Гэта — расповяд ад першай асобы пра канфлікт прадпрымальніка і дзяржавы, які набыў вялікі розгалас у краіне. Пра акалічнасці першай справы Мікалая Аўтуховіча піша Юры Лявонаў.

Перад мной — дзесяць важкіх тамоў з матэрыяламі падатковых праверак і гаспадарчых судоў прадпрыемства «Ніка‑Транс» і прадпрымальніка Аўтуховіча. Шэсць тамоў з матэрыяламі крымінальнай справы знаходзяцца ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна. У гэтых папках — тры з паловай гады барацьбы Мікалая Аўтуховіча за права займацца бізнэсам.

Першы дакумент датаваны 30 красавіка 2003 г., апошні — 10 студзеня 2007 г. Пасля таго як 6 ліпеня 2006 г. прагучаў прысуд, Аўтуховіч працягваў даводзіць сваю правату — скаргамі ў касацыйныя інстанцыі. Першая падатковая праверка датавана 1 ліпеня 2003 года. Тры гады жыцця былі поўныя праверак, экспертызаў, судоў, галадовак і арыштаў. Потым яшчэ паўтара года ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

А як дзівіліся высокія чыноўнікі, да якіх мне ўдавалася данесці перыпетыі нашай справы.

Я меў сустрэчы з міністрам па падатках і зборах (МПЗ) Ганнай Дзейка і старшынёй Вышэйшага гаспадарчага суда (ВГС) Віктарам Камянковым. Здавалася, я быў зразуметы, яны рабілі пазнакі ў нататніках, перапытвалі, калі гаворка ішла пра ўжо вельмі відавочныя парушэнні з боку іх падначаленых. Дзейка нават абяцала разабрацца на працягу трох дзён. Але адказы на пытанні падмяняліся казуістыкай.

Першы «наезд»

А пачалося ўсё з дамовы пра платнае аказанне паслуг па кіраванні транспартнымі сродкамі. Яе ўклалі прадпрыемства «Ніка‑Транс» і прадпрымальнік Аўтуховіч 30 красавіка 2003 г. Дамова прадугледжвала ўзаемную выгаду: прадпрыемства атрымлівала стабільны прыбытак ад штомесячных плацяжоў за паслугі, а прадпрымальнік пазбываўся лішняй бухгалтэрыі, звязанай з утрыманнем сарака наёмных працаўнікоў.

Не буду хаваць, да такога рашэння падштурхнуў дэкрэт кіраўніка дзяржавы, які прадпісваў прадпрымальнікам скараціць колькасць наёмных працаўнікоў да трох чалавек. Копію дамовы аддалі ў падатковую інспекцыю — вывучайце.

І тут пачалося: адна праверка, другая — ніякіх парушэнняў. 28 жніўня ў Ваўкавыск прыбыла сталічная брыгада падаткавікоў на чале з начальнікам аддзела МПЗ А.Т.Галаваровым.

Яны мелі прадпісанне ад намесніка міністра В.Б.Каменка, на праверку «Ніка‑Транс» на прадмет датрымання парадку прыёму наяўных грошай. Але ж кіраванае мною прадпрыемства займалася міжнароднымі грузаперавозкамі, замоўцамі ў нас былі еўрапейскія і расійскія фірмы, усе разлікі ішлі па безнаяўным. Галавароў паясніў: яны правялі рэйдавую праверку дзейнасці таксі ў горадзе і выявілі маіх кіроўцаў за рулём аўтамабіляў Аўтуховіча, а «права прымаць наяўныя грашовыя сродкі кіроўцамі «Ніка‑Транс» дамовай не прадугледжана».

Галавароў вельмі спяшаўся. Ужо на наступны дзень пасля пачатку праверкі ён склаў прамежкавы акт. І ў канцы дакумента пазначаліся цалкам рэальныя эканамічныя санкцыі. Спяшаўся так, што мы пасля налічылі не менш за дзесяць парушэнняў міністэрскага Палажэння пра парадак правядзення праверак. Прычыны паспешлівасці скора патлумачыліся. 4 верасня намеснік міністра Каменка накіроўвае ў Мінтранс хадайніцтва пра пазбаўленне ліцэнзіі прадпрымальніка Аўтуховіча, за «шматлікія парушэнні падатковага заканадаўства».

І тут адбыўся канфуз: Высвятляецца, што ўсе праверкі ў Аўтуховіча дагэтуль сканчаліся нязменным «парушэнняў не выяўлена». Распараджэнне пра прыпыненне ліцэнзіі адмяняе пракуратура.

Суд Гарноўскага

А ў прадпрымальніка ўжо поўным ходам ідзе новая праверка. Працуюць прадстаўнікі абласной падатковай інспекцыі. Яны не спяшаюцца, на складанне прамежкавага акту сышоў тыдзень. Выснова — «парушэнне парадку разлікаў паміж суб’ектамі гаспадарання» і эканамічныя санкцыі! І, нягледзячы на рэзалюцыю Нацбанку аб тым, што «парушэнняў заканадаўства ў частцы правядзення разлікаў не ўгледжваецца», узбуджаюцца дзве судовыя справы — у ВГС і ў Гродзенскім абласным гаспадарчым судзе.

Суддзя ВГС Гарноўскі А.А. за тры пасяджэнні разглядае справу і выносіць рашэнне на карысць падатковых органаў. Я не раз назіраў за рэакцыяй спецыялістаў у галіне права, якія чытаюць гэту паперу. Яны раз‑пораз з недаверам паглядалі на тытульны ліст з дзяржаўным гербам і назвай суда.

Сутнасць рашэння можна выказаць так: спачатку суд канстатаваў нікчэмнасць дамовы між «Ніка‑Транс» і прадпрымальнікам Аўтуховічам, а затым пацвердзіў парушэнне парадку разлікаў, грунтуючыся на палажэннях тае «нікчэмнае» дамовы. І гэта рашэнне ляжыць сёння ў падмурку хісткай сцяны хлусні, узведзенай вакол імя Аўтуховіча.

Канфуз

Падчас паседжання касацыйнай інстанцыі Гродзенскага аблсуда, якая разглядала скаргу Аўтуховіча, суддзя спытаў у прадстаўнікоў падатковай — а што за разлікі вы маеце на ўвазе, паказваючы на парушэнне іх парадку? А тым і сказаць няма чаго… І адмянілі іх рашэнне. Тады справу перадалі ў Вышэйшы гаспадарчы суд, і намеснік старшыні ВГС Ягораў А.П. апратэставаў пастанову касацыйнай інстанцыі і прысуд застаўся ў сіле.

Але тут выявіўся новы канфуз. Вывучаючы рашэнні ВГС адносна прадпрыемства і прадпрымальніка, мы адкрылі, што ў гэтых двух рашэннях процілегла ацэньваецца функцыя перавозчыка ў дамове перавозкі пасажыраў.

Адно прызнае перавозчыкам «Ніка‑Транс», а іншае — Аўтуховіча. І абодва падтрымліваюць выснову падатковай службы пра парушэнне парадку разлікаў. Супярэчнасць вырашыў Прэзідыум ВГС, адмяніўшы ўсе судовыя рашэнні адносна Аўтуховіча і перадаўшы справы па Аўтуховічу зноў у суд першай інстанцыі.

Вінаваты «у выпадку літаральнага тлумачэння»

У снежні 2004 г. на прадпрыемства прыехала чарговая праверка пад кіраўніцтвам інспектара МПЗ Лукашэвіча Г.Г. І зрабіла выснову ўжо не пра парушэнне парадку разлікаў, а пра ўхіленне ад выплаты падаткаў. У лютым узбуджаецца крымінальная справа, падазраваным прызнаюся я, дырэктар «Ніка‑Транс». Падаткавікі блакуюць рахункі, пачынаецца вопіс маёмасці. Прадпрыемства спыняецца.

І раптам удача: следчы Упраўлення дэпартаменту фінрасследаванняў КДК Оліхвер Н.І., страціўшы надзею разабрацца ў праблемах, навернутых падаткавікамі па нашых справах, прызначае міжведамасную экспертызу. Пакуль экспертная камісія раскачвалася, з’явілася хоць нейкая магчымасць працаваць.

У верасні 2005 г. пяць з шасці экспертаў (за выключэннем прадстаўніка МПЗ) не прызналі ў дзеяннях «Ніка‑транс» і Аўтуховіча парушэнняў эканамічнага заканадаўства. Аднак эксперт з Мінэканомікі салідарызаваўся з МПЗ і зрабіў у заключэнні запіс аб тым, што «У выпадку літаральнага тлумачэння пункта 6 Дэкрэту… (Аўтуховічам — заўв. аўт.) былі парушаныя патрабаванні пункта 6 Дэкрэту Прэзідэнта РБ ад 27 студзеня 2003 г. №4». Гэта і паслужыла фармальнай нагодай для арышту Аўтуховіча ў кастрычніку 2005 г. Логіка простая — навошта Аўтуховіч парушыў патрабаванні Дэкрэту? Правільна: каб не плаціць падаткі. Вось і атрымай абвінавачванне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў.

З каго браць падаткі?

Канфуз разрастаўся проста на вачах, бо яшчэ ў студзені было прынятае рашэнне спагнаць тыя, нібы нясплачаныя, падаткі з «Ніка‑Транс». А тут Дзяржкантроль вырашыў гэтыя ж падаткі патрабаваць з Аўтуховіча, абапіраючыся на заключэнне экспертнай камісіі, якая прызнала перавозчыкам у дадзенай сітуацыі прадпрымальніка. Не ведаю, як яны між сабой дамаўляліся, але 1 снежня 2005 г. МПЗ адмяняе рашэнне, бо «у акце ад 22.12.04 г. (вынікі праверкі Лукашэвіча — Рэд.) не цалкам высветленыя ўсе істотныя факты і акалічнасці»…

Суду «і так усё зразумела»

У лютым 2006 г. у Кастрычніцкім судзе Гродна пачаўся суд. На лаве падсудных два чалавекі — Аўтуховіч па абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і я па абвінавачванні ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі з карыслівых памкненняў. Суддзя Рачынскі Н.П. добрасумленна слухаў сведак абвінавачвання — без малога паўсотні душ.

І ніводны не пацвярджаў прад’яўленыя абвінавачванні.

А калі спіс сведак пачаў падыходзіць да канца, дзяржабвінаваўца Шчарбак Е.М. запатрабаваў прызначыць эканамічную экспертызу і даручыць яе Гродзенскаму КДК. Суддзя пагадзіўся, хоць неабходнасці ў ёй ну зусім не было.

І вось, пасля выступу эксперта, якая нудна пералічвала доўгія калонкі сумаў, дзяржабвінаваўца заяўляе, што ўладай яму дадзенай, ён выстаўляе новае абвінавачванне. Аўтуховічу — у ажыццяўленні незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, а мне — у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, але ўжо не з карыслівых памкненняў, а «жадаючы аказаць дапамогу …(Аўтуховічу — Рэд.) і атрымаць ад Аўтуховіча М.М. узаемную паслугу ў выглядзе сістэматычнага паступлення на разліковы рахунак прадпрыемства ў якасці яго прыбытку вызначаных сум грашовых сродкаў…».

Адвакаты ў шоку — новае абвінавачванне, увесь працэс па новай? А суддзя спакойна заяўляе: «Навошта? Мне і так усё зразумела!» І прызначае спрэчкі бакоў, затым апошняе слова і прысуд.

Усё пайшло з малатка

Канец працэсу адзначыўся масавымі візітамі судовых выканаўцаў і падатковых інспектараў. Першыя кіраваліся рашэннем Кастрычніцкага суда Гродна, другія — рашэннямі ВГС. Відавочцы сцвярджаюць, што дзейнічалі па прынцыпе: хто што знайшоў, тое і ўрваў. У вопісах часцяком фігуравала адна і тая ж маёмасць.

На сёння ўся маёмасць «Ніка‑Транс» і прадпрымальніка Аўтуховіча прададзеная судовымі выканаўцамі з аўкцыёну, адабралі нават мой асабісты гараж. Паводле судовых пастаноў, Аўтуховіч і Лявонаў вінаватыя дзяржаве каля мільёна даляраў па курсе на сярэдзіну 2006‑га.

Супярэчнасць засталася

А канфуз застаўся.

На сённяшні дзень дзейнічаюць два судовых рашэнні — Гарноўскага і Рачынскага, што адны і тыя ж акалічнасці ацэньваюць процілегла.
31 сакавіка 2008 г. я і Аўтуховіч накіравалі зварот на імя Генпракурора з указаннем на супярэчнасці ў судовых рашэннях. Прынамсі, адно з іх павінна быць адменена па выключна юрыдычных падставах. У адказ прыйшла адпіска, маўляў, Гарноўскі быццам бы і не кажа, што менавіта прадпрыемства з’яўляецца перавозчыкам, а Рачынскі гэта пытанне нібыта наогул не разглядаў, і для высноў суда гэта акалічнасць быццам бы значэння не мае. Але сама пракуратура так і не сказала, хто выступіў у дадзенай сітуацыі перавозчыкам пасажыраў. І я іх разумею — небяспечна!

Юры Лявонаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0