Шаноўныя чытачы, ад гэтага нумару «Наша Ніва» будзе выходзіць школьным правапісам.

«НН» пераходзіць на яго, бо ставіць перад сабой задачу заваёвы новай аўдыторыі. Вяртанне ў кіёскі «Саюздруку» дае такі шанец. Непрызвычаеным людзям чытаць па‑беларуску класічным правапісам цяжэй, моцна цяжэй. Тое адназначна паказвалі сацыялагічныя даследаванні, дый кожны з нас тое бачыў або адчуваў на сабе. Гэты псіхалагічны бар’ер абмяжоўваў аўдыторыю. Мы хочам, каб новыя і новыя людзі пачалі набываць газету, ідэнтыфікавалі беларускую мову як сваю, не адчувалі ад яе адчужэння. Было б недаравальна, каб непрыяцелі беларускага тыкалі: вось, мы іх дазволілі, і што — жменька чытачоў у іх.

Гэты крок ані кан’юнктурны, ані прадыктаваны эмоцыямі. Рэдакцыя даўно адчувала такую патрэбу для пашырэння кола актыўных носьбітаў беларускай культуры.
Лічым патрэбным зрабіць гэты крок цяпер. Спадзяёмся, што яго пазітыўны палітычны і культурны эфект можна будзе ацаніць ужо праз некалькі гадоў.
Незалежнае грамадства не павінна замыкацца ў сваім коле.
Нацыянальная свядомасць глыбока пранікла ў шырокія слаі, а незалежнасць краіны стала нацыянальным кансенсусам, на парадку дня — выхад Беларусі са стану васальнае залежнасці ад Расіі, кансалідацыя паўнапраўнае еўрапейскае нацыі.
«НН» пачатку ХХ стагоддзя выходзіла рознымі правапісамі, мяняла іх, але не змяняла пазіцыі і задач. Так і цяпер. Мяняецца правапіс, але нязменны дух газеты. «НН» застанецца такой сама чыста беларускай, як і была.
Наша святыня — мова. Правапісаў два, яна адна.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?