На сустрэчы старшыні «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» Алега Трусава со старшынёй Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Аляксандрам Зімоўскім 27 студзеня дасягнута дамоўленасць аб пашырэнні ўжытку беларускай мовы на айчынным тэлебачанні. Пра гэта паведаміў БелаПАН А.Трусаў.
Паводле яго слоў, на сустрэчы, якая адбылася з ініцыятывы старшыні ТБМ, былі разгледжаны сем прапаноў кіраўніцтву НДТРК.
Як зазначыў А.Трусаў, бакі прышлі да згоды па пяці пунктах:
заснаваць 10—15‑хвілінную перадачу «Гаворым па‑беларуску»;
стварыць цыкл перадач на беларускай мове на гістарычную тэматыку, прычым першы цыкл прысвяціць 600‑годдзю перамогі беларусаў у складзе войскаў Вялікага княства Літоўскага ў Грунвальдскай бітве;
сумесна з Інстытутам мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАНБ зрабіць перадачу, прысвечаную 10‑м угодкам Міжнароднага дня роднай мовы, заснаванага паводле рашэння ЮНЕСКА;
раз у месяц ладзіць на тэлебачанні тэматычныя круглыя сталы па пытаннях беларускай мовы і культуры з удзелам грамадскіх арганізацый, у тым ліку ТБМ, Таварыства беларускай школы і Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына»;
аднавіць дубляж замежных фільмаў на беларускую мову з далейшым паказам на айчынных тэлеканалах.
Разам з тым, паводле слоў старшыні ТБМ, дзве прапановы аб’яднання (Першы нацыянальны канал Беларускага тэлебачання ў перспектыве цалкам зрабіць беларускамоўным, а беларускамоўную рэкламу даваць па крыху меншым кошце, чым рускамоўную), на думку А.Зімоўскага, патрабуюць асобнага разгляду.
Размова адбывалася на дзяржаўнай беларускай мове, зазначыў А.Трусаў. «Спадар Зімоўскі паабяцаў аформіць па‑беларуску частку сувеніраў тэлерадыёкампаніі», — паведаміў старшыня ТБМ.




Ёсць такая якасць, якая культывуецца а версе.
Я гэтага вельмі-вельмі даўно чакаю.
Цалкам веру. Сувеніры будуць аформленыя. А ўсё астатняе - наўрад ці. Абяцанак зараз будзе гучаць усё больш, маўляў, такую беларусізацыю зладзім. А ўсё таму, што перапіс хутка. А пасля перапісу паводле "мадэрнізаванай" анкеты Зімоўскі будзе трасці перад носам у Трусава дазенымі: "Глядзіце колькі ў нас тых, у каго беларуская - гэта родная мова. Так што, выбачайце, сп. Трусаў. вы бяз гэтага зашмат маеце". І на гэтым усё скончыцца. Вось пра што трэба думаць. Перапіс на носе, спадарства.
Проста жэсьць, якая цудоўная беларусская мова!
усе, хто ўчора за мову "адмарозкам" назваў бы, сёньня кажуць, што гэта правільна: маўляў, смотрыш ціві і ня ведаеш, пра якога "руководителя страны говорят" - нашага ці расейскага?
Таму плёну быць.
Але шмат чаго чакаць ня трэба.