Найхутчэй, што наступныя прэзыдэнцкія выбары пройдуць пры канцы 2010 году ці на самым пачатку 2011 году. Такім чынам, да іх застаецца два гады. Апазыцыі пара вызначыцца, як яна мае ўдзельнічаць у гэтых выбарах і як і каго вылучаць. Сьпіс магчымых прэтэндэнтаў досыць шырокі, але, як паказвае практыка кампаній‑1994, 2001 і 2006, колькасьць актывістаў дэмакратычнага руху ў краіне такая, што подпісы здольныя сабраць ня больш за два незалежныя кандыдаты. Зьміцер Панкавец прапануе кароткі аналіз шанцаў і пэрспэктыў магчымых прэтэндэнтаў.

Пры ўсіх «але» Аляксандар Мілінкевіч застаецца самым пазнавальным і папулярным лідэрам апазыцыі. Падчас мінулай прэзыдэнцкай кампаніі палітык дабіўся вядомасьці, прычым, што важна, ня толькі ў Менску. На працягу наступных двух гадоў Мілінкевіч ня зьменшыў інтэнсіўнасьць сваіх паездак па рэгіёнах. Ніхто больш з апазыцыйных палітыкаў на падобнае не адважваўся. Ня дзіва, што ў рэгіёнах вельмі многія гатовы падтрымаць Мілінкевіча зноў. Зь ягонага боку людзі адчуваюць прынамсі ўвагу. Дый каней не пераправе не мяняюць, кажуць яны.

Увесь пасьлявыбарчы час Мілінкевіч выконваў прэзыдэнцкую працу, сустракаючыся з кіраўнікамі эўрапейскіх краін і ЗША. Разам з тым, ёсьць знакі таго, што менавіта Амэрыка ня хоча бачыць Мілінкевіча кандыдатам на наступных прэзыдэнцкіх выбарах, што выявілася ў шэрагу красамоўных палітычных жэстаў.

Яшчэ варта адзначыць, што Рух за Свабоду так і не крышталізаваўся, ня стаў рэальнай палітычнай сілай. Рух ствараўся для людзей, якія раней ня ўдзельнічалі ў палітыцы, а ягоны касьцяк склалі тыя самыя актывісты Партыі БНФ, «Маладога фронту», дзе‑нідзе АГП. Гэта відавочны мінус.

Лідэры палітычных партый таксама ня схільныя бачыць у пэрсоне Мілінкевіча імавернага кандыдата. Многія пасьпяшаліся сьпісаць экс‑кандыдата як палітыка, які, на іх думку, сказаў і зрабіў ужо ўсё, што мог.

За сьпінай Мілінкевіча ўвесь гэты час знаходзіўся Віктар Карняенка. Гэта яшчэ адзін выхадзец з рэгіянальнага актыву. Карняенка, а не Мілінкевіч мог стаць адзіным кандыдатам яшчэ на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах, але нешта тады не зраслося.

Надзея паспрабаваць свае сілы празь пяць гадоў у Карняенкі ёсьць. Многія незадаволеныя пэўнай пасіўнасьцю Мілінкевіча вылучаюць у якасьць альтэрнатыўнай фігуры менавіта ягонага галоўнага памочніка. Пры пэўным раскладзе Карняенку могуць падтрымаць і партыйныя лідэры.

Карняенка славіцца ўменьнем выконваць ценявую працу. У той самы момант мала што можна сказаць пра яго як пра публічнага палітыка. Ня варта скідваць з рахункаў і досыць вялікі нэгатыўны рэйтынг намесьніка лідэра Руху за Свабоду сярод актыву.

Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі многімі ад пачатку разглядаўся як асоба на палітычнай арэне краіны часовая. На справе ж выявілася, што дасьведчаны Баршчэўскі, які хоць і адсутнічаў у палітыцы ад 1999 году, мае немалыя амбіцыі. Бракуе яму толькі сродкаў для іх рэалізацыі.

Пакуль Баршчэўскі абмяжоўваецца прамацваньнем глебы ўнутры партыі і вакол яе. Гэта ўсё адбываецца на фоне пастаянных выказваньняў пра неабходнасьць вылучыць на выбары фронтаўскага кандыдата. Ці ёсьць у БНФ нейкія іншыя годныя прэтэндэнты, апроч Баршчэўскага? Навідавоку ‑ не.

Баршчэўскі разумее, што ў фрагмэнтаваным сьвеце палітычных партый посьпех (збор 100 тысяч подпісаў) магчымы толькі пры ўмове выбудовы максымальна шырокай кааліцыі. Менавіта таму ён перамаўляецца, з аднаго боку, з Саньнікавым, а з другога ‑ зь Зянонам Пазьняком. Зрэшты, усё ж ня факт, што Баршчэўскі такі адважыцца ісьці.

Ніяк не сфармуляваў яшчэ палітычных задачаў сваёй партыі на 2010 год Пазьняк. Патэнцыял партыі не зьмяніўся ад 2001 і 2006 гадоў, таму ад палітыка патрабуецца зьдзейсьніць нешта нечаканае, каб вынік стаў іншы. Ніхто не сумняецца, што Пазьняк на неспадзяваныя крокі здольны, але ўпарта вычэквае спрыяльнага моманту. Пазьняк захоўвае перавагу свайго бліскучага аратарскага таленту. Ёсьць і вялікае але: вось ужо гадоў дзесяць як ён ня мае досьведу выбудоўваньня кааліцыі, а бяз гэтага цяжка зрабіць нешта рэальнае. Дарэчы, сам Народны Фронт канца 80-х - пачатку 90-х быў у сваім кшталце такой кааліцыяй.

Крыху аціхлі размовы пра кандыдацтва каардынатара «Хартыі‑97» Андрэя Саньнікава, мо таму што ён нідзе публічна не заяўляў пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі.

Выпускнік ін’язу Саньнікаў цудоўна размаўляе на некалькіх замежных мовах. Яго добра ведаюць на Захадзе. У той жа час ён ня быў «нікім» у Беларусі — пасада намесьніка міністра замежных справаў гэта нешта. Пры гэтым, у нейкім сэнсе, Саньнікаў мог бы выглядаць адносна новым чалавекам у палітычным жыцьці краіны. Для шырокага выбарца, але не для палітычнага сьвеціка. У якім Саньнікаў шмат з кім пасвараны.

Хапае нядобразычліўцаў і ў Алеся Міхалевіча, які таксама хіба што падумвае аб прэзыдэнцкіх выбарах. Натуральна, што каціроўкі палітыка рэзка зьменшыліся пасьля паразы ва ўнутрыпартыйных гульнях у БНФ.

Нягледзячы на гэта, Алесь Міхалевіч мае досыць разгалінаваную геаграфію сваіх аднадумцаў. Ад Горак да Берасьця, ад Белаазёрску да Гарадка. Хаця, як правіла, гэта невялічкія беларускія гарадкі, кшталту Жыткавіч ці Смалявіч. Іх мала, каб сабраць патрэбныя сто тысяч. Хіба што калі Мілінкевіч велікадушна і публічна перадасьць жазло лідэрства.

Мінусы і плюсы Міхалевіча фактычна цалкам супадаюць зь мінусамі і плюсамі Карняенкі. На боку Міхалевіча ўзрост, мабільнасьць, маладосьць ягонай каманды. На баку Карняенкі - вопыт, веданьне рэгіёнаў і адсутнасьць багажу нядаўняй паразы.

Упэўненыя ў сваім жаданьні выпрабаваць свае сілы ў прэзыдэнцкай кампаніі старыя коні — Анатоль Лябедзька і Сяргей Калякін. Абодва маюць вялікі нэгатыўны рэйтынг, як у грамадзтве, дзякуючы БТ, так і ўнутры апазыцыі — проста праз тое, што трымаюцца на першых ролях у безнадзейных гульнях апазыцыі усе 10, а то і 15 гадоў. Але пры гэтым за абодвума стаяць наймацнейшыя партыі, а самі яны даказалі сваё ўменьне трымаць удар. Таксама яны ўмеюць дамаўляцца і трымаць слова, што першасна для фармаваньня кааліцыі.

Калі Лябедзька аднойчы даказаў гатоўнасьць падпарадкавацца рашэньню Кангрэсу наконт абраньня адзінага, то Калякін, здаецца, на гэты раз гатовы балятавацца пры любых умовах. Аднак, помніцца, што ў 2001 годзе камуністы так і не змаглі назьбіраць за свайго лідэра патрэбныя 100 тысяч подпісаў. Актыў жа ПКБ за гэтыя гады не памаладзеў. Кандыдаты ад ПКБ на выбарах 2008 году ўсе разам узятыя і блізка не сабралі 100 тысяч подпісаў, як, зрэшты, і кандыдаты ад АГП, ПБНФ і, пагатоў, сацыял-дэмакратаў. Дзе ўзяць дадатковыя людзкія рэсурсы? Калякін ад самага 2006 году распачаў вырашэньне гэтага пытаньня. «Товарищ» з газэты ПКБ ператварылася ў газэту левых сілаў. З камуністамі зблізілася ліквідаваная Партыя працы, і асобныя рэгіянальныя асяродкі без партыйнай прыналежнасьці сталі гатовыя пайсьці за моцным і ўжо звыкла «сваім», хоць і камуністам. А тут і БСДП зрынула Казуліна...

Выкажам меркаваньне, што сіла заявак Калякіна і Лябедзькі ці кандыдата Руху за Свабоду будзе залежаць ад фактару Аляксандра Казуліна, зь якога ня зьнятая судзімасьць (але пры патрэбе яе здымуць, каб павялічыць блытаніну). Каго падтрымае экс‑кандыдат на пасаду прэзыдэнта, былы палітвязень? Левага ці правага? Лібэрала ці дзяржаўніка? Кагосьці з даўніх лідэраў ці новую постаць? А чаму не чалавека выключна блізкага і вернага? Напрыклад, свайго былога адваката і намесьніка Ігара Рынкевіча.

Сам Рынкевіч пра ўласныя прэзыдэнцкія амбіцыі не заяўляў нічога і ніколі, але такі варыянт зусім ня выключаны. Высокі, шыракаплечы Рынкевіч мае дзьве вышэйшыя адукацыі, цудоўна гаворыць па‑беларуску і па‑расейску. Сьмеласьці яму не займаць, толькі не зразумела, ці валодае ён цэласным бачаньнем сытуацыі ў краіне.

У былога палітвязьня Міколы Статкевіча праблема яшчэ горшая, чым у Сяргея Калякіна. Жаданьне ёсьць, а вось людзей вобмаль. Энэргія ёсьць, але ёсьць і рахункі налева і направа. Напэўна, спадзяваньні Статкевіча найперш зьвязаныя з актывістамі незарэгістраваных БХД і «Маладога фронту». Толькі гэтых сіл таксама зусім ня хопіць, каб адолець патрэбную планку ста тысяч подпісаў, а каго яшчэ Статкевіч можа заангажаваць без падпоркі кааліцыі - ня бачыцца.

Магчыма, што амбіцыі загудуць і ў кімсьці з прадпрымальнікаў. У прыватнасьці, гаворка можа весьціся пра Анатоля Шумчанку.

Гэта бадай усе прадстаўнікі апазыцыі, якія хоць нейкім чынам заявілі пра сваё жаданьне паўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах. Як бачым, у сьпісе пакуль зусім няма жанчын, дзеячоў з рэгіёнаў, чыноўнікаў (гэтыя заўжды вылазяць зьнянацку, як Казулін ці, раней, Марыніч), а таксама непалітычных прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці ‑ хаця б такіх, як у 2001 годзе Ганчарык, а ў 2005‑м дырэктар Ліцэю Ўладзімер Колас. Ня выключана, што нехта яшчэ можа праявіцца напярэдадні самых выбараў. Чаканьні і запатрабаваньне на новага палітыка ў грамадзтве ёсьць. Зьніадкуль такі ня зьявіцца, бо так не бывае, але кожная неспадзяванка паспрыяе таму, каб сытуацыя перастала выглядаць да сумнага прадказальнай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?