25 Сакавіка ў Вільні адбыўся шэраг мерапрыемстваў з нагоды святкавання Дня Волі. У адрозненне ад мінскіх прыгодаў, для беларусаў літоўскай сталіцы гэты дзень прайшоў спакойна і троху задумліва.

Зранку мясцовыя беларусы сустрэліся на могілках Росы, каб ускласці вянкі ды кветкі да магіл братоў Луцкевічаў (пахаваны там, дарэчы, толькі Іван), а таксама літоўскага нацыянальнага дзеяча Ёнаса Басанавічуса. Перад прысутнымі з кароткім гістарычным экскурсам выступіў Сяргей Дубавец.

У Свята‑Троіцкай уніяцкай царкве, што побач з былым будынкам беларускай гімназіі, было наладжанае набажэнства з малітвамі па‑беларуску за нашую краіну ды сумеснымі спевамі неафіцыйнага гімну «Магутны Божа».

Святкаванне завяршылася канцэртам гасцей з Беларусі — акадэмічнага хору пад кіраўніцтвам Кірылы Насаева. Выдатны выступ музыкі скончылі ўсё тым жа гімнам, падчас якога ўсе прысутныя падняліся з месцаў. Хоць свята праходзіла без усялякіх перашкодаў ў вольнай Літве, усе выступоўцы звярталіся ў прамовах да роднай Беларусі і жадалі атрымаць волю і ёй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?