Мараторый на візавыя санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі і ягоных набліжаных чыноўнікаў будзе падоўжаны яшчэ на год. Як перадае Бі-Бі-Сі, пра гэта гаворыцца ў чарнавым варыянце заявы Рады Еўрасаюзу, падрыхтаванай да яго паседжання.

 daylife.com

daylife.com

Санкцыі не будуць скасаваныя, як таго чакаў афіцыйны Мінск. Прычына — недастатковасць прагрэсу палітычных рэформаў у краіне.

ЕС назаве і дзве сферы, у якіх будзе чакаць наступных крокаў:

адмена пакарання смерцю і дэмакратызацыя выбарчага заканадаўства.

ЕС увёў забарону на выдачу візаў для Аляксандра Лукашэнкі і 40 беларускіх афіцыйных асоб пасля таго, як іх абвінавацілі ў фальшаванні выбараў 2006 года і датычнасці да выкраданняў палітычных апанентаў.

На забарону ўезду быў накладзены мараторый у кастрычніку 2008 года, каб пашырыць дыялог між Мінскам і ЕС.

Папярэдні варыянт заявы прадугледжвае падаўжэнне мараторыя да кастрычніка наступнага года — даўжэй, чым тое прапаноўвалі Аб'яднаныя дэмакратычныя сілы, якія заклікалі падоўжыць яго толькі на паўгода, а далейшыя крокі паставіць у залежнасць ад хады мясцовых выбараў.

Чацвярговы дэмарш кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Уладзіміра Макея, які прыпыніў працу Кансультатыўнай рады — дарадчага сходу з сімвалічным прадстаўніцтвам апазіцыі, мог быць дэманстрацыяй незадаволенасці Мінска будучым рашэннем Брусэля.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?