У Беларусі дзейнічае няпісанае правіла: без згоды правячага архірэя Расійскай Праваслаўнай Царквы на тэрыторыі ягонай епархіі не можа быць пабудаваны ніводзін храм іншае Царквы. Піша Пётра Пінчук.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч жаліцца і наракае: «У такім вялікім горадзе, як Мінск... ёсць толькі чатыры касцёлы...»; «Мы не маем сёння дастатковай колькасці касцёлаў. Паўстае пытанне: што будаваць – касцёл ці будынак пад навучальную ўстанову»; «Добра было б мець, як нашы браты праваслаўныя, тэалагічны факультэт ва ўніверсітэце». Монсеньёр Тадэвуш кажа ў часопісе «Наша вера» (№1 за 2009 год) і пра недахоп святароў, і пра іншыя болькі, што даймаюць Рыма‑Каталіцкую Царкву ў Беларусі.

Беларусь – краіна парадоксаў. Хоць 73 працэнты грамадзян не вераць у Бога, краіна абвешчана праваслаўнай. Гэтае цверджанне ў свой чарод спалучаецца з тэзісам, што ўсе канфесіі ў Беларусі роўныя.

Практычнае прызнанне шматканфесійнасці цяжка даецца нашчадкам бальшавікоў. Менавіта гэтым чыннікам – цяжкай спадчынай бальшавізму ў свядомасці ўладу маючых – і тлумачыцца, чаму ў нашай краіне ўсталявалася іерархія вызнанняў і дэнамінацый.

Ні для кога не сакрэт, якая канфесія, якая Царква ў нашай краіне галоўная. За час адносных, параўнальных рэлігійных свабодаў, які пачаўся ў 1988 годзе, рыма‑каталікі г. Мінска здолелі адно што вярнуць катэдру на Верхнім рынку, касцёл Святога Роха на Залатой Горцы ды Чырвоны касцёл.

Тое, што за гэтыя 20 гадоў рыма‑каталікі не пабудавалі ў сталіцы ніводнага касцёла (салезіянская капліца на вуліцы Пляханава у лік не йдзе), цалкам тлумачыцца пазіцыяй правячага архірэя Мінска‑Слуцкай мітрапалітальнай епархіі, бо ў Беларусі дзейнічае няпісанае правіла: без згоды правячага архірэя Расійскай Праваслаўнай Царквы на тэрыторыі ягонай епархіі не можа быць пабудаваны ніводзін храм, ніводзін малітоўны дом іншае Царквы.

Толькі дзякуючы таму, што ў 2008 годзе ў Беларусь з візітам прыязджаў дзяржаўны сакратар Папы Рымскага, дзякуючы таму, што і дзяржаве, і мінскаму архірэю трэба было нейк прадэманстраваць сваю талерантнасць, на вуліцы Пляханава нарэшце пачалося будаўніцтва першага за 100 гадоў касцёла.

Візіт у Беларусь дзяржаўнага сакратара Папы Рымскага кардынала Тарчызіё Бэртонэ быў існым падарункам і для мінскіх грэка‑католікаў (уніятаў).

І пры царскай, і пры савецкай уладзе Грэка‑Каталіцкая Царква была забаронена. Прыналежнасць да яе з’яўлялася злачынствам. Толькі з пачаткам адносных, параўнальных рэлігійных свабодаў уніяты змаглі выйсці з падполля, заявіць пра сябе ўголас. 11 сакавіка 1990 года ў Мінску ўпершыню за 151 год была адслужаная Літургія ў візантыйскім абрадзе з малітваю аб здароўі Папы Рымскага.

За гэтыя 19 гадоў дзе толькі не служылі мінскія уніяты! І ў «чырвоным кутку» ЖЭСа па вуліцы Прытыцкага (там вiталі Апостальскага Нунцыя), і ў падвале крамы па праспекце Прытыцкага (там прымалі аднаго з біскупаў Украінскай Грэка‑Каталіцкай Царквы), і ў іншых непрыдатных памяшканнях. Нарэшце браты рыма‑католікі дазволілі ім служыць у падвальный капліцы Чырвонага касцёла і ў салезіянскай капліцы па вул. Пляханава, Але, як мы ведаем, па нядзелях рыма‑каталiкам i самiм цесна ў сваiх бажнiцах.

Візіт у 2008 годзе ў Беларусь кардынала Тарчызіё Бэртонэ даў магчымасць мінскім грэка‑католікам хоць разок уздыхнуць з палёгкай. Менавіта таму, што праграму візіту была ўключана сустрэча Яго Эмінэнцыі з прадстаўнікамі грэка‑каталіцкай супольнасці, мінская гарадская ўлада дала дазвол на правядзенне набажэнстваў у капліцы парафіяльнага дома па вул. Арджанікідзе, 6.
Мала таго, гэты парафіяльны дом з нагоды візіту кардынала Тарчызіё Бэртонэ быў падняты да рангу Грэка‑Каталіцкага цэнтру імя Святога і Праведнага Язэпа.

Вернікі з парафіі Святога Язэпа, якія нямала папрацавалі ў гэтым доме, да самага візіту дзяржаўнага сакратара Папы Рымскага жылі ў паняверцы, бо мелі перад сабою прыклад парафіі Іконы Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Гэтая парафія пабудавала свой дом раней у завулку Снежным, 7. Улады Фрунзенскага раёна г. Мінска (пажарная, санітарная службы, архітэктар і г. д.) знаходзілі розныя прычыны ды зачэпкі і забаранялі вернікам праводзіць набажэнствы ў капліцы гэтага парафіяльнага дома. Нарэшце, дзяржаўная мудрасць выдала вердыкт: па буднях служыць можна, па нядзелях і святах – не. Шукаць у гэтым рашэнні нейкай здаровай логікі марна.

Што такое капліца ў парафіяльным доме? Гэта невялікае памяшканне. Калі збіраецца пад 50 чалавек, становіцца калі не цесна, дык даволі цеснавата. Але нават такое памяшканне мае толькі адна парафія ў Мінску. Другая парафія, як сказана, можа выкарыстоўваць сваю капліцу для набажэнстваў толькі па буднях. Дзве іншыя (а па нядзелях і тры) парафіі «кватаруюць» у рыма‑католікаў.

Зусім відавочна, што наспела вострая неабходнасць пабудаваць у Мінску «нармальную» царкву, храм.

Усе гэтыя амаль 19 гадоў мінская гарадская ўлада карміла уніятаў абяцанкамі.

Спачатку, каб сутыкнуць грэка‑католікаў з рыма‑католікамі, яна паабяцала уніятам касцёл Святога Язэпа,
дзе знаходзіцца, у прыватнасці, Беларускі дзяржаўны музей‑архіў літаратуры і мастацтва (вул. Кірылы і Мяфода, 4). Потым улада выдзеліла пляц пад будаўніцтва новае царквы. На гэтым пляцы быў нават устаноўлены і высвячаны крыж (гл. здымак у газеце «Царква», № 1 за 2009 год). Але, як вядома, улада – гаспадар свайго слова: дала яго і забрала.

Зразумела, мінская гарадская ўлада, нават калі б і вельмі хацела, ніколі не асмеліцца даць дазвол на будаўніцтва грэка‑каталіцкай царквы, бо, паўторым, у нашай краіне дзейнічае непісанае правіла, бо парушыць гэтае правіла – значыць выступіць супраць вярхоўнай улады.

Менавіта беручы пад увагу гэтыя абставіны, свецкія грэка‑католікі г. Мінска і звярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі як да найвышэйшай і апошняй інстанцыі, бо толькі адзін А. Лукашэнка можа парушыць непісанае правіла і вырашыць пытанне аб пабудове ў сталіцы Беларусі уніяцкага храму.

Мінскія грэка‑католікі жадаюць, каб грэка‑каталіцкі храм быў узведзены на месцы першай уніяцкай святыні, пабудаванай у 1598 годзе пры мітрапаліце Міхаілу Рагозу.
Менавіта тут, на Верхнім рынку, паўстала арыгінальная з мастацкага гледзішча святыня ў імя Святога Духа. Пазней – пры мітрапалітах Іосіфу Руцкім і Антонію Сяляве – тут былі заснаваныя мужчынскі і жаночы манастыры Ордэна св. Васіля Вялікага. Праваслаўныя не мелі да ўзвядзення гэтых будынкаў ніякіх адносін.

У XVII–XVIII стст. у раёне Верхняга і Ніжняга рынкаў у Мінску знаходзіліся уніяцкая царква Святога Духа з манастырамі, бернардынскія мужчынскі і жаночы манастыры з касцёламі, езуіцкі з касцёлам (цяперашняя архікатэдра), праваслаўная царква Пятра і Паўла з мужчынскім і жаночым манастырамі. Непадалёк ад іх былі татарскія агароды і мячэт (цяпер на гэтым месцы гасцініца «Юбілейная») і знакамітая Халодная сінагога (цяпер яе няма).

Як бачым, стары Мінск быў поліканфесійным горадам. За царскім і бальшавіцкім часам гэтая поліканфесійнасць была ліквідавана. Ці будзе яна хоць часткова адноўлена ў ХХІ стагоддзі – пакажа адказ на зварот мінскіх грэка‑католікаў да А. Лукашэнкі.

Зварот мінскіх грэка‑католікаў да А. Лукашэнкі – гэта сапраўды тэст на талерантнасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?