Рыгор Васілевіч прыняў у сябе прадстаўніц грамадскай ініцыятывы «Жанчыны супраць беззаконня ў судах і пракуратуры».

13 жніўня генеральны пракурор прыняў у сябе групу жанчынаў, прадстаўніц грамадскай ініцыятывы «Жанчыны супраць беззаконня ў судах і пракуратуры». Пра нагоду для сустрэчы і яе вынікі распавяла кіраўніца ініцыятыўнай групы Галіна Юбко. «9 ліпеня гэтага году мы ўжо сустракаліся з Рыгорам Васілевічам, перадалі яму зварот удзельнікаў нашай групы з просьбай наладзіць разгляд нашых спраў па сутнасці. Скардзіліся на практыку адпісак, якія мы ўвесь час атрымліваем ад чыноўнікаў» — патлумачыла Галіна Пахомаўна. Па яе словах, па выніках ліпеньскай сустрэчы жанчыны атрымалі ад генеральнага пракурора абяцанне разгляду іх спраў па сутнасці. Але неўзабаве пачалі ізноў атрымліваць адпіскі. Таму і было вырашана сустрэцца ізноў і перадаць чарговы калектыўны зварот. Сёння ў Генпракуратуру прыйшло трыццаць шэсць чалавек, Рыгор Васіевіч прыняў чатырох прадстаўніц групы. Па словах Галіны Юбко, генпракурор пагадзіўся з яе словамі, што практыка адпісак проста недапушчальная. «Ён паабяцаў разабрацца, сказаў, што справы абавязкова будуць разгледжаныя» — кажа кіраўніца ініцыятывы. І дадае, што жанчыны будуць звяртацца ў Генпракуратуру да таго часу, пакуль кожная справа не будзе разгледжаная па сутнасці.

***

Нагадаем, што адначасова група жанчынаў ініцыюе сустрэчы з старшынёй Вярхоўнага суду. Нагода тая ж — адпіскі ад чыноўнікаў суду. Аднак поспеху гэтыя сустрэчы пакуль не мелі.

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0