не цырымоніўся. Рэпартаж з месца падзеяў Змітра Панкаўца.

 Фота Юліі Дарашкевіч

Фота Юліі Дарашкевіч

16 верасня Лукашэнка наведаў Вільню, горад, якім натхнялася не адно пакаленне ягоных суайчыннікаў. Зрэшты, ані паход на вежу Гедыміна, ані экскурсія да Вострай Брамы не ўваходзілі ў праграму візіту. На парадку дня стаяла сустрэча з літоўскай калегай Даляй Грыбаўскайтэ, а таксама адкрыццё беларуска‑літоўскага эканамічнага форуму.

Літоўскія СМІ перад паездкай паддалі перчыку, напісаўшы, што кіраўнік Беларусі разам з маленькім сынам Колем наведае адзін з віленскіх аквапаркаў. Нікому пацвердзіць гэта не ўдалося. Злавіць у фотааб’ектывы Колю таксама ніхто не змог.

Затое на памежным пераходзе ў Медніках журналісты зноў зафіксавалі загадкавую бландзінку, якая суправаджала Лукашэнку падчас аўдыенцыі ў Папы. Дарэчы, да мяжы Лукашэнка дабіраўся на верталёце, толькі потым перасеўшы на «мерседэс».
Перакрываць рух у Вільні з прычыны прыезду беларускага госця ніхто не збіраўся. Там і свой прэзідэнт стаіць у заторах разам з усімі.

Трапіць у будынак Адміністрацыі прэзідэнта Літвы аказалася вельмі простай справай. Варта было толькі за дзень да сустрэчы патэлефанаваць дарадцу прэзідэнта (адпавядае нашаму прэс‑сакратару). Заяўку аналітыка Рамана Якаўлеўскага ў прэс‑службе ці то не атрымалі, ці то недзе яна згубілася. Але Раману паверылі на слова — ягонае прозвішча таксама дадалі ў спіс.

Бліжэй да дзесятай да Адміністрацыі прэзідэнта пачалі падыходзіць нязгодныя з візітам Лукашэнкі. Не ведаю, іх спалохаў праліўны дождж з грымотамі, ці нешта яшчэ, але

прыйшло ўсяго толькі некалькі студэнтаў ЕГУ і прыкладна столькі ж маладых кансерватараў з «Саюзу Айчыны». Агулам чалавек 15.
Відаць, студэнтам і выкладчыкам універсітэту няма супраць чаго пратэставаць і чаго дабівацца.

Пратэстоўцы разгарнулі пару бел‑чырвона‑белых сцягоў, а таксама ангельскамоўныя плакаты, якія заклікалі адказаць на пытанні: дзе Ганчар, Завадскі, Красоўскі, Захаранка. Пара паліцыянтаў папрасіла дэманстрантаў адысці метраў на дваццаць ад будынку Адміністрацыі. Усе паслухаліся.

У нейкай ступені іх намаганні ўсё адно аказаліся марнымі — Лукашэнка вырашыў пад’ехаць да палацу з іншага боку. На апошняга «дыктатара Еўропы» збегліся паглядзець студэнты філасофскага факультэту Віленскага універсітэту.

Машына Лукашэнкі прыехала ў палац са спазненнем на пару хвілін.

З першай машыны хуценька ж выскачыў былы міністр культуры Уладзімір Мацвяйчук, які цяпер з’яўляецца фактычна кіраўніком канцылярыі Лукашэнкі, гэта былое месца працы Уладзіміра Макея.

З другой машыны з’явіўся ўжо сам Лукашэнка, вялікі і ў сінім строі. Праз імгненні на ганак выйшла Даля Грыбаўскайтэ. Кіраўнікі дзяржаў прыязна заўсміхаліся адзін адному. Пратакольнае рукапацісканне доўжылася некалькі секунд. А потым Лукашэнка з Грыбаўскайтэ зніклі за дзвярыма. Пры гэтым беларускі лідэр спрабаваў прытрымліваць калегу за руку.

Падчас перамоваў тэт‑а‑тэт журналістаў запусцілі ў Белую залу Адміністрацыі прэзідэнта, чакаць чарговых здымак.

У зале ж міла гутарылі і пілі каву кіраўнікі замежнапалітычных ведамстваў — Сяргей Мартынаў і Вігаўдас Ушацкас. Размаўлялі між сабой па‑расійску. Як заўсёды іранічна ўсміхаўся літоўскі пасол у Мінску Эдмінас Багдонас. Службы аховы прэзідэнта вырашала свае пытанні.

Зрэшты, чакаць доўга не даводзілася, бо ў іншым канцы Вільні заканчвалася рэгістрацыя на эканамічны форум.

Адкрыццё выставы «БелЭКСПА» прайшло досыць будзённа. У чаканні Лукашэнкі прэм’ер‑міністры Сідорскі і Кубілюс мала каго цікавілі. Тым больш, калі на вуліцы стаялі трактары «Беларус», а ў латках прадавалі «Лідскае піва».

Зала для адкрыцця форуму аказалася досыць невялікай. Нават не ўсе змаглі сесці. Найбольшай папулярнасцю ў журналістаў карыстаўся літоўскі мільянер расійскага паходжання Уладзімір Раманаў, чалавек невялікага росту з чырвоным гальштукам і парасонам. У Беларусі Раманаў мае свае бізнес‑інтарэсы. Ад мільянера журналістам давялося пачуць некалькі кампліментаў у бок Лукашэнкі. Маўляў, у Беларусі зразумела з кім трэба мець справу, каб вырашыць нейкія пытанні, а вось у Літве паспрабуй разбярыся да каго звяртацца.

Як толькі Лукашэнка з’явіўся ў будынку «ЛітЭКСПА» яго адразу атачылі журналісты.

— Чаму вы так доўга размаўлялі з Грыбаўскайтэ?

—Хіба доўга? Я наадварот спяшаўся хутчэй скончыць, каб вы чаго не падумалі.

У зале Лукашэнку віталі авацыямі. Ён і рабіў першы даклад на форуме. Пачаўся выступ з таго, што Беларусь і Літва імкнуцца лепей зразумець адзін аднаго, што ў нас супольная гісторыя і шмат супольнага, а цяжкасці ў нашы адносіны часта прыносіліся звонку.

На ўсялякі выпадак Лукашэнка запэўніў, што ў Беларусі няма ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзій да суседніх дзяржаў.

Пасля ж пачаліся развагі пра інтэграцыю Беларусі ў еўрапейскія справы. Мэсідж Лукашэнкі быў просты як пяць капеек: ніякіх змен у Беларусі не будзе, альбо прымайце нас такімі, як ёсць, альбо нічога не зробіш.

«Запомніце толькі адно: нас нельга нахіляць! Нельга нас прымушаць нешта рабіць, — казаў Лукашэнка. — Мы не можам разбурыць краіну, наш курс».
Увесь час лідэр Беларусі падкрэсліваў, што ён вядзе размову выключна шчыра.

А якія пытанні трэба вырашаць Беларусі і Еўрасаюзу? Візавае, адказаў Лукашэнка, бо Шэнген па цане 60 еўра — гэта непрымальна. «Для Лукашэнкі 60 еўра не праблема, а вось для народу», — кіраўнік Беларусі звыкла гаварыў пра сябе ў трэцяй асобе.

Агулам прамова доўжылася 25 хвілін. Пасля гэтага Лукашэнка пайшоў даваць інтэрв’ю дробнаму расійскамоўнаму выданню «Літоўскі кур’ер». Яно, дарэчы, стабільна дае палосы для «Советской Белоруссии». Тым часам рыхтаваўся ягоны большы падыход да СМІ.

Імправізаваны прэс‑цэнтр зладзілі на фоне выявы Канфедэрацыі літоўскіх прамыслоўцаў. Як высветлілася, менавіта яны і запрасілі Лукашэнку ў Вільню. Зрэшты, прэс‑службе выява літоўскага сцяга не спадабалася. Рослыя хлопцы прыцягнулі тры рэкламкі форуму і засланілі ранейшую выяву. Адзін з супрацоўнікаў прэс‑службы на гэта зазначыў: «Прэзідэнт не збіраецца лабіраваць літоўскія тавары!»

Службе ж аховы развярнуцца асабліва не было дзе. Добра вядома, што ў Беларусі здымаць Лукашэнку ў профіль і ззаду забараняюць. Тое ж паспрабавалі і на гэты раз. Дзе там! Адзін з аператараў сказаў, што я з гэтага месца нікуды рухацца не буду, так і не зрушыўся. Дэмакратыя!

Сідорскі ў гэты час раздаваў інтэрв’ю. Нешта смяяліся разам міністр сельскай гаспадаркі Сямён Шапіра і намесніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч. Недзе далёка не ў першых шэрагах стаяў кіраўнік памежнага камітэту Ігар Рачкоўскі.

На прэс‑канферэнцыі ў выразах Лукашэнка не саромеўся. «Вам жа трэба ў Брусель з’ездзіць перад тым, як рашэнні прымаць?». — «Не абавязкова». — «Ну, значыць, мяне ўвялі ў зман».

Паводле кіраўніка Беларусі не такая ўжо ў Еўропе і дэмакратыя, бо паўсюль наркотыкі, а мітынгі разганяюць вадамётамі і слезацечным газам. «У нас такога ніколі не было!» — з гонарам паведаміў Лукашэнка.

Аказваецца, гадзіны размовы з Грыбаўскайтэ ім было дастаткова, каб перайсці на ты. У кіраўнікоў заставалася мала часу, а прэзідэнтка Літвы павінна была зачытаць яшчэ зварот ад літоўцаў Беларусі.

«Я ёй кажу, няхай, гавары, чаго ўжо там. А яна мне кажа, што гэта падзяка. Ну тады аддзячвай».

Зрэшты, Лукашэнку спадабаўся баявы настрой Грыбаўскайтэ. Ён папрасіў літоўцаў падтрымліваць яе.

Удалося задаць пытанне і ад «Нашай Нівы».

— Аляксандр Рыгоравіч, ці збіраецеся ісці на наступныя прэзідэнцкія выбары?

— А тэлевізар не глядзіш? Не бачу ніякіх прычын, каб не ісці. Калі пабачу, што не змагу перамагчы, то, не хвалюйцеся, не буду ўдзельнічаць.

Свой візіт кіраўнік Беларусі ахарактарызаваў як «надзею на будучыню».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?