Нават спрактыкаваныя палітаглядальнікі — з тых, што сочаць за кожным крокам і словам Аляксандра Лукашэнкі, — перабываюць у шоку пасля яго выступлення перад расійскімі журналістамі ў Мінску. Піша Віталь Тарас.

У адным флаконе

Кіраўнік Беларусі неаднойчы раней выкрываў Захад, таксама як і крытыкаваў кіраўніцтва Расіі. Але каб усё разам, так бы мовіць, у адным флаконе? Спачатку абвінаваціць Пуціна ў правале праекту саюзнай дзяржавы і ледзве не ў імперскай палітыцы, а потым, гаворачы пра супрацоўніцтва з Расіяй у вайсковай сферы, усклікнуць: «… толькі ідыёт можа пасля гэтага сказаць, што Лукашэнка павярнуў на Захад!..»

Не так ужо і важна, ці ведаў ён ужо на той момант, што Расія адмаўляецца выдаткаваць саюзніку чарговыя паўмільярда даляраў, ці толькі здагадваўся пра гэта. Расійскія журналісты больш засяродзіліся на тым, што Лукашэнка, крытыкуючы Пуціна, фактычна нічога кепскага не сказаў пра Мядзведзева.

Некаторыя з іх убачылі ў гэтым спробы лідэра Беларусі аднавіць колішнюю гульню на расейскім палітычным полі, як гэта было пры Ельцыну. Напрыклад, Аўтандзіл Цуладзе на сайце «Ежедневный журнал» (6 кастрычніка г.г.) піша: «Лукашэнка, як мэтэор, уварваўся на «электаральную паляну « Пуціна. Асноўная база «нацыянальнага лідэра» — т.зв. «патэрналісцкая большасць». Імкнучыся замацаваць за сабой лідэрства на гэтым полі, Пуцін у бюджэце 2010 году заклаў павелічэнне пенсій на 40%, што для эканомікі, якая перажывае глыбокі крызіс, з’яўляецца вельмі вялікай нагрузкай. Лукашэнка кавалерыйскім наскокам руйнуе ўсе гэтыя разлікі (…) Якім бы ні быў адказ расійскага прэмьера, «патрыятызм» і «дзяржаўніцтва» Пуціна ўпершыню публічна і рэзка пастаўленыя пад сумнеў».

А Ілья Мільштэйн на сайце «Граняў» (таксама 6 кастрычніка) падзяліўся сваімі сумненнямі — наколькі ірацыянальным можна лічыць гнеў Лукашэнкі. «Ці то ён звярынай сваёй чуйнасцю адчуў, што прыйшоў час зусім не выбіраць выразаў (…) Ці то яго ўсё‑такі падводзіць звярыная чуйнасць».

Фактар няпэўнасці

Спяшацца з высновамі пра вяртанне Лукашэнкі на поле расійскай палітыкі, думаю, не варта. Так, нацыянал‑патрыятычныя павевы ў Расіі апошнім часам узмацніліся. Чаго вартая хоць бы кампанія цкавання былога дысідэнта Аляксандра Падрабінека, які асмеліўся выступіць супраць савецкіх ветэранаў, і якога «Нашы» пагражаюць выкінуць з краіны? Але ж і «Нашымі» ды іншымі, блізкімі да іх паводле духу камуна‑патрыятычнымі і паўфашысцкімі маладзёжнымі актывістамі кіруе Крэмль. Нішто не пагражае і па вызначэнні не можа пагражаць манаполіі пуцінскай «Адзінай Расіі». Не падобна, што Пуцін у чымсці прайграе свайму напарніку ў тандэме — Дзмітрыю Мядзведзеву. Ды і Мядзведзеў з яго заходнімі звычкамі, модным стылем і любоўю да Інтэрнету неяк не надта падыходзіць на ролю «нацыянальнага лідэра», сапраўднага патрыёта‑дзяржаўніка. Для расійскага электарату ён нават не «Сталін‑софт», як часам называюць Пуціна.

Канечне, даволі цікава сачыць за ўнутрырасійскай барацьбой «нанайскіх хлопчыкаў» і разважаць, чым яна можа абярнуцца для Беларусі. Але куды цікавейшая і важнейшя другая частка праблемы, якую ўтрымлівае ў сабе «рэбус» Лукашэнкі. Пад рэбусам маю на ўвазе яго прамову, згаданую на пачатку. Ён, між іншым, гаварыў і пра тое, што Беларусь — еўрапейская краіна. То бок, пра Захад яе кіраўнік не забывае. А вось пэўнасці ў тым, што там будуць бясконца цярпець яго выхадкі і рыторыку, у Лукашэнкі няма. Таму і нервуецца. Таму шукае метады ненаўпроставага ўздзеяння на Захад.

Калі ён, Лукашэнка, Пуціна не баіцца, перад якім трымцяць многія на Захадзе, значыць, ён упэўнены ў сваіх сілах і ў тым, што Расія пры любым раскладзе будзе абараняць свайго адзінага хаўрусніка.

«Трэці кошык» — у сметніцу?

Ніхто сёння не ведае дакладна, ці скасуе Еўрасаюз канчаткова санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі з улікам адсутнасці прагрэсу ў справе «лібералізацыі». Бо рашэнне будзе прымацца кансенсусам, з улікам меркаванняў усіх сяброў ЕС, а не толькі Германіі, Францыі, Польшчы ці яшчэ якой‑небудзь краіны. Захад — не Расія.

Можна колькі заўгодна разважаць наконт цынізму заходніх палітыкаў і «рэал‑палітык». Але дзеянні палітыкаў там не могуць быць ірацыянальнымі, як гэта здараецца з кіраўніком Беларусі і яго расійскімі партнёрамі. А яшчэ гэтыя дзеянні не могуць быць закуліснымі. То бок, бываюць і пры дэмакратыі таемныя пагадненні і змовы, але іх раскрыццё, ці нават толькі падазрэнне ў гэтым каштуе занадта дорага. Успомнім прыклад былога канцлера, лідэра СДПГ Гэрхарда Шродэра, якому спрыянне эканамічным інтарэсам «Газпрома» і сяброўства з Пуціным каштавала палітычнай будучыні.

Разам з тым, ніколі не было і, відаць, не будзе адзінай і нязменнай пазіцыі Захаду ў пытанні правоў чалавека ў той або іншай краіне. У Хельсінкскіх пагадненнях, якія падпісалі ЗША, Канада, краіны Еўропы і СССР (гэта стала асновай стварэння АБСЕ) быў так званы «трэці кошык», у які ўваходзілі абавязацельствы ўсіх падпісантаў датрымоўваць гэтыя правы. Некаторыя еўрапейскія дзяржавы — напрыклад, Францыя — глядзелі на іх парушэнні ў Савецкім Саюзе скрозь пальцы. А вось невялікія краіны — такія, як Данія, Галандыя, Нарвегія — як правіла, ставіліся да гэтага пытання больш прынцыпова.

Найбольш прынцыповую і паслядоўную палітыку ў гэтым плане традыцыйна праводзілі Злучаныя Штаты. Але і там падыходы мяняліся ў залежнасці ад таго, якая адміністрацыя была ў Белым Доме —дэмакратычная альбо рэспубліканская.

І ўсё ж, да нядаўняга часу палітыка Еўрасаюза ў адносінах да новых незалежных краін і іх дэмакратызацыі мала адрознівалася ад амерыканскай. У тым ліку, у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Аднак, з пачаткам эканамічнага крызісу і «перазагрузкі» амерыкана‑расійскіх адносін, абвешчанай прэзідэнтам Абамам, сітуацыя выразна змянілася. Праз год пасля агрэсіі Расіі ў Грузіі Еўрасаюз усклаў роўную адказнасць за пачатак вайны на Саакашвілі і Крэмль. Самаабвешчаная незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі і стварэнне там расійскіх вайсковых баз прызнаныя ЕС дэ‑факта. А перспектывы ўступлення Грузіі ды Украіны ў НАТО, нягледзячы на падтрымку гэтых краін Захадам на словах, выглядаюць як ніколі туманна. Спробы ПАРЕ прыпыніць паўнамоцтвы Расіі ў гэтай структуры ў сувязі з тым, што яна не выканала ніводнай умовы мірнага пагаднення адносна Грузіі, скончыліся безвынікова.

Што ў гэтай сітуацыі Захад можа патрабаваць ад Аляксандра Лукашэнкі ў дачыненні прызнання або непрызнання самаабвешчаных рэспублік— каб ён быў свяцейшым за Папу?

Інстынкт улады

Што тычыцца ЗША, дык зразумела, што іх замежная палітыка — гэта не толькі палітыка Белага Дома і дзярждэпа. Дарэчы, апошнім часам ён не можа пахваліцца якімі‑небудзь заўважнымі поспехамі на міжнароднай арэне. Як і прэзідэнт, які, між іншым, не змог адстаяць кандыдатуру Чыкага ў якасці сталіцы Аліміпяды‑2016. (Адрозна ад Пуціна, які на пасадзе прэзідэнта дамогся правядзення зімовай Алімпіяды—2014 у Сочы). З часоў амерыканскай рэвалюцыі агромністую ролю адыгрываў і адыгрывае Кангрэс. Між іншым, нядаўна амерыканская Палата прадстаўнікоў адзінагалосна падтрымала рашэнне працягнуць дзеянне Акта аб дэмакратыі ў Беларусі. Прыкладаў падобнай аднадушнасці дэмакратаў і рэспубліканцаў, напэўна, не так і шмат у гісторыі ЗША.

Тое, што на падзеле ўладаў, самастойнай ролі прадстаўнічых і судовых органаў, прынцыпе выбарнасці, правах чалавека, свабодзе прэсы грунтуецца магутнасць заходніх дзяржаў, зразумела кожнаму заходняму палітыку і нават абываталю. Але гэта абсалютна не зразумела для дыктатараў. Любыя саступкі, ці нават рашэнне, якое можа выглядаць саступкай (напрыклад, адмова размяшчаць ПРА ў Еўропе), ваганні і нерашучасць успрымаюцца аўтарытарнымі рэжымамі як карт‑бланш. У прыватнасці — на здушэнне апазіцыі. Але не толькі.

Там, дзе дэмакратыя саступае, хай сабе з тактычных або прагматычных меркаванняў, там дыктатура пераходзіць у наступ, імкнецца пашырыць і замацаваць сваю «тэрыторыю».
Пры гэтым паводзіць яна сябе ў дачыненнях з навакольным светам гэтаксама па‑хамску, як і з уласным народам.

Дыктатары ва ўсім свеце кіруюцца зусім не законамі, але менавіта інстынктамі. Найперш, інстынктам улады, інстынктам іх палітычнага выжывання.

Напэўна, гэта меў на ўвазе Ілья Мільштэйн, калі пісаў пра «звярыную чуйнасць». Ці не падмане яна Аляксандра Лукашэнку гэтым разам? Адказ мы хутка ўведаем.

Віталь Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0