Гіганцкі скандал на блогах LiveJournal.com разгарэўся вакол публікацыі Тацяны Елавой, што піша пад нікам Zmagarka.

Тацяна Елавая не зняла допісу, нягледзячы на пагрозы.

Тацяна Елавая не зняла допісу, нягледзячы на пагрозы.

Янa выставіла пост, што надоўга завіс у топе Яндэкс-рэйтынгу і набраў 2000 каментароў. Рэакцыя на гэты запіс з боку расійскае аўдыторыі пераўзышла ўсе межы.

Zmagarka размясціла відэа, знятае чачэнскімі партызанамі ў 1999 годзе, на пачатку Другой чачэнскай вайны.
На ім бязлітасны аператар фіксуе, як пераразаюць горла юным расійскім палонным. Відэа мела на мэце запалохаць федэральныя войскі. Гэты ролік фігураваў у Нэце і раней. Яго выкарыстоўваў у адным са сваіх фільмаў беларускі рэжысёр Юры Хашчавацкі. Аднак для маладога пакалення расейцаў, якія выраслі на стэрыльна-пераможных рэляцыях ТВ пуцінскага часу, відэа сталася шокам. Да таго ж, Zmagarka дала адмыслова правакацыйны загаловак: «Русских солдат чеченцы режут, как свиней». Расійская аўдыторыя ўспрыняла яго як абразу.

Хоць Zmagarka суправадзіла запіс стрыманым каментаром: «Крый Божа, натуральна, не ухваляю гэткага кшталту гвалтоўных дзеянняў датычна якога-кольвек чалавека, нават найлюцейшага ворага, якім ёсць імперская Расея для чачэнцаў, але дакуль акупацыйныя войскі стояць у Чачэніі, яны будуць працягвацца», — гэта не дапамагло.

Рэакцыя расейскага ЖЖ была лютай. Расейскія карыстальнікі запатрабавалі ад мадэратараў LiveJournal.com сцерці допіс. Тыя адмовіліся — ён не парушаў правілаў платформы, адно перавялі яго пад кант «Для карыстальнікаў, старэйшых за 18».
Адзін з блогераў накіраваў заяву на імя Генеральнага пракурора Беларусі з заклікам прыцягнуць Тацяну Елавую да адказнасці за распальванне варожасці да расейцаў. «Полковник Буданов придёт за тобой, сука!» — напісаў ён у каментарах Змагарцы непасрэдна
[палкоўнік расійскай арміі, які згвалціў і забіў 18-гадовую чачэнку — факт стаў вядомы, прычым аднавяскоўцам удалося сабраць доказы. Палкоўніка пасля маруднага трохгадовага працэсу засудзілі. Адваката сям'і замучанай чачэнкі застрэлілі ў Маскве ў 2009 годзе].

«Прыйдзе і твая чарга», — абяцае Змагарцы іншы. «Паявіцца відэа, дзе гэтай […] будуць паволі адразаць галаву тупым нажом», — заяўляе трэці. І гэта яшчэ самае стрыманае, што абяцаюць расійскія ЖЖысты Змагарцы.

Расейскія блогеры ў «адказ» таксама размясцілі на блогу Змагаркі фоты забітага Масхадава, кадры масавага пахавання расстраляных партызанаў з нагамі, скручанымі дротам — «вось што мы з імі зрабілі», а таксама забітых грузінскіх вайскоўцаў у Асеціі.
Адбыўся сапраўдны выбух нянавісці: маладыя і старыя, хлопцы і дзяўчаты паставіліся да Змагаркі аднолькава. Большасць допісаў не надаецца на цытаванне. Яны поўняцца казарменным матам і садызмам, роўным таму, што выяўлены на відэа. Яны адрасаваныя не толькі Змагарцы, утрымліваюць заклікі закатаць у бетон усе ўсходнееўрапейскія народы.
«Капай сабе магілу, сука падкалодная! Мы цябе павесім!» — піша нейкі скінхед. «Раней я сустракаў бульбашоў, усе смірныя былі, а гэтая нейкі вырадак», — уступае ягоны аднадумец. Старэйшыя абяцаюць ёй лёс расійскіх журналістак, забітых ці згвалчаных за тое, што пісалі пра Чачэнію.
«Найхутчэй, яе возьмуць у дзярждэп ЗША на пасаду галоўнага кансультанта па расейскім пытанні!» — жартуе іншы.

Расейцы таксама размесцілі спасылку на каардынаты Елавой на сайце-супольнасці Vkontakte.ru.

Толькі асобныя расейскія каментатары асуджаюць найперш вайну ў Чачні як такую. У ёй загінула каля 12 тыс. расейскіх вайскоўцаў і да 100 тыс. чачэнцаў. Першая фаза канфлікту скончылася паразай расейскага экспедыцыйнага кантынгенту ў 1996-м. Масква сабралася з сіламі, і ў другой фазе, пры Пуціну, Чачэнія была сцёрта дашчэнту, а ў Грозным сеў прарасейскі рэжым Кадырава.

Каментароў з Беларусі, Украіны ці самой Чачні вобмаль — як відна, тэма зачапіла ўнутрырасейскія раны. Беларускія каментатары пераважна не ўхваляюць кроку Змагаркі.

«Садысцкае забойства, пагатоў бяззбройнага ваеннапалоннага, ды перад камерай — справа ў любым выпадку подлая і немужчынская. Гэткі нацысцка-нквдшны стыль характарызуе чачэнскіх баевікоў як не ваякаў вызваленчай арміі, а труслівых бандытаў-экстрэмістаў», — піша блогер czalex.

Іншы папулярны беларускі блогер b0rmann дапускае расісцкія выпады на адрас чачэнцаў і працягвае: «Пацыфікацыя Чачэніі — адзін з кірункаў знешняе палітыкі Расеі, які не пабаюся публічна падтрымаць».

«Нічога не маю супраць чачэнскай незалежнасці. Катэгарычна нязгодны з расейскай вонкавай палітыкай (дарэчы, відэаролік - гэта яе адлюстраваньне, адбітак у чачэнскім кантэксьце), але кадры забойстваў — па-за межамі ўсяго чалавечага», — гідзіцца alehmackievic.

Ёсць і беларускія дзеннікары, што наўпрост салідарызуюцца з расейцамі: «Терпеть не могу [бело-]красно-белых мразей у нас в республике», — падтрымлівае сваіх расейскіх фрэндаў блогер dzichenka.

Сама Тацяна Елавая пра свой допіс не шкадуе. «Я хацела стварыць рэзананс вакол Чачні як такой, — сказала яна «Нашай Ніве». — Можна хадзіць у ружовых акулярах і рабіць выгляд, што праблемы не існуе. Па вялікім рахунку, усё жыццё ў сучаснай Расеі — гэта гвалт улады над народам. Шкада расейскіх хлопцаў, якіх забіваюць у Чачні. Але віной таму ёсць кіраўніцтва Расеі. Не разумець гэтага факта і нічога не рабіць з гэтым раўнасільна падтрымцы працягу падобнага роду забойстваў. Як сказала ў інтэрв'ю «Эху Москвы» Валерыя Навадворская, Расеі не патрэбныя ні браты і сёстры, ні сябры і калегі, але толькі рабы. Каўказ жа — гэта не тое месца, дзе яны водзяцца. У выніку — узброены канфлікт, які цягнецца не першы год».

Што Елавая думае аб прапановах многіх блогераў забараніць публікацыю актаў гвалту ў LJ? «Я супраць цэнзуры. Сёння забараняем відэа, на якіх рэжуць расейскіх салдат, заўтра забараняем відэа, на якім АМАПавец збівае бабулю на «Маршы нязгодных». Бо навошта — гэта можа парушыць яго прыгожы утульны свет, дзе ўсе думкі аб рэчцы і шашлыках».
Ці яна баіцца пагрозаў? «Баяцца — не ў маім характары і не ў маёй біяграфіі. Дарэчы, прыйшло нямала прыватных паведамленняў ад знаёмых і незнаёмых людзей, якія прапануюць дапамогу ў выпадку небяспекі. Што больш за ўсё радуе: большая палова з іх — менавіта расейцы. Што прымушае верыць у тое, што шлях Расеі да дэмакратыі не з'яўляецца казкаю».

А што пра ўсё гэта думае мама Тацяны? «Мама не чытае ЖЖ, але маю пазіцыю наконт Расеі цалкам падзяляе. Каму, як не беларусам, ведаць аб гэтым».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?