Помнік ля Лютэнзээ, сучасны выгляд.
Фота Беларуская нацыянальная памяць

88 гадоў таму, 27 лістапада 1920 г., на Случчыне распачаліся баявыя дзеяньні супраць бальшавікоў, якія пасоўваліся з усходу.

Збройны супраціў аказвала 1‑я Слуцкая брыгада, што складалася з двух палкоў: Слуцкага і Грозаўскага. Брыгада, а яе ўзначаліў Антон Сокал-Кутылоўскі, была сфармавана паводле рашэньня Зьезду случчакоў, што прайшоў 14 лістапада, на ім таксама быў створаны палітычны орган - Рада Сулуччыны (узначаліў Уладзімер Пракулевіч).

Паўстанцы прызнавалі вярхоўнай уладай на Беларусі Найвышэйшую раду БНР.

Случчакі трымалі фронт працягласьцю 60 км па лініі Капыль — Цімкавічы — Вызна, а найбольш значныя баі адбыліся ля вёсак Морач, Вызна, мястэчкаў Капыль ды Семежава. 13 сьнежня паўстанцы нават здолелі заняць Семежава.

Пад канец сьнежня паўстаньне было задушана, а змагары мусілі перайсьці за раку Лань, на польскі бок мяжы.

***

На эміграцыі пасьля вайны дзень 27 лістапада адзначаўся як Дзень Герояў. А на поўдні Баварыі, ля возера Лютэнззэ (гэта на мяжы з Аўстрыяй, непадалёк ад зімовага курорту Гарміш-Партэнкірхен) ў 1948 г. беларусамі, што тады знаходзіліся ў паваенных лягерах для перамешчаных асоб, быў пастаўлены помнік слуцкім паўстанцам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?