Інтэрвію з бацькам Сашы Рыбака - 22-гадовага хлопца, што будзе прадстаўляць Нарвегію на «Еўрабачанні».
Як ужо паведамлялася, ад Нарвегіі на «Еўрабачанне», паездзе беларус Аляксандр Рыбак.
Ягоныя бацькі выехалі з Беларусі ў Нарвегію 18 гадоў таму. Гутарка з бацькам спевака — Ігарам Рыбаком.
***
Вырас у Нарвегіі, сканчае ў Осла кансерваторыю… Пра слаўнае жыццё новай зорачкі «Еўрабачання‑2009» мы пагутарылі з бацькам і настаўнікам Аляксандра — Ігарам Рыбаком.
‑ Ігар Аляксандравіч, у інтэрвію нарвежскай вяшчацельнай карпарацыі NRK ваш сын прызнаецца, што рускую мову ён паспяхова забывае. Сярод ягоных сяброў няма беларусаў?
— Вельмі мала.
— Пра «Песняроў» Саша, напэўна, нічога не ведае.
— Ну як жа?
Мы любім «Песняроў», слухаем. Я сам пішу песні на вершы Багдановіча, напрыклад, і Саша іх з задавальненнем выконвае.Калісьці я працаваў у віцебскім ансамблі — даволі папулярным у свой час, мы гралі ў рэстарацыях, так што з «песняроўскім» рэпертуарам мой сын, канечне, таксама знаёмы. Праўда, вось кнігі па‑руску альбо па‑беларуску ён чытае вельмі рэдка.
— У інтэрнэце ёсьць інфармацыя, што ў вас самога склалася даволі паспяховая кар’ера музыкі ў Нарвегіі. Гэта так?
— У мяне свая прыватная скрыпічная школа, прыблізна 30 вучняў навучаю штогод. Сашына мама, Наталля Валянцінаўна, — таксама даволі запатрабаваны піяніст і арганіст, яна супрацоўнічае з вядомымі харавымі калектывамі, выкладае ў школе…
— А чаму вы з’ехалі з Беларусі?
— Я вырашыў гэта, напэўна, так жа спантанна, як і мой сын, які рызыкнуў удзельнічаць у «Еўрабачанні»… 18 гадоў таму мяне запрасілі працаваць у Нарвегію. Я пагадзіўся.
— Аніразу не пашкадавалі?
— Я нясу нашую беларускую культуру ў Еўропу —савецкая школа выкладання класікі да гэтага часу тут цэніцца…
— І вы настаялі на тым, каб Саша навучаўся ў кансерваторыі па класе скрыпкі?
— Калі я быў дзіцём, мяне мама прасіла кожны дзень граць на скрыпцы гадзіну ці дзве. Усе дзеці аднолькавыя. Ніхто не хоча штодзённа стаяць і «піліць»… Але сёння я сваёй маці ўдзячны за некаторую настойлівасць. Я таксама кожны дзень удзеляў Сашы некалькі гадзінаў, каб пазаймацца з ім музыкай. Ягоныя прэстыжныя ўзнагароды ў музычных конкурсах і тэлешоў пераконваюць мяне, што Саша захапіўся скрыпкай па‑сапраўднаму.
— Для яго конкурс «Еўрабачанне» — гэта, можа быць, несур’ёзнае мерапрыемства? Музыкі з класічнай вывучкай часта паблажліва ставяцца да конкурсаў папулярнай музыкі.
— Не, ну што Вы! Ён вельмі рады, што выйграў. І цалкам асэнсавана цяпер рыхтуецца да фіналу конкурсу ў Маскве. Дзякуе ўсім сваім прыхільнікам і просіць кантактаваць з ім праз Facebook.
— У вас адно дзіця?
— Адзін сын — Саша. Ад першай жонкі ў мяне яшчэ дачка ёсць. Яна зараз жыве ў Віцебску. Тамсама і мая мама жыве.
— Бабуля ўнука толькі на фотаздымках бачыла?
— Не, яна прыязджае да нас. І мая цешча з Мінску ў нас бывае. Мой брат — маскоўскі журналіст — таксама часьцяком гасцюе. Так што мы не згубілі сувязі з сваякамі.
— Ці даўно Саша піша песні?
— З трох гадоў. Памятаю — мы яшчэ ў Мінску тады жылі — пайшлі з ім аднойчы ў лес прагуляцца. Саша раптам замер, пастаяў некалькі секундаў і заспяваў песню ўласнага сачынення. З таго часу ён увесь час нешта напявае. Два з паловай гады таму ён выйграў у Нарвегіі конкурс юных талентаў Kjempesjansem з кампазіцыяй Foolin.
— А гэта праўда, што ён з гуртом A‑ha супрацоўнічаў?
— Так. У адзін з нарвежскіх мюзіклаў Мортэна Хакета — кіраўніка гурта A‑ha — запрасілі ў якасці суперзоркі, а мы з Сашам там былі задзейнічаныя як музыкі. Дарэчы, з гэтым мюзіклам мы аб’ездзілі шмат краін, гастралявалі ў Еўропе, Амерыцы і нават у Кітаі.
— Якім Вы бачыце будучыню свайго сына? Што пасля кансерваторыі?
— Я не ведаю. Кожны малады чалавек хоча, каб яго кахалі. Пакуль Бог да майго сына ласкавы, вядзе яго і дапамагае. А мы гадавалі Сашу так, каю ён як мага болей быў карысны людзям. Вось у гэтым шчасце, я думаю…
***
Шкада толькі, што Беларусь не зможа прагаласаваць за Нарвегію ў паўфінале. Наш прадстаўнік - Пётр Ялфімаў - выступіць у першым паўфінале (12 траўня), а Аляксандр Рыбак будзе выступаць 14 траўня ў другім паўфінале. Але будзем спадзявацца, што беларус выйдзе ў фінал.
Каментары