22 юнакі далучыліся да крайняй формы пратэсту. Яны патрабуюць спыненьня палітычных рэпрэсій.

Галадоўкі вяртаюцца ў палітычнае жыцьцё Беларусі. 29 траўня бестэрміновую палітычную галадоўку распачалі моладзевыя актывісты з Салігорску Максім Сяменчык, Мікола Пацкевіч, Яўген Мядзьведзеў і непаўнагадовыя браты Іван ды Ільля Шылы (ім 15 і 13 гадоў, адпаведна). 30 траўня да іх далучыўся салігорскі актывіст Партыі БНФ Павал Батуеў і Крысьціна Самойлава. Шылы, Батуеў, Сяменчык удзельнічалі ў намётавым гарадку ў Менску. Сяменчыка пасьля 10-суткавай адседкі ў Жодзінскай турме выгналі з ПТВ №72 «за прагулы».

Галадоўнікі патрабуюць вызваліць усіх палітвязьняў і спыніць крымінальны перасьлед моладзевых актывістаў: за першае паўгодзьдзе крымінальныя справы за «ўдзел у незарэгістраваных арганізацыях» заведзеныя на актывістаў «Маладога Фронту» і «Партнэрства». Дадатковае патрабаваньне салігорцаў – аднавіць у ПТВ М.Сяменчыка. Заява актывістаў перададзеная ў салігорскую пракуратуру. Менскія актывісты 31 траўня занесьлі сваю заяву ў Генэральную пракуратуру: яны таксама патрабуюць спыніць крымінальны перасьлед лідэраў «Маладога Фронту» і вызваліць усіх палітвязьняў.

Салігорск стаўся іскрынкай, ад якой успыхнула ўся краіна. 30–31 траўня да галадоўнікаў далучыліся хлопцы і дзеўкі з Горадні (Яўген Скрабутан, Зьміцер Цесьлянок, Яўгенія Шасьцерыкова, Андрусь Фамін і дзесяціклясьніца Вольга Смалянчук) і Менску (Зьміцер Хведарук, Настасься Палажанка, Аляксей Янушэўскі, Антаніна Вежнявец, Павал Давідовіч, Аляксандра Яначка, Уладзімер Дубовік, Тацяна Анікеенка, Алена Ігнацьева). 31 траўня да галадоўкі далучыўся Ігар Шчакарэвіч у Кіеве – на момант напісаньня артыкулу агулам 22 чалавекі.

Я.Скрабутан выказаў жаданьне пераехаць у горад шахтароў: «Астатнія гарадзенцы наўрад ці здолеюць: школьнікаў не адпусьцяць бацькі, бо хочуць назіраць за імі ў такі адказны час, а студэнтам цяпер трэба здаваць сэсію». П.Батуеў кажа, што да галадоўнікаў абяцалі таксама далучыцца сябры АГП.

За выняткам салігорскіх, усе астатнія галадоўнікі пакуль трымаюцца паасобку. Барыс Гарэцкі, адзін зь фігурантаў крымінальнай справы «Маладога Фронту», тлумачыць гэта тым, што многія ўдзельнікі акцыі навучаюцца й мусяць акурат гэтымі днямі здаваць іспыты на сэсіі. Другая прычына разрозьненасьці галадоўнікаў – няма памяшканьня, дзе яны маглі б сабрацца разам.

Расьцяжку «Галадоўка», вывешаную салігорскімі актывістамі ў першы ж дзень на бальконе, зьнялі праз суткі з дапамогай крана работнікі ЖКГ. Цяпер яе замяніў бел-чырвона-белы сьцяг.

Найбольшую ўвагу да галадоўнікаў выяўляюць міліцыянты. 30 траўня зранку міліцыянт у форме і невядомы ў цывільным спрабавалі ўварвацца ў кватэру – давялося забарыкадаваць дзьверы. Тады міліцыянты зайшлі да суседзяў і празь пярэгарадку на бальконе маёр Мікалай Драбудзька пагражаў актывістам арыштам. Пасьля гэтага ў двары дому быў пакінуты пост з двух міліцыянтаў. З1 траўня міліцыянты зноў наведалі галадоўнікаў. «Падняўся да нас у люльцы крана чалавек у цывільным, мы яго гарбатай папаілі», – сьмяецца П.Батуеў.

Аднак улады не абмяжоўваюцца толькі міліцэйскімі візытамі. Другі дзень галадоўкі быў адзначаны зборам моладзі пад вокнамі галадоўнікаў: актывістам паведамілі, што яны «бэнээфаўцы» і «фашысты». Акрамя таго, Івану Шылу праз бацьку перадалі позву на допыт у пракуратуру: яго выклікалі як сьведку ў справе «Маладога Фронту». Хлопец ісьці адмовіўся: «Мы перадалі ў пракуратуру свае патрабаваньні».

Цікавасьць да акцыі выказала і салігорская тэлевізія: здымачная група прыехала 30 траўня, калі на гаўбцы ў галадоўнікаў ужо вісеў бел-чырвона-белы сьцяг.

Сёлетняя моладзевая галадоўка – другая ў найноўшай беларускай гісторыі. Акурат год таму на знак пратэсту супраць беспадстаўных выключэньняў з навучальных установаў галадалі моладзевыя актывісты ў Жодзіне: яны пратрымаліся 11 дзён. Яўген Ваўкавец, удзельнік леташняй галадоўкі, кажа, што ганарыцца сваімі сябрамі: «Гэта крок адчаю, канечне. Але раз яны пайшлі на гэта, то цяпер павінны трымацца да апошняга. Мы раіліся зь сябрамі наконт таго, што галадоўка адбываецца ў розных месцах. Вядома, калі б былі ўсе разам, то лягчэй было б трымаць галадоўку».

Палітычныя галадоўкі ў Беларусі вядуць свой адлік з 1996 г., калі Юры Хадыка й Вячаслаў Сіўчык такім чынам дабіліся вызваленьня з турмы. Рэкордныя галадоўкі ў турме вытрымалі бізнэсоўцы Сяргей Скрабец і Мікалай Аўтуховіч, якія трапілі ў вязьніцу, паспрабаваўшы сябе ў палітыцы.

Такая масавая галадоўка моладзі ў Беларусі ладзіцца ўпершыню. Рэпрэсіі супраць яе ўдзельнікаў перад самітам «Вялікай восемкі» ў Пецярбургу выклікаў бы міжнародны розгалас. Акцыя ўжо цяпер набыла маштаб, які выводзяць яе па-за межы ўласна беларускага кантэксту.

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0