Першы на сёньня «гарчычнік» Адамыч уляпіў свайму, беларускаму, бандыту на польскім адцінку шашы Беласток–Горадня. Перад самай мяжой яны зь зяцем заехалі ў прыдарожнае бістро. Адамыч купляў хот-догі, шчодра пераліваючы іх кетчупам, а зяць сядзеў у машыне. З радыё неслася польская папса. У шыбу далікатна пагрукаліся. Стаяла трое. Характар іх заняткаў не выклікаў сумневу. Аднолькавыя скуранкі, аднолькавыя патыліцы і амаль ідэнтычныя залатыя ланцугі. Гаварыў маладзейшы. За трансфэр «немачкі» палагалася сёе-тое, а дакладней – дзьвесьце. Трохі зьмярцьвелы зяць каўтнуў сьліну і дастаў з кішэні складзеную ў дзьве столкі паперку.

– Мне тут вашыя калегі выдалі пропуск, – дрыготкім голасам сказаў зяць, стараючыся не запнуцца на слове «калегі». – Ага, адразу пасьля Беластоку на запраўцы. Мы там ужо заплацілі за вашыя паслугі.

Маладзейшы пакруціў у руках паперку.

– Што за хрэнь такая? – сказаў ён. – Не, ня наша.

Схлусіў, вядома.

– Але той хлопец, – прыкметна занэрваваўся зяць, – такі бялявы, сказаў, што мы зможам праехаць без праблем.

– Праблем? Нема праблема, зямеля, – выпнуўшы вусны, пракурняўкаў маладзейшы, і ўся тройца зладжана зарагатала.

Зяць яшчэ паўпінаўся, але другі, са шнарам на шчацэ, раптоўна перастаў сьмяяцца і зьверавата так чмыхнуў носам.

Зьявіўшыся на парозе бістро з хот-догамі ў руках, Адамыч у момант вока ўсё сьцяміў. Нязграбна пераклаў зяцеў хот-дог у правую руку, у якой ужо трымаў свой, надкусаны, а левай спрытна схапіў маленькі сьвісток, што вісеў на шыі. Трэль прымусіла бандытаў гэтак жа зладжана разьвярнуцца. Адамыч кавалерыйскім трушком падбег да машыны. Наблізіўся ўсутыч да маладзейшага, пакорпаўся якую дробку сэкунды ў нагруднай кішэні джуту і высока ўскінуў перад самым бандыцкім носам руку з жоўтай карткай. Уся троіца перасмыкнулася. Адамыч выцягнуў асадку і проста на картцы пачаў занатоўваць час парушэньня і зьвесткі парушальніка.

– Я ж нічога ня ўзяў! – гістэрычна заверашчаў маладзейшы. – Ах, ты...

Другі, са шнарам, пачаў прыкладаць пальцы да вуснаў, на мігах упрошваючы маладзейшага спыніць гэтае бессэнсоўнае абскарджваньне. Але маладзейшы не сунімаўся і похапкава, як ланцужны сабака, стаў кідацца на Адамыча. Таму, са шнарам, давялося наваліцца на маладзейшага ўсім целам. Пры гэтым ён шаптаў нешта суцяшальнае, бацькоўскае. Трэці, старэйшы і, відаць, галоўны ў іх, з робленай панібрацкасьцю пачаў па-ангельску ўмаўляць Адамыча адмяніць картку. Нягледзячы на тое, што яны маглі значна лепш паразумецца на іншай мове, старэйшы бандыт хоць і зь цяжкасьцю, але гаварыў менавіта па-ангельску, прытыкаючы ўсюды фразу «in nature». Ён далікатна тлумачыў Адамычу, што яны зусім не зьбіраліся браць мзду па другім коле, яны проста хацелі праверыць, што ўсё «оў-кей» ды што «гарчычнік» за такую драбязу – гэта занадта. Але Адамыч быў няўмольны. Ён кінуў колькі адрывістых фразаў, пры гэтым у яго быў той самы акцэнт, што і ў бандыта. Жэстам паказаў, што размова скончаная.

Ужо на беларускім баку, значна паружавеўшы, зяць сказаў:

– Ну, вы, Станіслаў Адамавіч, сувора – адразу «гарчычнік». Я канечне іх не апраўдваю, сволачы яны рэдкасныя, але ўсё-такі суайчыньнікі, свае.

Адамыч толькі пасьміхнуўся і пачаў ціхенька паўтараць: «Свае, свае, свае».

У Менску зяць адвёз Адамыча да самага дому і адразу зьехаў афармляць новую машыну. Адамыч перасеў на сіненькае «Пэжо» і таксама зьнік у віры працоўнага дня.

Пасьля работы, стомлены, ехаў дадому начнымі праспэктамі. Сёньня было пяць жоўтых, лічыў ён, і нават адзін пэнальці. Раптам Адамыч рэзка крутануў стырно, выехаў на сустрэчную і заскочыў у прылеглы да праспэкту двор. Ля аднаго з пад’ездаў машына спынілася. Адамыч падняўся на ліфце на апошні паверх і жвавенька забег па жалезных прыступках у прапахлы галубіным лайном паддашак. Ля мансарднага акна туліўся чалавек, выглядаючы кагосьці на дварэ. У ягоных руках была варанёная вінтоўка з аптычным прыцэлам. Час ад часу ён кідаў позірк на гадзіньнік. Трэль прымусіла чалавека падскочыць. Снайпэрская вінтоўка гахнулася на падлогу. Чалавек хапатліва абярнуўся. Адамыч, не вагаючыся, прадэманстраваў кілеру сьпярша жоўтую, а потым і чырвоную картку.

Найміт спалатнеў і зь цяжкасьцю вымавіў:

– Аль... але вы ня маеце права! Я – замежнік.

Адамыч ледзь заўважна ўсьміхнуўся, але тут жа ўсьмешка гэтая зьнікла. Ён карцінна патрымаў руку ў паветры яшчэ колькі імгненьняў ды разьвярнуўся да ашаломленага кілера сьпінай. Найміт з застыглым позіркам мэханічна скруціў глушыльнік з рулі і потым запакаваў яго ў сіні заплечнік разам з пакарацелай вінтоўкай.

«Во прыкляпаліся – замежнік, суайчыньнік. Я што ім, АВІР?» – падумаў Адамыч. Меў, меў ён права: з-пад яго белай кашулі выглядаў чорны беражок майкі арбітра, арбітра міжнароднай катэгорыі. Апусьціўшы галаву, кілер пакідаў мундыяль.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?