Беларусь не першая краіна, якую накрыла хваля эпідэміі. Яе сцэнар усюды аднолькавы.

Як даведалася NN.BY з надзейнай крыніцы ў адной з мінскіх больніц, у медычныя ўстановы горада прыйшоў ліст з указаннем увесці меры перасцярогі. У выніку ў бальніцах спынена наведванне хворых, узмоцнена пільнасць у прыёмных пакоях. Гэтая крыніца паведаміла, што па стане на пятніцу, 30 кастрычніка, у краіне зафіксавана 39 смерцяў, з іх 9 у Мінску ад пнеўманіі.

Пазней Камітэт аховы здароўя Мінгарвыканкаму пацвердзіў, што ў сувязі з павелічэннем колькасці хворых на грып і ВРВІ існуе план перапрафілявання аддзяленняў бальніц. «Прынята рашэнне не пускаць наведнікаў у бальніцы да стацыянарных хворых». Афіцыйна, аднак, каранцін не ўводзіўся.

З розных шпіталяў прыходзяць разрозненыя весткі, што там фіксаваліся смяротныя выпадкі. Канаюць пераважна маладыя людзі. Адпаведныя службовыя дакументы трапілі ў распараджэнне агенцтва БелаПАН.

Між тым эпідэміёлагі працягваюць заяўляць, што ніякай эпідэміі ў краіне няма. Галоўная санітарная доктарка краіны Валянціна Качан заявіла агенцтву БЕЛТА, што яе служба ўважліва адсочвае сітуацыю і што ўсе хворыя на пнеўманію паспяхова праходзяць курс лячэння.

Адзіным выключэннем з маўчанкі стаў Драгічын.

 Малады чалавек у Мінску, photo.bymedia.net

Малады чалавек у Мінску, photo.bymedia.net

2 лістапада галоўны доктар Драгічынскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Міхаіл Стахейка ў інтэрв'ю радыё «Свабода» пацвердзіў інфармацыю пра раптоўную смерць 37‑гадовай настаўніцы з Толкаўскай базавай школы.

«Яна памерла ад пнеўманіі. Больш дакладны дыягназ паставяць калегі ў Брэсце, куды мы накіравалі для аналізу неабходныя матэрыялы. Гаварыць яшчэ нешта дадаткова я не маю права».

Настаўнікі Толкаўскай БШ, зь якімі таксама ўдалося пагутарыць, паведамілі, што ў пятніцу перад канікуламі настаўніца, пра якую гутарка, прыйшла на працу з прыкметамі прастуды, але правяла свае ўрокі і класную гадзіну. Да доктара звярнулася толькі на позняй стадыі хваробы.

Як паведаміла наша крыніца ў іншай бальніцы, у іх установе, а таксама шэрагу сталічных бальніц адменены планавыя аперацыі, а ўсе анэстэзіёлагі занятыя лячэннем і ратаваннем хворых на грып, ВРВІ і выкліканыя імі ўскладненні.

Пазней інфармацыю пацвердзілі ў Камітэце аховы здароўя Мінгарвыканкаму.

Як паведаміла ў аўторак Міністэрства аховы здароўя, за мінулы тыдзень у краіне зафіксавана 70 тыс. выпадкаў захворвання на грым і ВРВІ. Усяго за кастрычнік — 322 тыс. выпадкаў вострых рэспіраторных інфекцый. Гэта на 41% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

«Горад не гатовы да наяўнай сітуацыі», — падкрэсліла наша крыніца.
Ва Украіне, дзе медычная статыстыка адкрытая, заяўлена пра больш чым 200 тысяч хворых на вострую вірусную інфекцыю. 71 чалавек памёр.

У Беларусі органы аховы здароўя афіцыйна заяўляюць, што смерцяў у выніку віруснай інфекцыі ці свінога грыпу не зафіксавана.

У панядзелак тэлефоннае галасаванне на канале АНТ выявіла, што 93% рэспандэнтаў не давяраюць гэтым заявам і лічаць, што сітуацыя патрабуе сур'ёзных захадаў.

Пакуль зарана казаць, ці беларускія дактары маюць справу толькі са свіным грыпам ці таксама з іншым варыянтам віруснай інфекцыі.

Характэрна толькі тое, што сёлетняя інфекцыя распаўсюдзілася надзвычайна рана як для грыпу і, у невялікай колькасці выпадкаў, дае сур'ёзныя ўскладненні ў выглядзе хуткацечных пнеўманій, ад якіх літаральна развальваюцца лёгкія.

Гэтыя сімптомы характэрныя акурат для грыпу свінога. Менавіта ён выклікае цяжкія ўскладненні ў невялікай колькасці выпадкаў. Падкрэсліваюць дактары: у невялікай.

Беларусь не першая краіна, якую накрыла хваля эпідэміі. Яе сцэнар усюды аднолькавы. Хутка ў людзей выпрацуецца імунітэт, і A/H1N1 адступіць.
Аднак застануцца пытанні.

Замоўчванне грыпу выклікала эпідэмію панікі. Гэта пагоршыць сітуацыю. Вінаватая ў ёй сістэма татальнага інфармацыйнага кантролю і боязь ініцыятывы на ўсіх узроўнях. Гэта сістэмныя заганы.

Выглядае, што не да канца падрыхтаванай была і медычная сістэма краіны. Прэпарата «Таміфлю» ў дастатковай колькасці завезена не было, а менавіта ён патрэбны, каб ратаваць людзей з ускладненнямі. Украіна зрэагавала на небяспеку хутчэй і атрымала дапамогу Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.

Тым часам улады па завядзёнцы валяць з хворай галавы на здаровую — інтэрнэтныя сродкі масавай інфармацыі, якія, са словаў намесніцы міністра інфармацыі Ліліі Ананіч, «раздзімаюць ажыятаж».

«Сапраўды, у суседніх краінах абвешчана жорсткая эпідэміялагічная сітуацыя, але ў Беларусі нічога не адбываецца такога, што было б непадуладна нашай медыцыне. Так, ёсць захварэлыя, ёсць перабоі з лекавымі сродкамі, але калі сёння СМІ выклічуць усіх грамадзян нашай краіны ў аптэкі, то можна сабе прадставіць, што будзе з гэтымі аптэкамі, — сказала Лілія Ананіч, працягнуўшы, што няма ніякай патрэбы бегчы ў аптэкі і закупляць лекі. — Трэба весці здаровы лад жыцця, звычайна гадаваць дзяцей і хадзіць на працу, а медыкі будуць рабіць сваю справу», — падкрэсліла яна.

Глядзі таксама:
Большая частка насельніцтва сутыкнецца з вірусам грыпу A(H1N1)
Вірусныя інфекцыі: адзінаццаць практычных парадаў, як лячыцца
Вірусныя інфекцыі: сем практычных парадаў, як засцерагацца
Мінск цэнтр гігіены: Большая частка насельніцтва сутыкнецца з вірусам грыпу A(H1N1)
«Таміфлю» з’явіцца ў мінскіх аптэках цягам тыдня, ён каштуе $40-50
Засцерагальныя маскі паступяць у продаж толькі ў сераду
На ўсіх межах узмоцнены кантроль

УСЕ НАВІНЫ НА ТЭМУ ЭПІДЭМІІ ГРЫПУ, ПАРАДЫ, ДАВЕДКІ І ЖАРТЫ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?