Гэтая царква — самае старое драўлянае збудаванне на ўсiм Усходнiм Палессi.

Храм, якому каля 330 гадоў, перастаў дзейнiчаць у 1969 годзе. З таго часу ён паступова адыходзiць у вечнасць, чапляючыся за рэчаiснасць спачатку крыжом, пасля рэшткамi барабана (гэта абрынулася два гады таму), пасля дранкай… Могiлкi засаджаныя дрэвамi, таму царкву не бачна з дарогi — i ёй няма як дакрычацца да людзей, да вернiкаў, чые дзяды i прадзеды былi тут ахрышчаныя…
У час апошняга моцнага ветру дах царквы не вытрымаў стыхii i чалавечай абыякавасцi — i цалкам абрынуўся ўнiз. Застаўся стаяць зруб, якi яшчэ можна ўратаваць. Але рабiць гэта нiхто не збiраецца.
Каб зразумець чаму, я тэлефаную галоўнаму архiтэктару Петрыкаўскага раёна Анатолю Фурсу. Ён тлумачыць, што яшчэ ў 2006 годзе быў гатовы праект аднаўлення царквы. Аднак нi ў 2007‑м, нi ў 2008‑м, нi ў гэтым годзе з мясцовага бюджэту не было выдаткавана нi капейкi на ратаванне храма. Грошы знайшлiся на ўсё: на пабудову дамоў, на рамонт даху ў Доме культуры, на iншую «сацыялку»… Вядома, жывым людзям грошы больш патрэбныя, чым памiраючаму храму…
— Анатоль Уладзiмiравiч, апошнiя гады ваша ўнiкальная царква планамерна разбураецца: спачатку абрынуўся купал з крыжом, затым барабан, цяпер вось — дах з дранкай. Гэтая царква — помнiк архiтэктуры рэспублiканскага значэння. Чаму нiхто не прыкладае намаганняў, каб захаваць храм?
— Вы ўсё кажаце слушна, i я цудоўна ўсё гэта разумею, — уздыхае Анатоль Фурса. — Пытанне, як гэта часта бывае, стала ў грошах… Я ў Петрыкаве жыву ад 1985 года. Ужо тады царква была закiнутая i занядбаная, але ж аднавiць можна было. Асноўная ж прычына ў тым, што ўжо тады ўшчыльную да царквы падступiлi магiлы — нават перад самым уваходам. I калi паўстала пытанне, што рабiць, то прыйшлi да высновы, што на тым месцы нiчога не зробiш — не прымусiш i не ўгаворыш людзей перанесцi 40 магiлаў! Мы параiлiся i з вобласцю, i з Мiнкультам, i вырашылi перанесцi царкву на 100 метраў убок — там ёсць вольнае месца. I аднавiць яе там, практычна адбудаваўшы наноў, паводле абмераў старой царквы. Праект нам зрабiла «Праектрэстаўрацыя» з Мiнска. У канцы 2006 года праект быў гатовы. З Мiнiстэрства культуры да нас нават прымацавалi архiтэктара Iванчанку.
Але стала пытанне аб фiнансаваннi, i да гэтай пары — нiяк…
— Анатоль Уладзiмiравiч, стоп. Адбудаваная нанова царква, нават такая самая з выгляду, — гэта муляж, а не помнiк архiтэктуры!
— А што рабiць, калi там усё пагнiло?..
— У свеце ёсць тэхналогii, якiя дазваляюць захоўваць нават 700‑гадовыя драўляныя будынкi!..
— Дык мы будзем выкарыстоўваць элементы…
— Якiя?
— Ну вось, напрыклад, з царквы звалiўся старадаўнi крыж, дык мы яго захавалi — ляжыць у нас у аддзеле культуры. Будзем i iншыя элементы выкарыстоўваць, якiя магчыма… Усё гэта зразумела наконт муляжа,
але аднаўляць там няма чаго…
Напрыканцы размовы Анатоль Уладзiмiравiч паабяцаў арганiзаваць школьнiкаў i правесцi суботнiк — пачысцiць царкву, абрынутыя элементы перанесцi на захаванне ў надзейнае месца.
Iншы, здавалася б, зацiкаўлены бок — праваслаўная царква. Мясцовы святар айцец Васiль робiць шмат для парафii — ад 1990 года адрамантаваў Нiкольскую царкву i адрадзiў Уваскрэсенскую — за савецкiм часам там была кавярня… Аднак да трохсотгадовага драўлянага храма рукi не дайшлi…
— Айцец Васiль, у «Звязду» звярнулiся петрыкаўцы з трывогай за свой унiкальны храм. Я хачу разабрацца — цi сапраўды да яго нiкому няма справы, цi сапраўды ўсе так i будуць назiраць, пакуль ён абрынецца?
— Ён ужо абрынуўся… Вецер быў, буран быў — усё пазносiла.
— Але ж зруб яшчэ стаiць…
— А якi сэнс са зруба?
— Але ж гэта стары, праваслаўны храм! Чаму вы не хочаце яго аднавiць?
— Мы хочам! I робiм, што можам на сваiм узроўнi. Але ж гэта помнiк архiтэктуры i культуры. З Мiнiстэрства культуры прыязджалi, фатаграфавалi, мералi яго. Гэтая царква знаходзiцца ў гарадской камунальнай уласнасцi. Вось i тэлефануйце альбо старшынi райвыканкама, альбо ў камунальныя службы.
— Айцец Васiль, але ж пасля распаду Саюза праваслаўная царква здолела вярнуць сабе большасць храмаў. Чаму з гэтым сталася так?
— А ў вас грошы ёсць аднаўляць?
— Але ж iншыя храмы вы аднаўляеце!
— Што можам, тое можам! Але калi ў 1992 годзе насельнiцтва раёна было 46 тысяч, то цяпер 36. Адкуль браць сродкi — усё ж аднаўляецца на грошы прыхаджанаў! А аддзел культуры не выдаткоўвае нi капейкi.
— Але ж, каб правесцi элементарную кансервацыю, шмат грошай не трэба!
— Вы журналiст, а не будаўнiк. Добра вам на словах вiнавацiць некага, айца Васiля…
***
Кожны з бакоў па-свойму мае рацыю. I нiхто пакуль што не прыкладае рэальных намаганняў, каб уратаваць унiкальнейшы храм, найцiкавейшы помнiк беларускага драўлянага дойлiдства. Напэўна, калi на месцах няма магчымасцi клёку i iмпэту для гэтага, пра гэта павiнна паклапацiцца дзяржава. Бо Петрыкаўская царква — багацце не толькi Петрыкава, i нават не толькi Гомельшчыны.
КАМЕНТАРЫЙ ЭКСПЕРТА
Гiсторык архiтэктуры, магiстр мастацтвазнаўства Сяргей Харэўскi ўспрыняў навiну пра абрушэнне царквы вельмi балюча.
— Гэта абсалютна ўнiкальны аб’ект, найрадзейшы прыклад драўлянай архiтэктуры ў стылi барока! — кажа спадар Харэўскi. —
Гэтая царква — самае старое драўлянае збудаванне на ўсiм Усходнiм Палессi, на ўсёй Гомельшчыне. Больш на Гомельшчыне падобных цэркваў не захавалася — i праз пажары вайны, i праз пазнейшы атэiстычны вандалiзм…Пабудавана яна як стараверская, паводле паданняў, у канцы ХVІI стагоддзя ў гэтак званай Аголiцкай пустынi, у вёсцы Сотнiчы на Петрыкаўшчыне. Пазней, ад 1746 года дзейнiчала як унiяцкая. У 1836 годзе яе перанеслi ў Петрыкаў на могiлкi — бо ў Петрыкаве не было праваслаўнага храма. Гэты будынак i стаў першай праваслаўнай царквой у Петрыкаве. Збудаванне вельмi моцнае, з высокiм барабанам званiцы. Яна даўно была ў неналежным стане… I гэта фiксавалi розныя навукоўцы, даследчыкi, проста неабыякавыя людзi, былi праблемныя артыкулы ў дзяржаўнай i недзяржаўнай прэсе… Гэта значыць, рухнула яна не знянацку, усё да гэтага iшло… Тут нельга спадзявацца толькi на праваслаўную абшчыну. Ратаваннем i захаваннем такiх унiкальных аб’ектаў павiнна займацца, мяркую, дзяржава — як захавальнiца нашай нацыянальнай спадчыны. I калi на месцы не патрэбны такi ўнiкальны аб’ект, то Мiнiстэрства культуры мусiла, вiдаць, акуратненька разабраць гэты зруб i перавезцi, скажам, у Строчыцы — Музей народнага побыту. Я думаю, для бюджэту гэта не было б вялiкiм цяжарам — прыслаць рабочых, пранумараваць бярвенне, пагрузiць на грузавiк — i завезцi на грузавiку ў музей… Цяпер, дарэчы, адбываецца цiкавая рэч — Беларусь падае ў ЮНЕСКА дзеля Спiсу сусветнай спадчыны комплексны аб’ект — «Драўляныя цэрквы Палесся». Але чыноўнiкi прапануюць туды «гатовенькае» — дагледжаныя цэрквы. Дагледжанасць якiх — заслуга святароў, прыхаджанаў, мясцовых жыхароў. Дык вось, гэта мы падаём у ЮНЕСКА, а паралельна побач разбураюцца больш унiкальныя храмы, якiм патрэбна неадкладная дапамога… Калi ў дзяржавы няма цяпер грошай на аднаўленне нейкага храма — яго трэба хоць бы закансерваваць да лепшага часу — на гэта шмат грошай не трэба…
Подпісы да здымкаў
1. Так храм выглядаў на пачатку 1990‑х. Здымак з энцыклапедыi «Архiтэктура Беларусi». Менавiта там пазначана, што «Петрыкаўская царква — помнiк архiтэктуры рэспублiканскага значэння».
2. Выгляд царквы ў 2003 годзе. Усё яшчэ на месцы — улучна з унiкальным старадаўнiм крыжом.
3. 2007 год. Купал з крыжом абрынуўся. Астатняе трымаецца.
4. 2009 год. Увесь дах абрынуўся ў храм. Сам зруб працягвае дажываць свае днi.
Каментары