Культура88

Рэйтынг самых абразлівых фільмаў

Фільм «Раён нумар 9» быў забаронены ў Нігерыі. «Шлях славы» Кубрыка быў не дапушчаны да пракату ў Францыі, а «Індыяна Джонс» — у Індыі.

Фільм «Раён нумар 9», , які нядаўна дэманстравалі на нашых экранах , быў забаронены ў Нігерыі. Прычына: нігерыйцы выстаўленыя ў непрыглядным святле. Колісь «Шлях славы» Кубрыка з аналагічных прычынаў быў не дапушчаны да пракату ў Францыі, а «Індыяна Джонс» — у Індыі. Пра гісторыю абразаў нацыянальнага гонара ў кінематографе піша Ліза Кавальчык.

У ложку з прышэльцамі… хто, мы?!

Падзеі ў стужцы «Раён нумар 9» адбываюцца ў паралельнай рэчаіснасці, у якой пры канцы 80-х прыхадні з космасу нібыта прызямліліся на тэрыторыі Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі, і цяпер, у 2000-я, працягваюць жыць у лагеры для ўцекачоў ля Ёханэсбурга.

Фільм мае выразна сацыяльную афарбоўку, дзе іншапланетнікі — хутчэй алюзія на жалю вартае становішча цалкам зямных імігрантаў, бежанцаў з іншых краінаў ды нацыянальных мяншыняў. Але ўсё ж довады пра вымысленасць сюжэту, што, як той казаў, «не мае аніякай сувязі з рэальнымі падзеямі і асобамі», не пераканалі ўлады Нігерыі, якія забаранілі пракат «9-га раёна» на сваёй тэрыторыі. Усё праз паказаныя ў фільме паводзіны імігрантаў з Нігерыі, што, паводле сюжэту, масава праточваюцца ў закрытую зону лагера для іншапланетнікаў.

«Мы лічым, што стужка шкодзіць вобразу Нігерыі, бо яна выстаўляе нас канібаламі і злачынцамі, — сказаў надоечы нігерыйскі міністр інфармацыі ў сваім інтэрв'ю каналу ВВС. — Нашыя жанчыны прэзентаваныя як прастытуткі, якія цягаюцца і спяць з іншапланетнікамі».

Да таго ж, ад распаўсюдніцы фільму, кампаніі «Соні», у Нігерыі патрабуць публічных прабачэнняў.

Казахскі сіндром

Часам гэткія рэакцыі з боку афіцыйных асобаў на твор мастацтва выклікаюць адно ўсмешку. Смех-смехам, але гэта зусім не ўпершыню, калі фільм, які аніяк не прэтэндуе на рэалізм, выклікае абурэнне ў краінах, грамадзяне якіх узгадваюцца ў сюжэце.

У апошнія гады найбольш памятны выпадак адбыўся з камедыяй «Борат». Поўны брутальнага і сальнага гумару псеўда-дакументальны фільм брытанца Сашы Барона Коэна апавядае пра адыёзнага журналіста з Казахстана, расіста, сэксіста і проста тупалобага чалавека, які падарожнічае па Амерыцы ў пошуках нявесты. Казахстан прадстаўлены ў стужцы як бедная і прымітыўная краіна трэцяга свету.

Фільм, зразумела, у Казахстане забаранілі, дарма што гумарыстычнае вастрыё «Бората» было звернута якраз супраць амерыканцаў ды іх ладу жыцця. Акрамя таго, міністр замежных справаў Казахстану падаў стос скаргаў у разнастайныя міжнародныя арганізацыі, а афіцыйны сайт фільма, які стваральнікі дзеля пільнавання камеднай сур'ёзнасці, зрабілі з казахскім канчаткам .kz, быў урачыста выдалены з сеціва. Потым «боратаўская» тэматыка падымалася нават у гутарцы паміж Джорджам Бушам і Нурсултанам Назарбаевым.

Індуская помста

Вядома, нічога новага па сонцам няма — усё тое самае шматкроць ужо здаралася ў гісторыі кінематографа. У 1958 годзе пацыфісцкая стужка «Шляхі славы» Стэнлі Кубрыка выклікала абурэнне французаў, і ўсё праз тое, як у фільме былі прадстаўленыя іхнія афіцэры і жаўнеры.

Падзеі «Шляхоў» адбываюцца падчас Першай сусветнай вайны. Стужка, якая поўніцца рэалістычнымі апісаннямі жахаў вайны і мае хутчэй універсалісцкі характар, распавядае, як французкія афіцэры з асабістых, часта эгаістычных меркаванняў і пад ціскам старэйшых па званні кідалі падначаленых на пэўную і бескарысную смерць. У Францыі стужку афіцыйна не забаранілі, але на распаўсюднікаў фільму быў узведзены дыпламатычны ціск, і таму на шырокім экране «Шляхі славы» ў Францыі ўбачылі толькі ў 1975 годзе — амаль два дзясяткі гадоў пасля прэм'еры.

Тое ж сталася з «Паўночным экспрэсам», драмай Алана Паркера ў 1978 годзе. Фільм грунтуецца на гісторыі Білі Гейза, які пасля несправядлівага абвінавачвання ў гандлі наркотыкамі доўгі час адседзеў у турэцкім астрозе. У стужцы турэцкія турэмшчыкі паказаныя лютымі людзьмі са скрайне брутальнымі метадамі ўпакорвання наравістых. Толькі праз 26 гадоў аўтар сцэнару Олівер Стоўн (які дарычы атрымаў за яго свой першы «Оскар») адведаў Турцыю і прылюдна выбачыўся за перагіны ў сюжэтнай лініі.

Але падобнае дужа негатыўнае і рэпрэсіўнае стаўленне да сябе прыдбалі не толькі рэалістычныя стужкі і фільмы на сацыльную тэматыку. У 1984 годзе на экраны выйшаў цалкам бяскрыўдны прыгодніцкі «Індыяна Джонс і Храм Лёсу», другая частка ў славутай серыі Джорджа Лукаса і Стывена Спілберга. Фільм, можа, і дастаў вялікі поспех у шмат якіх краінах свету, але толькі не ў Індыі: там яго не пусцілі ў пракат. За што? Бо жыхары аднаго індыйскага ўдзельнага княства (княства абсалютна вымысленага, трэба дадаць) з'яўляюцца перад гледачом як люда- і малпа- жэры, ці не паглоўнымі членамі змрочнага паганскага культу

Думаем, не варта спыняцца на доўгіх спісах забароненых фільмаў у Савецкім Саюзе ды іншых таталітарных краінах. Дастаткова рэжысёру было паказаць у непрыглядным свеце не тое што цэлы народ, а толькі аднаго прадстаўніка той дзяржавы, як стужка аўтаматычна трапляла ў чорны спіс кінапракатчыкаў. Таму прыгадаем хіба прыўкрасную пародыю Чарльза Чапліна на Гітлера ў «Вялікім дыктатары», якая была цалкам забароненая для паказу на тэрыторыі фашыстоўскай Нямеччыны.

Беларуская кемлівасць

Што ў Беларусі? Па шчырасці, асабліва ніякіх замежных фільмаў тут не забаранялі, бо ніхто нас асабліва не абражаў (дробная шпілька на адрас правінцыйнасці Менску ў нядаўняй расейскім камедыі «М+Ж» не ў лік). А паколькі манапаліст «Белвідэапракат» закупляе замежныя, ужо перакладзеныя, фільмы праз Расею, дык да нас па-просту не дайшоў той жа «Борат», які ў сваю чаргу не закупілі расейцы праз прыкрыя нагаворы амерыканцаў на братэрскіх казахаў. Так што, і ваўкі цэлыя, і авечкі сытыя.

Але сёлета гэтая памяркоўная пазіцыя мела свой збой: у Расіі з эканамічным прычынаў не закупілі «Супраціў» з Даніэлам Крэйгам у галоўнай ролі, і паспаліты глядач не пабачыў вычынаў беларуска-габрэйскага партызана Бельскага, а таксама масоўкі, складзенай з студэнтаў ЕГУ, што на партызанскім прывале цягнуць «Купалінку».

Каментары8

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

На вайне ва Украіне загінуў былы дырэктар двух аршанскіх заводаў4

На вайне ва Украіне загінуў былы дырэктар двух аршанскіх заводаў

Усе навіны →
Усе навіны

Сяргей Ціханоўскі прыедзе на фэст «Тутака» на Падляшшы10

Bild публікуе «сакрэтны спіс» зброі, якую Украіна просіць у Германіі6

У 2026 годзе беларусы будуць адпачываць меней, чым у гэтым годзе

Ціханоўская — Трампу: Лукашэнку трэба пакараць, а не заахвочваць40

Пажар у Пухавіцкім раёне, дзе загінулі ўнучка і бабуля, быў выкліканы падпалам1

Беларус знайшоў рэдкую манету. За яе даюць ужо 18 тысяч рублёў, але таргі працягваюцца6

22-гадовы каліновец Ціхан «Франц» Клюкач атрымаў кантузію3

25 гадоў таму быў выкрадзены тэлеаператар Дзмітрый Завадскі1

У Віцебску асвоілі будаўніцтва тэхнічнага флота: зрабілі ўласны цеплаход4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На вайне ва Украіне загінуў былы дырэктар двух аршанскіх заводаў4

На вайне ва Украіне загінуў былы дырэктар двух аршанскіх заводаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць