Лукашэнкаўскія ідэолагі гэтай арганізацыі баяцца як агню. А для соцень маладых людзей яна была жывым раманам «Як гартавалася сталь». 6 верасня «Маладому фронту» споўнілася 12 гадоў.

 Фота Юліі Дарашкевіч.

Фота Юліі Дарашкевіч.

Людзі ідэі, якія па жыцці размаўляюць па-беларуску. То Дзень святога Валянціна правядуць, то МТС беларусізуюць, то ў школах з курсамі «Ды-джэяў Адраджэння» з’явяцца, то БТ пра іх фільм пакажа. Адны хваляць маладафронтаўцаў за чалавечую нязломнасць і нацыянальны патрыятызм, іншыя ганяць за празмерную рэлігійнасць.

12 маладафронтаўцаў прайшлі праз суды за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. А да іх прыходзяць новыя людзі.

У 1997 годзе на з’ездзе ў палацы «Сукно» разам з Паўлам Севярынцам першымі сустаршынямі сталі гарадзенец Сяргей Паўленка і магілёвец Алесь Асіпцоў. Як бы тое ні было, але «Малады фронт» праіснаваў ужо 12 гадоў. За гэты час праз арганізацыю прайшло некалькі тысяч маладзёнаў. З арганізацыі выйшлі вядомыя палітыкі, грамадскія дзеячы, журналісты, бізнесмены, музыкі. Ёсць і тыя, хто падаўся з МФ у БРСМ, упраўленні ідэалогіі гарвыканкамаў.

Ці хто ўзгадае пра членства ў БРСМ як пра важны факт сваёй біяграфіі? Ці захавае фота са сходу БРСМ? А вось сяброўства ў «Маладым фронце» — гэта ого-го які выбар. Менавіта таму «Малады фронт» так электрызуе сяброў і праціўнікаў.

Зміцер Панкавец

***

Чаму вы адышлі ад «Маладога фронту»?

Аляксей Янушэўскі, праграміст: «Я пераключыўся з палітычнага ўдзелу на культурніцкі. Бо пабачыў, што дзейнасць у палітычным кірунку не дае вынікаў».

Міхаіл Пашкевіч, лідэр Моладзі Аб’яднанай грамадзянскай партыі: «МФ» — гэта як гогалеўскі «Шынель», з яго выйшла большасць сённяшніх маладых палітыкаў. Гэта стартавая пляцоўка. Потым у кожнага па-рознаму. Хтосьці разумее, што палітыка — гэта не ягонае. Нехта, наадварот, пачынае шукаць самарэалізацыі ў гэтай сферы. Немагчыма быць заўсёды маладымі, у палітычным сэнсе таксама».

Кася Галіцкая, перакладчыца: «Мне не спадабалася, як кіраўніцтва павяло сябе ў канфлікце з Фінькевічам».

Чаму вы ўступілі ў «Малады фронт»?

Таццяна Шапуцька, студэнтка БДУ: «Прыйшла я на хвалі выбараў 2006 года. Наведвала практычна ўсе перадвыбарчыя сустрэчы, бачыла шматлікую актыўную моладзь, якая прагне перамен. І марыла далучыцца да іх шэрагаў. Больш за ўсіх мне спадабаліся юнакі з МФ. Уразілі мяне самаахвярнасцю і мужнасцю. На судзе над Дашкевічам я пазнаёмілася са Змітром Хведаруком і Маўлюдой Атакулавай і з таго моманту не прапускала ніводнай МФаўскай акцыі. Але афіцыйна я запісалася ў МФ толькі на Дзень Волі 2007 года, перад гэтым вывучыўшы крэда і ўсе статутныя дакументы МФ».

Рыгор Астапеня, Салігорск, студэнт Праграмы Каліноўскага, Люблін: «Мне было 15 гадоў, і мне проста хацелася пазмагацца. Напісаў ліст у «Зубр», але стуль не адказалі. А з МФ адказ прыйшоў. Потым я загітаваў свайго аднакласніка Івана Шылу, так і ўтварыўся салігорскі МФ. Цяпер жа ў МФ у мяне мноства сяброў, дый самарэалізацыя прысутнічае».

Гутарыў ЗП

Глядзі таксама:

Зміцер Дашкевіч: Ёсць каму перадаць кіраўніцтва

Наста Палажанка: «Калісьці гэта пераменіцца»

Артур Фінькевіч: Ці мы апазіцыйныя, ці проста хрысціянскія

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0