Кіраўнік Беларусі атрымаў званне ганаровага доктара Кіеўскага нацыянальнага універсітэта імя Т.Шаўчэнкі.
Аляксандр Лукашэнка атрымаў званне ганаровага доктара Кіеўскага нацыянальнага універсітэта імя Т.Шаўчэнкі. Дыплом уручыў у чацвер рэктар гэтай навучальнай установы.
Званне было прысвоена Аляксандру Лукашэнку за вялікі ўклад у справу развіцця двухбаковых беларуска-ўкраінскіх адносін, умацаванне культурных і адукацыйных сувязей. Цяпер ганаровымі дактарамі універсітэта з'яўляюцца 75 чалавек.
Сярод іх прэм'ер-міністр Індыі Індзіра Гандзі, экс-прэзідэнт ЗША Біл Клінтан, экс-прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Гавел, а таксама Іслам Карымаў, Міхаіл Саакашвілі, Эмамалі Рахмон.
Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей Кіеўскага нацыянальнага універсітэта. «Прыемна, што ваш універсітэт дастойна прадаўжае традыцыі прымнажэння адукацыйнага, культурнага, інтэлектуальнага патэнцыялу не толькі Украіны, але і ўсёй Еўропы, - гаворыцца ў запісе. - Высокай ацэнкі заслугоўвае дзейнасць вашага калектыву па ўмацаванню і пашырэнню сувязей паміж брацкімі народамі Беларусі і Украіны».
Каментары