Сірата Джамаль Малік, які вырас у індыйскіх трушчобах трапляе на гульню “Хто хоча стаць мільянерам” – і ў адным кроку ад выйгрыша 20 міліёнаў рупій. Але героя арыштоўваюць за махлярства, бо не вераць, што жабрак сам ведае ўсе адказы. Джамаль расказвае следчым сваю гісторыю з прыгодамі, пакутамі, наканаваннем – і любоўю.
Ва ўсёй гісторыі мастацтва ёсць толькі некалькі сюжэтаў, што тыражуюцца – і з ахвотай распавядаюцца. “Мільянер з трушчобаў” – менавіта такі ўніверсальны сюжэт, зразумелы ў Бамбеі й Галівудзе, Беларусі – і Аўстралііі, Афрыцы – і Еўропе.
Бедны становіцца багатым, бедны – знаходзіць і выратоўвае сваю любоў; і толькі лёс здольны злучыць каханкаў, якія, здавалася, назаўжды згубілі адзін аднаго.
На ўніверсальную меладраму працуюць глючна-брытанскія жахі левака Дэні Бойла, найпошняя відэатэхніка – з бесперапынна-кліпавымі кадрамі – і святочны індыйскі гламур, здольны пераўтварыць самае змрочнае ў радаснае і пяшчотнае.
Карціна – трыюмф глабалізацыі, тэрмаядзерны эклектычны кактэйль – з індыйскімі жабракамі і бандытамі, каляровымі тканінамі, стрэламі ў лазенцы, засыпанай грашыма, цнатлівымі позіркамі – дый спевамі.
Трушчобы, аслепленыя злачынцамі дзеці, слава ў тэлевізійных пражэктарах – і знаёмая ўсім гульня, дзе адказы – забойчыя гісторыі з дзіцячых прыгодаў.
“І мы! І мы! І мы!” – беларускія студыі таксама будуць крычаць пра гульню й шанец, пра кон і шчасце – і пра свае міліёны з “чорным катом”. Але, у адрозненні ад чырвона-зялёных навязлівых лататронаў, герой універсальнай карціны не чакае, пакуль на яго зваліцца выйгрыш дый змагаецца не за “моцную і працвітаючую” падзяку.
Лёс падыгрывае толькі таму, хто бяжыць насустрач яму – і дзеля любові жыве.