Прэзідэнт гаварыў натхнёна. Ён заклікаў зрабіць нарэшце «разумную эканоміку, якая стварае ўнікальныя веды, новыя рэчы і тэхналогіі на карысць людзям». І — увага! — апафеоз: «Замест архаічнага грамадства, у якім правадыры думаюць і вырашаюць за ўсіх, станем грамадствам разумных, свабодных і адказных людзей».

Спакойна, не падайце з крэсла! Гэта словы расійскага прэзідэнта Дзмітрыя Мядзведзева.

 daylife.com

daylife.com

12 лістапада ён звярнуўся з пасланнем да Федэральнага сходу. Як бачым, у плане ліберальнай рыторыкі беларускае кіраўніцтва тут і блізка не стаяла.

Лейтматыў Мядзведзева — мадэрнізацыя. Гаварыў ён сапраўды прыгожа. Аднак незалежныя эксперты скептычныя. «Праблемы ўвогуле пастаўлены правільна, — адзначае мінскі палітолаг Валер Карбалевіч. — Але ўсё гэта добрыя пажаданні, якія не прывядуць да рэальных перамен. Расійскі прэзідэнт не прапаноўвае дзейсных механізмаў, каб забяспечыць поспех рэформаў».

Аналітыкі звяртаюць увагу на дэкларатыўнасць заяў Мядзведзева. Адна рэч, калі ў такім духу выказваецца апазіцыя, якая не мае ўладных рычагоў. А хто перашкаджае ўзяць быка за рогі прэзідэнту, ды яшчэ ў Расіі, дзе першая асоба традыцыйна — і цар, і бог, і воінскі начальнік?

Так, але тут яшчэ вялікае пытанне, хто ў сённяшняй Расіі першая асоба. «Фактычна валадарыць Пуцін, — мяркуе беларускі палітолаг Андрэй Фёдараў. — Менавіта яго людзі — ля стырна найбуйнейшых карпарацый».

Так што

ліберальная рыторыка Мядзведзева можа стаць на практыцы толькі элементам унутранай барацьбы ў тамтэйшай «тандэмакратыі».

Пара выходзіць ў свісток пазіцыянавання: я вам не Пуцін, я — прагрэсіўны! Магчыма, гэта падрыхтоўка да двубою на выбарах-2012. Але дзе рычагі, каб перавярнуць, перабудаваць згодна з выклікамі часу вялізную, інертную, раз’едзеную карупцыяй еўразійскую дзяржаву?

На фоне расійскага дуумвірату, дзве галавы якога не зусім ладзяць, беларуская піраміда ўлады выглядае класічнай, манументальнай. Ніякага дуалізму. Аўтакратыя ў чыстым выглядзе.

І вось

менавіта тады, калі тутэйшая сістэма адзінаасобнай улады дасягнула своеасаблівай завершанасці, дасканаласці, прыйшла бяда адкуль не чакалі. Нават дзве навалы адразу. Расія, якой надакучылі байкі пра братнюю інтэграцыю, стала скарачаць грант ды патрабаваць платы натурай — уласнасцю. Плюс накаціўся крызіс. З усімі наступствамі…

Фінансы заспявалі рамансы, і давялося кланяцца праклятым буржуінам. А яны патрабуюць рэформаў. Так што слоўцы кшталту «мадэрнізацыя» і нават — адвал мазгаўні! — «лібералізацыя» навучыліся вымаўляць скрозь зубы і беларускія кіраўнікі. Спачатку гаворка ішла пра інвестыцыйны клімат, а цяпер вось — і пра выбарчае заканадаўства.

На практыцы, канечне, атрымліваецца крыва і нярэдка ў стылі «крок наперад, два крокі назад» (свежы прыклад — дэмарш Макея з адменай пасяджэння ягонай рады). Але працэс пайшоў, і некаторыя эканамісты-аптымісты загаварылі нават, што дасягнуты ці вось-вось будзе дасягнуты пункт незвароту ў працэсе эканамічнай перабудовы.

Валерый Карбалевіч у гэтым не ўпэўнены. Ён падкрэслівае:

нават гаворачы пра рэформы, беларускае кіраўніцтва матывуе гэта тым, што трэба захаваць цяперашнюю сістэму. «Галоўная задача — выжыць, — адзначае эксперт. — Мадэрнізацыя можа стаць толькі пабочным вынікам».

Цяпер мы бачым супярэчлівыя дзеянні беларускіх уладаў, гаворыць Карбалевіч. З аднаго боку — невялікія крокі ў плане лібералізацыі. З іншага — знаёмыя адміністрацыйныя рэфлексы ва ўсёй іх прыгажосці. У прыватнасці — няўклюдная барацьба супраць імпарту (яскравы прыклад: калі наваліўся свіны грып, у краіне не аказалася таміфлю).

«Якая тэндэнцыя стане дамінаваць, пакуль што сказаць цяжка. Усё будзе залежаць ад таго, з якім бокам — Расіяй ці Еўразвязам — удасца наладзіць на практыцы болей шчыльныя дачыненні», — мяркуе Карбалевіч. Сёння, на думку эксперта, пераважае тактычнае мысленне. Напрыклад,

калі адкінуць нюансы, то Мінск улазіць у траісты мытны звяз з Расіяй і Казахстанам, каб атрымліваць нафту без мыта. Хоць гэты мытны звяз можа адсекчы Беларусь ад стварэння зоны свабоднага гандлю з Еўразвязам.

Іншая справа, што Аляксандр Лукашэнка тут (як і ва ўсім) дэманструе апафеоз прагматызму. На пытанне аўстрыйскага журналіста, што для Мінска ёсць болей прыярытэтным — той мытны звяз ці зона вольнага гандлю з Еўропай, ён адказаў так: «Для нас прыярытэт тое, што раней мы зможам рэалізаваць».

З Масквой жа зварыць кашу ўсё цяжэй. Аналітыкі адзначаюць: парадаксальным чынам менавіта расійскі прэсінг стаў чыннікам, які штурхае Беларусь да Еўропы.

З аднаго боку, як бачым, у Расіі і Беларусі агульная стратэгічная задача — мадэрнізацыя. З іншага боку, іх супольныя інтэграцыйныя праекты адзін за адным развальваюцца. Крэмль не навучыўся будаваць раўнапраўныя дачыненні з астатнім «постсаўком». Падводзяць імперскія рэфлексы. Галоўнае ж вось у чым: Расія, гэта вялізная краіна з сыравіннай эканомікай, сама — і пра гэта жорстка сказаў у пасланні Мядзведзеў — загрузла ў адсталасці. І таму паводле азначэння не можа быць прыцягальным узорам для суседніх дзяржаў. Лаяльнасць, канешне, можна купляць, але гэта справа ненадзейная, ды і грошы заканчваюцца.

«Тэарэтычна Беларусі значна лягчэй мадэрнізавацца, — гаворыць Андрэй Фёдараў. — У невялікім доме навесці парадак заўсёды можна хутчэй. Наша эканоміка не такая залежная ад экспарту рэсурсаў. Звыш таго,

беларусам прасцей, чым расійцам, перабудавацца на еўрапейскі кшталт і ў ментальным плане. Але праблема — у мысленні кіраўніцтва, для якога звышзадача — захаваць уладу. Яно імкнецца рабіць пераўтварэнні па мінімуме. І пакуль магчыма, будзе працягваць палітыку арэляў паміж Масквой і Бруселем».

Так, беларуская ўлада кіруецца банальным інстынктам самазахавання. Ён прымітыўны, але, што добра, магутны. Таму кіраўніцтва аўтарытарнай краіны перыядычна абвяргае тых крытыкаў, якія апрыёры адмаўляюць сістэме ў здольнасці да зменаў. Аднак відавочна і тое, што трансфармацыя ідзе надта павольна, фрагментарна, пакутліва. Без гарантый неабарачальнасці.

За ўсякую мадэрнізацыю належыць плаціць. Выдаткі ж Беларусі памнажаюцца ўпартым імкненнем кіроўных вярхоў да кансервацыі — як там у Мядзведзева? — «архаічнага грамадства, у якім правадыры думаюць і вырашаюць за ўсіх».

Беларускае кіраўніцтва ў спробах змушанай мадэрнізацыі нагадвае Мюнхаўзэна, які спрабуе за валасы выцягнуць з балота самога сябе.

Аляксандр Класкоўскі, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0