінуць гэтыя «ці» і «альбо», якія даюць магчымасць чыноўнікам ніколі не карыстацца беларускай мовай — ні штодня, ні ў справаводстве. Гэтыя агаворкі прывялі да таго, што дзяржаўныя ўстановы не маюць беларускамоўных бланкаў.

Мы завальвалі лістамі папярэдні парламент, не пакінем у спакоі і новы. Я, напрыклад, думаю «даціснуць» дэпутата Уладзіміра Здановіча, вядомага сваёй крытыкай рэфарматараў сярэдняй школы. Ён добра размаўляе па‑беларуску, настаўнік па адукацыі. Здановіч быў дэпутатам 3‑га склікання і мы ўжо тады звярталіся да яго асабіста з просьбай ініцыяваць пытанне на сэсіі парламента аб унясенні зменаў у Закон аб мовах. Ён тады даслаў адпіску, што, маўляў, сыходзіць з дэпутацтва і прапанаваў звяртацца да новых народных выбраннікаў 4‑га склікання. Але ж Здановіч зноў балатаваўся ў дэпутаты і зноў абраны ў парламент. Літаральна заўтра дашлю яму віншаванні і буду зноў слаць лісты наконт змяненняў у Закон аб мовах. Няхай хлопец вылазіць з кустоў і пачынае працаваць…

— Але ж ці ж гэта магчыма з дапамогай лістоў перайначыць сітуацыю, якая склалася з беларускай мовай?

— Вось нядаўна мы зрабілі немагчымае — вярнулі ва ўсе універсітэты курс беларускай прафесійнай лексікі… Вуліца Сапегі ёсць ужо нават у Пружанах, не толькі ў вялікіх гарадах…

Мы прымусілі ўлады выдаць унікальны каляндар «Родны край» на 2009 год. У мінулым годзе дзяржава не выдала ніводнага беларускамоўнага каляндара! Амаль год мы збіралі подпісы, перасылалі звароты ў прэзідэнцкую адміністрацыю, у Міністэрства інфармацыі. І яны надрукавалі каляндар. Яго ўжо можна набыць у кнігарнях. Прычым, дзяржава ўзяла на сябе ўсе выдаткі. Сабекошт календара склаў 7 тысяч, а набыць у краме яго можна крышку болей чым за 2 тысячы. І гэта ёсць нашыя канкрэтныя справы. Будзем мы — будуць беларускамоўныя выданні, шыльды на вуліцах і ў крамах, будзе рэклама транслявацца па‑беларуску.

— Толькі ці загавораць беларусы на матчынай мове?

— Калі параўнаць цяперашнюю сітуацыю з той, якая склалася на пачатку 1990‑х, на хвалі адраджэння, то, магу сказаць, што зараз яна лепшая. Больш людзей размаўляе на роднай мове, асабліва моладзь. Гэта становіцца модным, прэстыжным. Напачатку 1990‑х беларуская мова асацыявалася з вёскай, а апошнія гады перавярнулі гэтыя ўяўленні. Сёння адценне сялянскасці з беларускай мовы знікла. Гэта ўжо мова адукаваных, інтэлігентных людзей. І менавіта такое стаўленне да мовы схіляе людзей да таго, каб на ёй размаўляць. Заўважце, з кожным годам усё болей выпускнікоў школ трымаюць тэсты не па рускай, а па беларускай мове.

— Ці можаце вы адказаць дакладна, колькі беларусаў карыстаецца роднай мовай? 37 адсоткаў, як сведчыць апошні перапіс, ці больш? А, можа, меней?

— 95 адсоткаў, ўлічваючы і розныя варыянты «трасянкі». Рускай літаратурнай мовай карыстаецца не болей за 5 адсоткаў жыхароў Беларусі.

Я адсочваю сітуацыю з мовай і па сваіх студэнтах. Кожны год я выкладаю ў першакурснікаў і кожны раз прыходзіць моладзь, у якой узровень валадоння мовай лепшы, чымсьці ў папярэдніх курсаў. Я памятаю, як мучыўся са студэнтамі 10 гадоў таму, калі яны не маглі па‑беларуску ні пісаць, ні адказваць. У тыя ж 1990‑я гады студэнты пратэставалі супраць выкладання на беларускай мове. А зараз самі просяць, каб лекцыі чыталіся па‑беларуску. Я параўноўваю сённяшнюю сітуацыю з травой пад асфальтам. Яна расце, патроху, цмяна, але як толькі атрымаецца яе вызваліць з‑пад гэтага асфальту, то ўздымецца па пояс…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?