Дэвальвацыя падвяла рысу пад беларускім эканамічным цудам. Што можа зараз рабіць урад і што можа прапанаваць апазіцыя?

З аднаго боку, дэвальвацыя — гэта сапраўды наступства памылковай эканамічнай палітыкі беларускіх уладаў. З другога — цяжка зразумець, чаму на ўрад і Нацбанк накінуліся акурат тады, калі ён пачаў гэтую палітыку мяняць, а не тады, калі цягам многіх гадоў назапашваліся праблемы, якія і прывялі да 1 студзеня 2009 г. Зрэшты, Яраслаў Раманчук крытыкаваў гэты ўрад заўжды. Але ўсё ж такі настойваю — урад і Нацбанк мелі рацыю. Пытанне ў тым, ці будуць адэкватнымі іх наступныя крокі. Улада адышла ад папулісцкай палітыкі, навучылася трымаць у руках скальпель. Цяпер справа за тым, каб маніпуляцыі са скальпелем пайшлі на карысць пацыенту.

Наагул, адна з найвялікшых праблемаў, якая выявілася цягам апошняга тыдня, — гэта неймаверна нізкі ўзровень эканамічнай пісьменнасці нашага грамадства. Што лагічна: нават у Наргасе эканомікс не выкладаюць. (Здаецца, сітуацыя з сексуальнай пісьменнасцю ў СССР, дзе сексу не было, была нават трошкі лепшай.) Тое, што насельніцтва ўспрымае абменны курс і яго ваганні як валюнтарысцкую з’яву, якая залежыць ад волі ўладаў, урэшце саслужыла дрэнную службу самому насельніцтву — застрахавацца ад непрыемнасцяў здолелі акурат тыя, хто ў эканоміцы трошкі разумее. Вядома,

пад уплывам народнага гневу і ў прэсы, і ў аналітыкаў ёсць спакуса кінуцца ў голы папулізм. Заклікаю калегаў да прафесійнага падыходу і адказнасці, і пазбягання высноваў, напрыклад, што ўлада мусіла загадзя параіцца з грамадствам наконт дэвальвацыі
(пэўна, каб у банках вынеслі дзверы, а з іх — сейфы).

Дэвальвацыю выклікае дэфіцыт плацёжнага балансу, які сам па сябе з’яўляецца наступствам таго, што краіна спажывае больш, чым зарабляе. Гэтыя нажніцы забяспечваюцца імпартам, за які трэба плаціць. Штучнае спажыванне звычайна падтрымліваецца фіксаваным курсам нацыянальнай валюты — калі курс прывязваецца, а дзяржава працягвае друкаваць грошы, павышаецца ўзровень унутраных цэнаў у прапорцыі да кошту імпарту, і спажыванне імпарту рэзка павялічваецца. Гэтае спажыванне аплачваецца тым, што дзяржава падтрымлівае курс нацыянальнай валюты тратай золатавалютных рэзерваў. Калі тых пачынае не хапаць, адбываецца дэвальвацыя. Апошняя можа быць ці планавай, ці, як здарылася ў Расіі падчас крызісу 1998 г., абвальнай і некантраляванай.

Сама па сабе дэвальвацыя прыводзіць да рэзкага зніжэння ўзроўню жыцця за кошт скарачэння спажывання імпарту, але ратуе нацыянальнага вытворцу, робячы яго прадукцыю больш канкурэнтаздольнай на замежных рынках. Эканоміка атрымлівае шанец на выздараўленне, таму што пачынае больш прадукаваць і менш спажываць.

Вядома ж,

гэтае выздараўленне аплачваецца грамадзянамі.
Аднак грамадства і спажывала ў добрыя часы, калі краіна жыла не па сродках. І тут размовы пра тое, што хтосьці жыраваў а хтосьці жыў на 350 тысячаў, з пункту гледжання сухой матэматыкі абсалютна бессэнсоўныя. Грошы — гэта агрэгат, сярэдняя тэмпература па шпіталі.

Што было рабіць у беларускай сітуацыі, дзе наступствы недальнабачнай эканамічнай палітыкі (адміністрацыйнае падвышэнне заробкаў, пераацэнка абменнага курсу) супалі з такімі выклікамі, як сусветны крызіс, які прывёў да знікнення нафтавай рэнты, рэзкага скарачэння попыту на нашу прадукцыю і яшчэ большай страце яе канкурэнтаздольнасці за кошт абвальнай дэвальвацыі ў краінах, якія з’яўляюцца асноўнымі нашымі рынкамі? Да канца году склалася сітуацыя, калі сталі імкліва вычэрпвацца золатавалютныя рэзервы краіны. За восень яны скараціліся на траціну, за снежань гэтае скарачэнне магло толькі паскорыцца. Плаўная дэвальвацыя, якую абаранялі мае шаноўныя апаненты (такія, як спадар Раманчук і прафесар Багданкевіч), магла б прывесці да таго, што недзе ў лютым гэтыя рэзервы знізіліся б да катастрафічнага ўзроўню і дэвальвацыя б стала некантраляванай. Так, хтосьці паспеў бы выратаваць свае ашчаджэнні ў студзені, але за гэта было б заплачана яшчэ ніжэйшымі заробкамі і пенсіямі недзе з сакавіка. Карацей, народ бы ўсё роўна заплаціў за памылкі ўраду, прычым хутчэй за ўсё ў большым аб’ёме.

Адным з аб’ектаў даследавання маёй дысертацыі была праграма макраэканамічнай стабілізацыі ў Венгрыі ў 1995 годзе, дзе сітуацыя была на дзіва падобная — вялізарны ўзровень сацыяльных абавязацельстваў дзяржавы пры пераацэненым абменным курсе і запаволенай прыватызацыі.

Аднамомантная дэвальвацыя дазваляе пазбегнуць фінансавай панікі
(проста за кошт таго, даруйце за цынізм, што яна адразу канфіскуе пэўную частку грошай у насельніцтва), і гэта дазваляе хутка прывесці эканоміку ў стан раўнавагі. Але тут пачынаюцца пытанні, што рабіць пасля дэвальвацыі. І тут ужо — ваш выхад, урад!

Першы крок тут — працяг палітыкі прывязкі валюты, хай да кошыку. Бо пытанне фіксаванага абменнага курсу — гэта палітычнае пытанне ў Беларусі. Моцным рублём гарантаваліся рэальныя даходы насельніцтва і куплялася яго лаяльнасць. Улада паказала, што хоча і дагэтуль захаваць такі сацыяльны кантракт, хай і на ўзроўні, на 20% ніжэйшым. Праблема ў тым, што пры недаверы да ўлады, які пасеяла дэвальвацыя, чаканні новых падвохаў будуць павялічвацца, а ва ўмовах крызісу забяспечыць стабільны абменны курс будзе неймаверна цяжка.

Што тычыцца ўласна палітыкі абменнага курсу, уладам варта было б прыняць яшчэ адно мужнае рашэнне і перайсці або да паўзучай прывязкі рубля
(паступовай і загадзя аб’яўленай дэвальвацыі 1—2% у месяц, што пры ўмове больш таннага рубля ўжо цалкам магчыма), або наўпрост адмовіцца ад любой прывязкі і перайсці да рынкавага механізму вызначэння курсу.

Але тут для ўраду ўзнікаюць вялікія праблемы. Галоўнае — што прапанаваць народу цяпер? Бо праз некалькі месяцаў ці нават тыдняў, калі кароткатэрміновы эфект ад дэвальвацыі міне,

для забеспячэння фінансавай стабільнасці стануць патрэбныя грунтоўныя рэформы. Такія, як скарачэнне дзяржаўных выдаткаў, прыватызацыя і інвестыцыі.
На парадак дня ўстаюць грунтоўныя структурныя рэформы, з якімі Беларусь безнадзейна спазнілася.

Вось тут і

ўзнікае прастора для дзеянняў палітычнай апазіцыі і незалежнага грамадства.
Сітуацыя чымсьці нагадвае нафтагазавы канфлікт з Расіяй двухгадовай даўніны. Пакуль чакалі калапсу, Лукашэнка імкліва набіраў палітычныя балы. Пасля высветлілася, што і калапсу не будзе, і пазітыўных прапановаў ад апазіцыі не дачакаліся. Зараз апазіцыя мусіць пераступіць праз спакусу спаўзці да папулісцкай рыторыкі і прапанаваць і ўраду, і грамадству грунтоўную праграму выхаду з крызісу. І можа яна зрабіць гэта з простай прычыны —
тое, пра што апазіцыя казала столькі гадоў, пачынае спраўджвацца.
А менавіта — што Беларусь не вытрымае бясконца без рэформаў. Што аб’ектыўныя законы эканомікі дзейнічаюць паўсюль, у тым ліку і ў нашай краіне. Што ніякай унікальнай «беларускай мадэлі» няма. Што шлях да дабрабыту ляжыць праз рынкавыя рэформы. Што Беларусь мусіць інтэгравацца ў сусветную эканоміку і стаць у ёй канкурэнтаздольнай. Такім чынам,
што зараз можа апазіцыя прапанаваць ураду і грамадству?

Эканамічная будучыня Беларусі наўпрост залежыць ад таго, наколькі наладжаныя кантакты з навакольным светам і ў першую чаргу (зважаючы на эканамічны стан Расіі) з Захадам. Апазіцыя можа данесці да людзей, што ў кароткатэрміновай перспектыве, зважаючы на неабходнасць новых крэдытаў, краіна мусіць нармалізаваць палітычныя адносіны з Захадам і выйсці з міжнароднай ізаляцыі. Іншымі словамі, ад лёсу палітычнай лібералізацыі ў краіне сёння залежаць дабрабыт, заробкі і пенсіі грамадзянаў. А значыць, патрабаваць гэтай лібералізацыі трэба больш упарта і настойліва.

Другое. Апазіцыя можа запатрабаваць поўнай справаздачы ад ураду за стан нацыянальных фінансаў, зрабіць аўдыт дзяржаўных выдаткаў і патрабаваць устрымацца ад непатрэбных і сумнеўных інвестыцыйных праектаў.

Трэцяе. Апазіцыя можа і мусіць прапанаваць праграмы структурных рэформаў, накіраваныя на ўмацаванне рынкавай інфраструктуры і жыццёва важных сацыяльных паслугаў.

Чацвертае. Апазіцыя можа і мусіць запатрабаваць, каб у Беларусі неадкладна пачалася рэформа энергетычнага сектару, зацягванне з якой ставіць пад пагрозу нацыянальную канкурэнтаздольнасць і фінансавую стабільнасць.

Пятае. Апазіцыя можа і мусіць заклікаць ЕС і ЗША аказаць Беларусі тэхнічную і фінансавую дапамогу ў абмен, вядома ж, на рэформы і лібералізацыю. Пытанне пра дарожную карту яшчэ больш уваходзіць на парадак дня.

Шостае, і самае галоўнае. Апазіцыя можа і мусіць змяніцца сама. Пачаць разумець, што сітуацыя склалася так, што актарам пераменаў у Беларусі сёння з’яўляецца хутчэй улада, а не апазіцыя, і што вінаваціць апошняя за гэта можа толькі самую сябе. Узгадаць, чаго яна першапачаткова пасварылася з Лукашэнкам і адмовіцца ад логікі «чым горш, тым лепш», адмовіцца ад катэгарычнага непрымання ўсяго, што можа рабіць улада, пачаць хаця б рэагаваць на падзеі, пачаць думаць пра інтарэсы краіны спярша, а пра палітычныя расклады потым.

* * *

Віталь Сіліцкі — доктар палітычных навук, дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0