Сёння на Паўночных могілках Мінску пахавалі Барыса Стральцова — знакавую асобу для многіх пакаленняў журналістаў.

Прафесар, доктар фiлалагiчных навук, аўтар дзесяткаў арыгінальных кніг і падручнікаў, Барыс Васільевіч застаўся ў памяці колішніх студэнтаў і калегаў‑выкладчыкаў чалавекам інтэлігентным і адданым сваёй справе. У рознастылёвых сродках масавай інфармацыі ў Беларусі і за яе межамі працуюць, без перабольшання, тысячы ягоных вучняў.

У будынку факультэта журналістыкі Белдзяржуніверсітэту на вуліцы Кальварыйскай у Мінску, пераназванага пасля наваселля ў Інстытут журналістыкі, у фае ўсталяваны партрэт Барыс Стральцова. Тут жа — жывыя кветкі; на аркушах калегі і студэнты пішуць добрыя словы пра легенду журфаку.

Старшы выкладчык кафедры перыядычнага друку Ігар Чарткоў амаль 10 гадоў адпрацаваў побач з Барысам Васільевічам. Ён кажа, што розніца ў 40 гадоў паміж імі была чыста ўмоўнай:

«Вельмі адукаваны, вельмі шчыры, вельмі самакрытычны. Чалавек, які заўсёды можа прыйсці на дапамогу. Асабліва маладым спецыялістам, якія толькі‑толькі прыходзяць і пачынаюць шлях у педагагічнай дзейнасці, у журналістыцы. Вельмі кампанейскі, бесканфліктны, але разам з тым — патрабавальны да ведаў. Ніколі ад яго не пачуў падвышанага тону.
Выдатны навуковец, выдаў шмат літаратуры — арыгінальнай, нашай беларускай школы журналістыкі, якая заўсёды была ў якасці апанента да той жа піцерскай ці маскоўскай школы. Ён увогуле адзін са стваральнікаў беларускай школы журналістыкі. Перадусім вядомая ягоная тэорыя жанраў, дзе ён распрацаваў нормы, паводле якіх трэба ствараць журналісцкі твор. Вельмі добры нарысіст, пісьменнік. Увогуле чалавек разнапланавы, улюблены ў сваю працу, і, канечне ж, ён быў улюблены ў жыццё».

Выкладчыцкай справе Барыс Стральцоў аддаў роўна чатыры дзесяткі гадоў жыцця, упершыню з’явіўшыся на журфаку БДУ ў 1969 годзе. Увогуле факультэт журналістыкі заўсёды быў адным з самых нешматлікіх ва ўніверсітэце, таму супрацоўнікі ўсіх кафедраў блізка ведалі адзін аднаго, разам збіраліся на абмеркаванне надзённых пытанняў. Узгадвае былая выкладчыца кафедры тэлебачання і радыёвяшчання БДУ Людміла Шылава:

«Я калі пачынала, яго на факультэце яшчэ не было, ён прыйшоў крыху пазней, на мяжы 1960—70‑х. З’явіўся ў нас аспірантам, гэткі — як сказаць — праставаты. Ну, як усе газетчыкі. Але потым стаў вельмі грунтоўным, тэарэтыкам, распрацоўнікам новых методык. Увогуле аказаўся чалавек вельмі глыбокай унутранай культуры.

Ніколі ні з кім не задзіраўся, адзінае, што ў свой час крыху выпіваў — можа, толькі такая загана. Але вельмі многія спрэчныя рэчы на факультэце згладжваў, што мне заўсёды падабалася. З жанчынамі, трэба сказаць, надзвычай добра ладзіў, аказваў знакі ўвагі, жанчын вельмі паважаў.
Жонка ў яго, дарэчы, нашмат раней памерла… Ну, і сказаць, што быў толькі практык, таксама нельга, паколькі ён вельмі моцна вырас і ў тэарэтычным сэнсе. Што тут казаць? Канечне, адзін з найбольш значных людзей у журналістыцы; вельмі цікавы, добры літаратар, выкладчык добрасумленны. Амаль уся сучасная беларуская журналістыка ў аснове сваёй мае падручнікі Барыса Васільевіча Стральцова».

Апошнім часам Барыс Стральцоў выкладаў журналістыку ў недзяржаўным Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва — для 83‑гадовага адмыслоўца графік працы тут быў гнутчэйшы і не такі шчыльны, як у БДУ. А ўвогуле працоўную біяграфію пачынаў журналістам — больш за 20 гадоў адпрацаваў у газетах «Савецкая Радзіма», «Чырвоная змена», «Звязда».

Натуральна, што росквіт педагагічнага таленту Стральцова прыпаў на савецкі час. Цяпер ягоныя мэтодыкі шмат у чым састарэлі і наўрад ці актуальныя ў дзейнасці сучаснага журналіста.
Але, як кажа колішні студэнт Барыса Стральцова, а цяпер незалежны журналіст Аляксандар Коктыш, асобныя элемэнты занатаваных лекцый будуць запатрабаваныя яшчэ доўга:

«Як былы студэнт Стральцова, як калега па «Звяздзе», хоць разам працаваць і не ўдалося, магу сказаць: ягоныя лекцыі амаль што не прагульвалі, на іх асабліва не пазяхалі, а самога выкладчыка не ўзнагароджвалі крыўднымі мянушкамі. Была зацікаўленасць на фоне агульнай шэрасці і, што называецца, дубовых падыходаў да адукацыі. Стральцоў жа ўспрымаўся нечым новым, нават мадэрновым у журналістыцы. Не сказаў бы, што былі нейкія рэвалюцыйныя прарывы, асабліва з гледзішча сённяшняга дня, але было, па‑першае, цікава, па‑другое, карысна, а па‑трэцяе, у нейкім выглядзе ўсё гэта захавалася. Канечне, нельга сказаць, што выпрацаваную 40, 20 гадоў таму школу журналістыкі Стральцова мы як эстафетную палачку нясем і далей. Але падыходы, якія заключаюцца ў пэўнай шчырасці журналісцкай — калі ўжо пісаць, дык ад душы, калі каментары, то дасціпныя, жывыя і ў тэму, — то бок элементы шчырай стральцоўскай школы — захаваліся».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?