«За што мусяць гінуць мае хлопцы, калі што?» Такое пытанне ў лоб задаў Аляксандр Лукашэнка паўтара месяца таму на нефармальным саміце АДКБ у Кіргізіі.

Пытанне было адрасавана найперш Маскве. З кантэксту вынікала, што яно мае абсалютна канкрэтны матэрыяльны сэнс: доступ на расійскі рынак, цэны на энергарэсурсы. Калі 16 лістапада беларускага прэзідэнта не будзе на казахстанскім палігоне Матыбулак, значыць, станоўчага адказу на сваё пытанне ён не атрымаў.

На момант, калі пішуцца гэтыя радкі, Лукашэнку ў Казахстане не чакаюць. «Вечарам у Алматы плануюць прыляцець кіраўнікі Арменіі Серж Саргсян, Таджыкістана Эмамалі Рахмон, Кыргызстана Курманбек Бакіеў і Расіі Дзмітрый Мядзведзеў. Разам з нашым кіраўніком дзяржавы Нурсултанам Назарбаевым за вучэннямі будуць назіраць пяць прэзідэнтаў», — дакладна падлічылі ў прэс‑службе міністэрства абароны Казахстана.

У любым выпадку

мілы для Масквы праект АДКБ мае бледны выгляд.
Хаця манеўры на Матыбулаку сімвалічна названы «Узаемадзеянне‑2009», узаемадзейнічаюць на іх фактычна толькі расійцы з казахамі. Лік іх байцоў ідзе на тысячы. Яшчэ дзве краіны даслалі маленькія падраздзяленні: Кыргызстан — спецназ «Скарпіён», Арменія — мотастралковую роту. Узбекістан наогул пас.
Ад Беларусі — некалькі штабных афіцэраў ды міністр абароны Мальцаў.

Такім чынам, ідэя Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання апынулася ў падвешаным стане. У значнай ступені праз крыўды беларускага прэзідэнта. У чэрвені ён наладзіў дэмарш — не паляцеў на саміт АДКБ у Маскву — праз тое, што Расія тармазнула на мяжы малочныя фуры. Наш адказ Чэмберлену, то бок галоўнаму санітарнаму доктару Расіі Анішчанку, атрымаўся ўражальным.

Ну а цяпер, падобна, алею ў агонь падліла палеміка ў Кішынёве. Там 9 кастрычніка на саміце СНД Лукашэнка зноў схапіўся з расійскім міністрам фінансаў Кудрыным, які, паводле версіі першага, яшчэ з вясны «кансалідаваўся з нашымі адмарозкамі». Дык вось, незадоўга да саміта Кудрын з нагоды славутага павіслага траншу на 500 мільёнаў долараў зноў празрыста даў зразумець: ага, зараз вам тут разгонімся! У выніку атрымаўся вялікі скандал. І вось цяпер абяцаны подпіс беларускага прэзідэнта пад пагадненнем аб стварэнні КСАР, здаецца, зноў растае ў паветры, як Чэшырскі кот.

Але калі нават дакумент і будзе падпісаны, Масква не дачакаецца, каб беларускія байцы падстаўлялі галовы пад кулі дзесьці ў Цэнтральнай Азіі.

Да ведама, легенда манеўраў «Узаемадзеянне‑2009» такая: на Казахстан напалі буйныя тэрарыстычныя сілы, і на дапамогу яму ідуць падраздзяленні саюзнікаў. Прычым калі ў верасні на манеўрах «Захад‑2009» расійцы ды беларусы ваявалі з ветранымі млынамі (дзе яны, орды НАТО?), то сцэнар манеўраў на Матыбулаку, на жаль, значна больш рэалістычны. «Гэта сцэнар сутыкнення з ісламскімі радыкаламі», — гаворыць мінскі вайсковы эксперт Аляксандр Алесін.

Дык вось, наконт магчымай прысутнасці беларускіх сіл у гарачых пунктах ужо была палеміка між расійскім паслом Сурыкавым і беларускім МЗС. Апошні выразна даў зразумець: заканадаўства краіны не дазваляе пасылаць нашых хлопцаў ваяваць да чорта ў балота. За якой краінай застанецца вырашальнае слова, здагадайцеся з трох разоў. У Беларусі сапраўды няма, мякка кажучы, актуальных стратэгічных інтарэсаў у гарачых стэпах Цэнтральнай Азіі. А калі Расія, з пункту гледжання беларускага начальства, стала скупіцца, дык тым больш імпэту не чакайце.

Упартасці ў супрацьстаянні з Крамлём Мінску дадаюць грошы, што спраўна ідуць ад МВФ. Днямі ж акрэслілася новая крыніца. Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік паведаміў, што і ад ЕС да канца года ёсць шанец атрымаць сотні мільёнаў еўра. Прычым не выключана і бязвыплатная дапамога.

Бабулька Еўропа спакушае.

Не далей як 15 кастрычніка вуснамі Жана‑Эрыка Хольцапфеля, часовага паверанага ў справах Еўрапейскай камісіі ў Беларусі, для краіны абмалявана больш выразная перспектыва еўрапейскай інтэграцыі: «Мы прапаноўваем павышэнне ўзроўню палітычнага ўдзелу да заключэння асацыятыўнага пагаднення».

Вядома, Брусель таксама не за прыгожыя вочкі абяцае свае пернікі. Але не бярэ за горла, у адрозненне ад некаторых. Дый спакуса вялікая. Паводле слоў дыпламата, «калі мы зможам заключыць асацыятыўнае пагадненне, такое як, напрыклад, ёсць з Украінай, то выйдзем не толькі на стварэнне зон свабоднага гандлю, але і на набліжэнне да ўнутранага рынку Еўрасаюза».

Дарэчы, тры месяцы таму карэспандэнт аўстрыйскай Die Presse пацікавіўся ў Лукашэнкі: што для беларускага боку больш прыярытэтнае — удзел у мытным саюзе з Расіяй і Казахстанам або ў зоне свабоднага гандлю з ЕС? Адказ быў узорам прагматызму: «Для нас прыярытэт тое, што раней мы зможам рэалізаваць».

Так што папаўзці па швах можа не толькі праект КСАР, але і задума гэтага траістага саюза. У Масквы, падобна, няма ні лішніх грошай, ні жадання плаціць за лаяльнасць беларускага кіраўніцтва. На пытанне, што можа азначаць адсутнасць Лукашэнкі на Матыбулаку, эксперт Аляксандр Алесін адказаў афарыстычна: «Значыць, Сідорскі не дамовіўся з Пуціным».

Нагадаю: перамовы двух прэм’ераў (цана на газ і ўвесь гордзіеў вузел гандлёва‑эканамічных дачыненняў) адбыліся 6 кастрычніка ў Нова‑Агарове. Пастфактум было магільнае маўчанне абодвух бакоў. Вось яно, здаецца, і адгукнулася.

Аляксандр Класкоўскі, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0