Меркаванні
3 каментары | 12:03, 20 студзеня 2009

Піша Алесь Чайчыц з Масквы.

Заставацца сабою — гэта значыць выдзяляцца нечым сярод іншых людзей, адрознівацца ад усіх астатніх, бо ты — гэта ты, а не нехта іншы. Людзі маюць розныя колеры скуры, валасоў і вачэй, розны рост і камплекцыю. Людзі вераць ці не вераць у Бога, галасуюць за розныя палітычныя партыі на выбарах, маюць розныя кулінарныя і музычныя густы, апранаюць розную вопратку.

Нацыянальная ідэнтычнасць — натуральны складнік ідэнтычнасці чалавека, яго пазіцыянавання ў сістэме каардынатаў грамадства паводле яшчэ адной прыкметы. Асабліва гэта актуальна для вялікай шматнацыянальнай краіны як Расія, якая ёсць домам для людзей з больш як 150 этнасаў — у тым ліку і для нас, расійскіх беларусаў.

Для нас

заставацца сабой — значыць у тым ліку заставацца беларусамі.

Пераважная большасць беларусаў у Расіі асімілююцца цягам першых пакаленняў. З 1989 да 2002 г. колькасць жыхароў Расіі, што ідэнтыфікавалі сябе беларусамі, упала на траціну, з 1,2 млн да 808 тысячаў чалавек.

Часта даводзіцца назіраць людзей, што, пераехаўшы ў Маскву, пачынаюць заўзець за «нашу» расійскую зборную па футболе, абмяркоўваць, як «у нас» праходзяць выбары ў Дзяржаўную Думу.

Прыкра бачыць беларускамоўных, якія пасля пераезду ў Маскву пачынаюць звяртацца да цябе па‑расійску.

У сучасных умовах, калі дзякуючы камунікацыйным тэхналогіям можна з любой кропкі планеты слухаць беларускае радыё, чытаць беларускую прэсу і стасавацца з беларусамі з усяго свету, гэта прыватны выбар кожнага чалавека: асімілявацца ці не.

Даводзілася чуць, што ў сучасным глабалізаваным свеце асімілявацца — гэта натуральна і непазбежна.

Хочацца не пагадзіцца.

Хтосьці кажа, што глабалізацыя — гэта пераплаўленне ўсіх моваў і народаў у адно і гублянне ідэнтычнасці, а я скажу, што ў глабальным свеце індывідуальнасць, наадварот, выходзіць на першы план.

Любая адрознасць — гэта патэнцыйная перавага.

Калі ты не маеш адметнасці, табе няма чаго прад’явіць гэтаму свету. Тое, што не зяўляецца ўнікальным — не нясе інавацыйнасці, таму не мае вартасці. Гэта адносіцца і да ідэй, але ў першую чаргу да іх носьбітаў і генератараў — людзей, а таксама да створанага імі асяродку, дзе ідэі нараджаюцца.

Ніколі не будзе такога, каб усе людзі думалі і паводзілі сябе аднолькава — а значыць, і нацыянальна‑культурная ідэнтычнасць ніколі не будзе замененая на нешта іншае.

Асабіста я зрабіў выбар на карысць таго, каб не асімілявацца, не адмаўляцца ад беларускіх каранёў. Я не хачу быць ані тым распаўсюджаным тыпам расійца, што забыў свае татарскія, мардоўскія ці ўкраінскія карані, ані тым тыповым расійскім беларусам, што выракся беларускасці.

Заставацца беларусам на фоне расійскай масы — гэта пэўны складнік адметнасці, частка таго індывідуальнага, што я не хачу прыносіць у ахвяру супольнасці. Хтосьці назаве гэта супрацьстаўленнем сябе грамадству — а я назаву гэта, наадварот, знаходжаннем і ўсведамленнем свайго месца ў ім, сярод гэтых 140 мільёнаў людзей розных нацыянальнасцяў, моваў, рэлігіяў.

Быць беларусам — гэта быць грамадзянінам, быць асобаю.

Быць самастойнай і ў той самы момант арганічнай часткай бязмежнага сучаснага свету і часткай вялікай гісторыі чалавечай расы. Гэта быць і заставацца самім сабою.

Апублікавана ў маскоўскім беларускім альманаху «Скарыніч», №7 (скарочана)

Падзяліцца навіной:         
3 каментары падпіска на каментары   каментары праз RSS  
wint напiсаў(ла) Студзень 20, 2009 у 13:42
У мяне таксама есьць фота з піку Чэрскага. Бацькаву радзіну саслалі ў Тайшэт, а бабця потым у 60-х у Іркуцк перабралася. Некалькі разоў леталі туды ў 70-80-е. Людзі там цудоўныя жывуць.
Аляксандар напiсаў(ла) Студзень 21, 2009 у 1:24
Малайчына Алесь! Выдатна паказаў, што лібэралізм- любоў да свабоды і павага да адметнасьці кожнай асобы - выдатна спалучаецца з патрыятызмам. Посьпехаў табе і ўсім моцным і вольным людзям! Хай усе беларусы будуць такімі!
OFA напiсаў(ла) Студзень 21, 2009 у 12:40
"Калі ты не маеш адметнасці, табе няма чаго прад’явіць гэтаму свету..."
Выдатна сказана!
  падпіска на каментары   каментары праз RSS  
Дадаць каментар (прэмадэрацыя)

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Спам-фільтар: увядзіце ўсе лікі без прабелаў (напр. 15091974), каб даслаць каментар.

Самае чытанае
Рэдакцыя рэкамендуе
Апошнія абмеркаванні
Лiстапад 2007г.
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30
© МФВГ "Наша Нiва". Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (для інтэрнэт-рэсурсаў - гiперспасылкi) на "Нашу Нiву" Кантакт з Рэдакцыяй: форма зваротнай сувязі; электронная пошта: nn@nn.by; тэлефоны: +375 17 284-73-29 (тэл./факс), +375 29 613-32-32 (Velcom), +375 29 707-73-29 (МТС).