24 лістапада а 19‑й на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы адбудзецца прэзентацыя ўжо стаўшай легендай у гістарычных колах «Кнігі Вялікага Княства Літоўскага».

Гэта — манументальнае выданне накладам у 1000 асобнікаў, якое не будзе прадавацца, бо з’яўляецца падарункам выдаўцоў культурніцкім установам краіны. У ёй — вынік вялізарнае працы інтэлектуалаў Беларусі, Літвы і Польшчы, прысвечаны феномену даўгавечнай дзяржаўнай і культурнай супольнасці.

Ідэя стварэння Вялікай Кнігі належыць тром вядомым літвінам: Томасу Венцлаву, Чэславу Мілашу і Анджэю Струміле. Кніга Вялікага Княства выдадзена на чатырох мовах — англійскай, беларускай, літоўскай, польскай і складзена з эсэ выбітных публіцыстаў, гісторыкаў і навукоўцаў, кожны з якіх мае свой уласны погляд на гісторыю ВКЛ у кантэксце сённяшняга часу. Але менавіта гэтае і цікава, бо паказвае сучасны стан агульнай гісторыі розных народаў, сутыкае іх погляды, традыцыі і рэлігіі пад адзінай вокладкай. Думкаю аўтараў, шматэтнічнае Вялікае Княства Літоўскае, ўжо тады з’явілася прататыпам Еўрапейскага Саюза.

Канцэпцыя 552‑старонкавага фаліянта, прысвечанага 1000‑годдзю першай летапіснай узгадкі пра Літву ажыццёўлена славутым польскім мастаком Анджэем Струмілам пры дапамозе фонда «Памежжа» ў Сэйнах (Польшча).

З беларускага боку ў стварэнні кнігі шмат намаганняў прыклаў мастак Зміцер Герасімовіч, у супрацоўніцтве з якім майстру Струміле ўдалося аб’яднаць такі разнастайны матэрыял пад скуранай вокладкай са старажытнымі залатымі сімваламі. Выданне вылучае цудоўная графіка і аднародная стылістыка, яно багата ілюстравана старадаўнімі гравюрамі, картамі, абразамі, жывапіснымі палотнамі і ўнікальнымі фатаздымкамі.

Сярод беларускіх аўтараў — Уладзімер Арлоў, Сяргей Дубавец, Алег Латышонак, Генадзь Сагановіч і Сакрат Яновіч.

У прэзентацыі пад рэжысурай Мікалая Пінігіна — мастацкае асэнсаванне ўрыўкаў з кнігі‑легенды акторамі драматычнага тэатра, ўрачыстае ўручэнне яе прадстаўнікам беларускіх культурніцкіх установаў.

Завяршае праграму выступ музычных гуртоў, сярод якіх «Гуды», «Стары Ольса» і ансамбль сярэднявечнага танца «Фламея».

25 лістапада а 10-й ў Літоўскай амбасадзе працягам мерапрыемства адбудзецца канферэнцыя гісторыкаў з трох краін пры непасрэдным удзеле Эгідыюса Александравічуса, Рустыса Камунтавічуса, Анджэя Пукшты — з літоўскага боку, прафесара Анджея Струмілы, Марыюша Савіцкага — з польскага, Ўладзімера Арлова, Сяргея Дубаўца, Валерыя Пазнякова, Адама Мальдзіса і іншых — з беларускага.

Арганізатарамі падзеі з’яўляюцца: Амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі, Фонд «Памежжа», Сэйны (Польшча), Польскі Iнстытут у Мінску, Зьміцер Герасімовіч (Беларусь).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?