Культура1111

10 запаветаў блогера, або як дамагчыся чытацкага рэзанансу

(Паводле Марыі Мартысевіч)

(паводле Марыі Мартысевіч)

Я змяшаў віно з тэкілай

і прачнуўся я ў мянтоў –

мне за гэта прываліла

цэлых трыста камянтоў.

з народнай інтэрнэт-творчасці

За тыя пяць год, што ў Беларусі актыўна развіваецца прыватны блогінг і web 2.0-медыі, у галавах стваральнікаў інтэрактыўных рэсурсаў склалася трывалае перакананне: добры той матэрыял, які выклікае буйную (націск пастаўце самі) чытацкую рэакцыю. Асабіста я лічу так: выдатны тэкст не патрабуе ніякіх дапаўненняў, заўваг, і нават шматслоўных кампліментаў не патрабуе – у той час як танная правакацыя можа стаць прычынай шматлюднай дыскусіі, бязлітаснай і бессэнсоўнай. Тым не менш, у інтэрнэце ставяць на колькасць каментароў пад размешчаным тэкстам, бо гэта – наглядны паказнік крутасці аўтара і рэйтынга выдання.

Запаветы візуальныя

1. Павесьце фотку сябе.

Няпраўда, што гэта працуе толькі для гожанькіх дзяўчат. Жывая выява аўтара ў прынцыпе спрыяе таму, што чы... гледачу хочацца неяк адкаментваваць гэта, няхай малазмястoўных рэакцый кшталту «клас!» ды «супер!», будзе больш, чым вам хацелася б.

Але ёсць пара нюансаў. Не бывае непрыгожых людзей, бываюць крывыя рукі і танныя фатапараты, гэта раз. Другое: вешаць сваю фотку лепей не дзеля самога факту «вось я нарэшце павесіў сваю фотку», а як бы па прычыне: «А вось такая ў мяне цяпер стрыжка», або «зацаніце, які грыб я знайшла». На скрайні выпадак, будзе тэма абмеркавання – грыб, фрызура, але вы пабачыце, што ні пра які грыб ніхто і не заікнецца. І ніякіх мастацкіх вышуканстваў: фатошопных фільтраў ці расчлянёнкі «мая нага»/ «маё вуха». Трэба адкрыта ставіць перад фактам: такі вось ён я.

2. Павесьце фотку дзіцёнка

Гэта фактычна як павесіць сваю, але эфекту яшчэ болей. Калі ў вас няма дзіцёнка, той факт, што яго фотку можна павесіць у блогу, дастатковая прычына, каб яго (дзіцёнка) завесці. Для зусім запушчаных выпадкаў падыйдзе любая фотка малечы, да якой вы маеце дачыньнене: пляменьнік ці хрэсьніца.

3. Павесьце фотку коціка

Бяспройгрышны варыянт па-любому. Фотаапарат можа быць танным, а рукі крывымі. Калі вы змяшчаеце ў блогу здымак любога коціка: вашага, суседскага, бяздомнага, з сайту шпалераў для працоўнага стала – вас завальваюць каментрамі. Рэкамэндуецца не ілюстраваць фоткай коціка які-небудзь важны для вас тэкст. Калі побач коцік, словы ніхто не прачытае. Прыём грунтуецца на адвечным чалавечым захапленні ўсім мягкім і пухнатым і ахвоце размаўляць пра гэта.

Запаветы вербальныя

4. Напішыце пра сэкс

Гэты спосаб дапамагае хутка рэанімаваць запіс, вырачаны на маўчаньне чытача. Калі вы «самым пекным месцам» адчуваеце, што ўсё кепска, тэрмінова ўпішыце ў падрыхтаваны тэкст што-небудзь пра сэкс. Тады запіс будуць чытаць і перачытваць, і на стадыі перачытвання ёсьць верагоднасць, што будзе заўважана тое, што вы хацелі сказаць напраўду.

5. Напішыце пра палітыку

Гэта павінны быць вельмі сціслы і надзвычай катэгарычны пост. Можна не напружвацца, каб сказаць усё, што вам хацелася б, пры гэтым нікога не пакрыўдзіўшы. Калі вы пішаце пра палітыку, вас усё адно ніхто не дачытае да канца, і хто-небудзь моцна пакрыўдзіцца. Трэба пісаць каротка і вельмі радыкальна. Прыклад вельмі кароткага і вельмі радыкальнага тэксту: «Зянон – кандом». Можна любое іншае імя на месцы «Зянон» і любое іншае слова на месцы «кандом». Напішыце пра любога палітыка/партыю/падзею ў грамадзкім жыцьці, размовы пра якога актуальныя ў дадзены момант у вашай краіне.

І ўсё. Вам нават ня трэба напружвацца, заводзячы гутарку з кожным каментатарам, падвойваючы такім чынам колькасьць водгукаў. Самі збягуцца і самі ўсё зробяць. З вамі можа здарыцца рэдкая ўдача: дэбаты паміж апанэнтамі ў комэнтах акажуцца асэнсаванымі, і іх нават можна будзе чытаць, разумеючы, пра што яны. Але ж памятайце пра рэальную мэту – у справе колькасці каментароў якасць неістотная.

Запаветы інтэрактыўныя

6. Напішыце пра вашых «фрэндоў»

Пажадана абраць такую форму запісу, каб была нагода згадаць палову вашай фрэнд-стужкі. Тыя, каго вы згадалі, і самі не заўважаць, як вас адкаментуюць. Тыя, каго вы не згадалі, прыйдуць запытацца, чаму вы не згадалі іх. Усіх пералічваць, канешне, запоркаецеся, але затое аддача гарантаваная.

7. Згадайце дзяцінства

Практыка паказвае: варта апісаць якую-небудзь культавую фішку маленства: гульню «Казакі-разбойнікі», гулялку «Тэтрыс», марозіва па 28 капеек, – як у шэрагах аднагодкаў пачынаецца калектыўная шызь. Таму што дзяцінства.

8. Задайце пытанне

Верны спосаб забіць час у інтэрнэце, асабліва калі вы на працы. Пытацца «Што такое каханне?» не варта: усе нармальныя людзі даўно адказалі ад рукі, у анкетах аднакласнікаў. Паменш абстракцыі. Запытайцеся пра штосьці вельмі простае, на што ў кожнага чалавека будзе свой арыгінальны адказ. Напрыклад: «Што вы елі сёння на сняданне?» ці «А якім быў ваш першы пацалунак?»

Як варыянт, скамбінуйце пункты 8 і 4 і запытайцеся пра сэкс. Адказаў пра сэкс вы, праўда, не дачакаецеся, затое ад каментароў як такіх лыжкаю не адграбецеся.

Запаветы кампазіцыйна-стылістычныя

9. Пішыце лаканічна

Колькасць каментароў зваротна прапарцыянальная даўжыні запісу. Калі вы не здольныя стрымаць потны вал натхнення, прыбірайце ўсё, апроч самай эфектнай фразы. Як паказвае досвед, 90% каментароў будуць тычыцца яе. У гэтым плане ідэальны запіс – гэта тры словы, з якіх два – загаловак.

10. Не змяшчайце ў блогу вершаў

Асабліва чужых – вашыя ўласныя адкаментуюць хаця б з ветлівасці, дый тое не факт.

Марыя Мартысевіч – перакладчыца мастацкай літаратуры, паэтка, эсэістка. Супрацоўніца газеты «Новы час». Абсалютнае зло беларускага інтэрнэту. Заслужаны вораг беларушчыны. Скончыла філфак БДУ (2004) і Беларускі Калегіюм (2005). Стыпендыятка Homines Urbani (Кракаў, 2007).У 2008 пабачыла свет яе кніга эсэ ў вершах і прозе «Цмокі лятуць на нераст».

Глядзіце яшчэ:

10 запаветаў прафесійнага кінасцэнарыста (паводле Андрэя Курэйчыка).

10 запаветаў прафесійнага журналіста (паводле Віктара Марціновіча).

Каментары11

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

У беларускіх радзільнях бяруць у закладнікі немаўлят, якіх нарадзілі мігранткі, каб спагнаць з бацькоў грошы? Разбіраемся

У беларускіх радзільнях бяруць у закладнікі немаўлят, якіх нарадзілі мігранткі, каб спагнаць з бацькоў грошы? Разбіраемся

Усе навіны →
Усе навіны

Па мінскім вакзале ходзіць мужчына са стосам грошай у руках, але просіць грошы на квіток1

Беларускамоўны бяздомны Гомеля атрымаў шанец, каб змяніць жыццё. Што ў выніку?2

Лукашэнка: Трэба вырасціць столькі бульбы, каб хапіла і нам, і Расіі. Трэба дапамагчы братам-расіянам12

У Мухаўцы знайшлі цела без галавы і рук. Сілавікі раскрылі забойства 24-гадовай даўнасці як у фільмах пра гангстараў2

Зяленскі: Расія прапаноўвала правесці перамовы ў Беларусі7

У мінскім аэрапорце — масавыя затрымкі рэйсаў2

Зяленскі прапанаваў правесці трохбаковую сустрэчу з Пуціным і Трампам

Шрайбман: Цяперашнія канфлікты ў апазіцыі ўжо мала каго цікавяць15

Работнікі МНС выратавалі на пажары сабаку і ката, а потым зрабілі ім штучнае дыханне

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У беларускіх радзільнях бяруць у закладнікі немаўлят, якіх нарадзілі мігранткі, каб спагнаць з бацькоў грошы? Разбіраемся

У беларускіх радзільнях бяруць у закладнікі немаўлят, якіх нарадзілі мігранткі, каб спагнаць з бацькоў грошы? Разбіраемся

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць