Валютны калідор павялічаны да 10%. Улады парушылі слова, дадзенае зусім нядаўна, у студзені, і пачалі новую дэвальвацыю. Піша Ягор Марціновіч.
31 снежня 2008 года. Навагодні зварот прэзідэнта Беларусі А.Лукашэнкі: «Улада не дапусціць абвалу і хаосу, не здрадзіць вашаму даверу. Мы ніколі не здрадзім свайму прынцыпу – клопату аб чалавеку!»
Праз дзень улада заявіла пра аднамомантавую 20%‑ую дэвальвацыю беларускага рубля. У адзін момант насельніцтва згубіла каля мільярда даляраў. Тады ж было прынята рашэнне: за год утвораны валютны кошык можа зменшыцца ці павялічыцца на 5%. Чыноўнікі казалі, маўляў, на 5% рубель дэвальвавацца можа. Але не хвалюйцеся: ні кроплі больш. Усталяваная мяжа стала сімвалам цвёрдасці курса, абранага Нацбанкам. Улада неаднаразова хвалілася сваім уменнем трымаць рубель – на некаторы час валютны кошык нават апускаўся да ніжняй мяжы…
5 траўня 2009 года. Кіраўнік Нацбанку П.Пракаповіч: «Адступленняў не будзе, перагляду калідора ў той ці іншы бок не плануецца. Для нас непрымальныя парады пра пашырэння калідора да 15% ці правядзенне яшчэ адной дэвальвацыі».
Сёння Нацыянальны банк раптам перадумаў.
З 22 чэрвеня 2009 года межы валютнага калідора пашыраныя на 48 рублёў у абодва бакі, да 1056 рублёў.Рашэнне, агучанае галоўным банкірам краіны, не стала шакуючым, яно і не прынесла імгненных вынікаў, такіх, як, напрыклад, абвал рубля. Сапраўды, усё лагічна ішло да пашырэння калідора. Гэта прадказвалі незалежныя эканамісты, гэтага з насцярогай чакала і насельніцтва. Але калі цябе падманваюць – усё адно непрыемна. А дзяржава зноў падманула сваіх грамадзян.
Як ацэньваць дзеянне Нацбанку?
Плюсы
Галоўны плюс рашэння – стварэнне магчымасцяў для манёўраў пры фарміраванні курсаў валют.Раней Нацбанк павінны быў выкручвацца, каб не выйсці за ўсталяваны калідор, бо, калі рос еўра, прыходзілася штучна апускаць даляр, і наадварот. Цяпер банкіры могуць адчуць сябе больш вольна, курсы валют будуць бліжэйшымі да рынкавых, а не падагнанымі пад паказальнік.
Пашырэнне калідору – выкананне просьбаў Міжнароднага валютнага фонду,які ўжо паспеў ухваліць дзеянні беларускага боку. Значыцца, краіна можа разлічваць на дадатковы мільярд даляраў крэдыту ад сусветных валютчыкаў.
Станоўчыя моманты для эканомікі могуць звязаныя з дэвальвацыяй, паўкрокі для правядзення якой зробленыя. Тым не менш казаць пра палёгкі беларускаму экспарту і ўвогуле айчыннаму вытворцу пакуль рана. Дзяржава прадэкларавала сваі намеры, але канкрэтных захадаў не ажыццявіла.
Мінусы
Давер фінансавай палітыцы дзяржавы зноў падарваны. Ніхто не ў стане дакладна прадказаць, як адгукнецца на навіну насельніцтва, ці не выкліча рашэнне Нацбанка паніку сярод укладчыкаў.
Варта ўлічваць, што, змяніўшы памер валютнага кошыка за паўгоду агулам на 5%, банкіры павялічылі курс даляра на 7,43%, а еўра – 6,6%. Такім чынам,
яшчэ 5% дэвальвацыі рубля могуць даць агульны рост амерыканскай валюты са студзеня на 10—14%. Тады даляр дасягне ўзроўню ў 3050 рублёў. Еўра ж, калі працягне рухацца ў тэмпе першага паўгоддзя, будзе каштаваць 4200 рублёў.
22 чэрвеня 2009. Нацыянальны банк: «На практыцы ў бліжэйшай перспектыве выкарыстанне пашыранага калідора не плануецца». І тут жа: «У выпадку практычнага выкарыстання змены калідора будуць адбывацца плаўна, без прымянення значных разавых карэктыровак».
Іншымі словамі: мы не будзем нічога змяняць, ні‑чо‑га! Але калі і будзем, то асцярожна! Паўстае пытанне, дык «будзем» ці «не будзем»?
Пётр Пракаповіч адказвае на пытанне, падкрэсліваючы: «Мінімум месяц сітуацыя з курсам рубля змяняцца не будзе».
Зрэшты, хто‑небудзь верыць тым, хто ўжо схлусіў?..