Штогадовы зварот Аляксандра Лукашэнкі да беларускага народу і парламента доўжыўся ўсяго дзве гадзіны. Тон прамовы быў досыць спакойны, толькі некалькі разоў кіраўнік дзяржавы зрываўся на абразы ў бок апазіцыі, называючы іх «шарлатанамі, адшчапенцамі і адмарозкамі». Лукашэнка падкрэсліваў для заходніх дыпламатаў, што сёння празмерна шчыры ў сваіх развагах, хоць некаторыя рэчы і не варта публічна гаварыць.

Першай, і самая вялікая частка выступу, была прысвечаная новай эканамічнай сітуацыі, якая ўтварылася ў краіне ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу, «чорнае крыло якога закранула і нашу краіну». Што праўда, ужо праз пару хвілін Лукашэнка зазначыў:

«У Беларусі няма крызісу, трэба проста працаваць».

Аляксандр Рыгоравіч прапанаваў канкрэтныя крокі для таго, каб крызіс краіне быў не страшны. Найперш ён адразу ўсіх супакоіў, што ніякіх скарачэнняў на прадпрыемствах не будзе, і гэта прынцыповая пазіцыя. Разам з тым, «Беларусь — гэта не інстытут сацыяльнага забеспячэння. Хачу і іду на працу, хачу не іду. Такога не будзе. Ад усіх павінна быць дысцыплінаванасць на працы».

Урад павінен стаць адным вялікім Міністэрствам гандлю, заявіў Лукашэнка.
«Ва ўрон ці на склад працаваць злачынна. Задача №1 — рэалізаваць прадукцыю. Умела маніпуляваць цэнамі, але не ў страту сабе».

Была агучаная пазіцыя адносна дэвальвацыі. Лукашэнка паведаміў, што на разавай дэвальвацыі беларускага рубля настойваў МВФ для выдачы крэдыту, але не гэта стала асноўнай прычынай. Больш важна было тое, што падзенне расійскага рубля склала амаль 50%, таму дэвальвацыя была з мэтай захаваць экспарт і не абваліць прадпрыемствы.

«На сёння няма ніякіх повадаў для панікі — скупляць тавары, набываць валюту. Ніхто не будзе абманваць народ», — запэўніў Лукашэнка.

Атрыманыя крэдыты ад Расіі, Венесуэлы і МВФ кіраўнік дзяржавы назваў «запасам трываласці», але пастрашыў, што яны павінны працаваць, а не «праядацца». А яшчэ Лукашэнка заявіў пра неабходнасці працы па начах, калі мы хочам хутчэй выйсці з крызісу.

З той самай мэтай урад пайшоў на лібералізацыю эканомікі. «Многія зразумелі гэта як уседазволенасць, а яе трэба ўспрымаць стваральную ініцыятыву, а не шлях да лёгкай нажывы». Лукашэнка шмат гаварыў пра неабходнасць замежных інвестыцый у беларускую эканоміку. Запэўніваў, што ніякіх праблем паміж дзяржавай і бізнесам няма, а некаторыя моманты непаразумення паспяхова вырашаюцца.

Потым гаворка перайшла да лібералізацыі палітычнай. І тут кіраўнік дзяржавы быў катэгарычны:

«Палітычнай лібералізацыі ў нас і так дастаткова».

Пасля чаго пачаўся традыцыйны наезд на апазіцыю, якую чарговы раз паводле сталінскай тэрміналогіі назваў ворагамі народу.

«А тое, што вые апазіцыя і піша лісты на Захад, то, дарагія мае, гэта не апазіцыя, а проста ворагі народа.
Ніводзін апазіцыянер‑камуніст у Расіі такога не зробіць. Ці мае такая апазіцыя перспектывы? Ніякай перспектывы».

Чарговы раз Лукашэнка страшыў выбаршчыка нейкім легендарным лістом, які беларуская апазіцыя накіравала ў Прагу, каб не запрашалі кіраўніка Беларусі на саміт «Усходняга партнёрства». Што ж такога жудаснага ў тым лісце ён не сказаў.

Аднак не ўсе апазіцыянеры шарлатаны і адшчапенцы, вось Мілінкевіч той ліст не падпісаў.
Такі вось камплімент заслужыў старшыня Руху за Свабоду ад свайго палітычнага апанента.

Цікавым момантам было тое, калі Лукашэнка пачаў абвяргаць чуткі, што на яго ўплывае новая каманда («не буду называць імёны, але там фігуруюць нават мае сыны»), якая нібыта «паварочвае кола гісторыі ад Расіі да Еўропы». «Родныя мае, я яшчэ ў стане сам фарміраваць палітыку ўнутры краіны», — сказаў правадыр, нібыта запэўніваючы, што ніякіх палацавых пераваротаў быць не можа. Стары воўк паказаў, што ўпэўнена трымае зграю.

Нейкі паварот у бок Захаду Лукашэнка растлумачыў, што палітыка «задушыць і ізаляваць» не прынесла сваіх вынікаў, і ў Еўропе гэта зразумелі. «Мы ідзём туды, дзе нас чакаюць», — сказаў кіраўнік.

Разам з тым, ён не спяшаецца гаварыць пра тое, што гэтыя стасункі ўжо канчаткова нармалізаваліся, яны толькі «замаячылі ў перспектыве». Выказаўся Лукашэнка і адносна пражскага саміту «Ўсходняга партнёрства». Ён запэўніў, калі нават аднаму чалавеку будзе няёмка ад прысутнасці Лукашэнкі ў Празе, то не запрашайце мы перацерпім.

На нядаўнія выказванні Вацлава Клаўса быў не менш жорсткі адказ. «Ці хачу яшчэ я, каб ты мне руку падаў».
Але ледзьве не пакляўся Еўропе, што ўсе ягоныя абяцанні «жалезабетонна» будуць выкананыя.

Былі ўскладзеныя спадзяванні, што новая Адміністрацыя Белага дому не будзе праводзіць супраць Беларусі палітыку санкцый і ізаляцыі.

«Калі нас нешта папросіць Захад, то мы зробім гэта нават у шкоду сваім інтарэсам, калі нешта папросіць Расія, то мы выканаем просьбу, таксама ў шкоду сваіх інтарэсаў». Лукашэнка запэўніваў, што для яго аднолькава важна сябраваць, як з Расіяй, так і з Еўропай. Хаця многія ў нашай усходняй суседцы гэтага не разумеюць.

Лукашэнка не гаварыў інакш як «наша Расія», і мы нікому яе не аддадзім, а мы адзін народ. І ў Расіі павінны радавацца поспехам Беларусі ў заходнім накірунку.

«Раздаюцца галасы, што калі мы прызнаем Абхазію і Паўднёвую Асецію, то мы вас пакараем. Дык вы Расею пакарайце. Яна першая прызнала», — такім чынам для Беларусі гэтае пытанне працягвае заставацца адкрытым.

Зноў была крышачку закранутая тэма апазіцыі.

Лукашэнка сказаў, калі ім даць доступ да СМІ, то 95% насельніцтва будзе ад іх шугацца, як ад праказы.
Паводле яго, гэта словы аднаго заходняга дыпламата, каго менавіта не ўдакладніў.

Зрэшты, не ўсё так добра і ўнутры самой улады. Яшчэ не знішчанае да канца карупцыя і бюракратыя. Лукашэнка адзначыў, што карупцыянерам нельга выпускаць у амністыю. Акцэнтаваная ўвага на правядзенні ідэалагічнай працы.

«Пабудаваць плот старому ў вёсцы лепшая ідэалагічная праца за прамыванне мазгоў».

Пра свой візіт у Ватыкан Лукашэнка зазначыў, што Бенедыкт XVI ацаніў тое, што робіцца ў краіне для каталікоў. Патрыярх жа ацэньвае, што робіцца для праваслаўных.

Зміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?