Гэта другая падобная акцыя бізнесоўца за гэтае лета.
Гэта другая падобная акцыя бізнесоўца за гэтае лета.
Мікалай Чарнавус гандлюе на рынку дзіцячымі цацкамі. Сам падрыхтаваў усе стравы. «У мінулы раз усім ахвотным не хапіла, — распавёў ён. — Таму гэтым разам я прыгатаваў і першае, і другое, і трэцяе — боршч, пярловую кашу з мясам і кампот. Гатаваў сам з ранку на кастры».
Чакалася, што на абед прыйдуць малазабяспечаныя, шматдзетныя сем’і, пенсіянеры і тыя, каму няма дзе жыць і няма чаго есці. І сапраўды, першай да стала паспела пенсіянерка Марыя Дзмітрыеўна. «Пенсіі ў 250 тысяч на добрае харчаванне не хапае, — сказала «Intex Press» сталага веку жанчына, дзьмухаючы на лыжку з гарачым баршчом. — Даводзіцца падпрацоўваць на рынку. Ведаю, што Мікалай Дзмітрыевіч цудоўны повар, а яшчэ і добры чалавек».
Праз некалькі хвілін на «далікатэсы», прыцягальны пах якіх хутка абляцеў рынак, прыйшлі не толькі тыя, каго чакалі, але і грузчыкі з рынку, і самі прадпрымальнікі, і мінакі з дзецьмі, для якіх шклянка кампоту ў спякотны дзень стала выратаваннем.
«Абед абышоўся ўсяго толькі ў 200 тысяч, але паглядзіце, колькі радасці ў вачох гараджан. На такую справу грошай не шкада», — сказаў «IP» ініцыятар акцыі.
Іншыя прадпрымальнікі да падобнай дабрачыннасці Мікалая Чарнавуса пакуль не далучыліся. «У многіх крызіс у гандлі, — сказаў адзін з суседзяў прадпрымальніка па рынку, — а Чарнавус — малайчына: у такі нялёгкі для прадпрымальнікаў час знайшоў сродкі на дабрачыннасць».
Каментары