Увайшоўшы, Дзмітрый Мядзведзеў амаль шэптам папрасіў усіх сесці. «Мы мала кантактуем, — звярнуўся ён да журналістаў. — Часта інфармацыя пра нашы дзеянні трапляе ў прэсу з ускосных крыніц». Далей, матывуючы гэту сустрэчу з беларусамі, прэзідэнт Расіі спаслаўся на досвед Аляксандра Лукашэнкі, які «паказаў прыклад» — сустракаецца з расійскімі журналістамі «шчыра, паспяхова і рэгулярна».

У часе інтэрв'ю.

У часе інтэрв'ю.

Гутарка ішла ў вельмі цесным коле.

Гутарка ішла ў вельмі цесным коле.

Далей Мядзведзеў прапанаваў журналістам задаваць пытанні па чарзе, па гадзіннікавай стрэлцы.

Цікава, што журналістаў пасадзілі ў пэўным парадку: прадстаўнікі незалежных выданняў праз аднаго чаргаваліся з прадстаўнікамі дзяржаўных.
Журналіст Белдзяржтэлерадыекампаніі, перш чым задаць пытанне, зрабіў невялікі уступ: падкрэсліў, што «наша краіна называецца Беларусь — менавіта так, восем літар, мяккі знак на канцы» і параіў ужываць менавіта гэты варыянт, а не «Белоруссія». З чым Мядзведзеў, безумоўна, пагадзіўся.

Увогуле, у вастрыні і праблемнасці пытанняў дзяржаўныя СМІ не саступалі незалежным. Прадстаўнік Першага нацыянальнага каналу спытаўся пра будучыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. Ці мае Расія свой сцэнар? Ці думае Мядзведзеў, следам за незалежнай прэсай, запрасіць да сябе беларускіх апазіцыйных палітыкаў?

Расія не ўмешвалася і не мае намеру ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі, адказаў Дзмітрый Мядзведзеў. І не мае ніякіх адносін да сцэнароў развіцця палітычнага жыцця ўнутры Беларусі.

«Умяшанне ва ўнутраныя справы — гэта жаданне паставіць палітычныя працэсы у той ці іншай краіне пад кантроль іншай дзяржавы. У нас такога і ў думках не было. Ды гэта і немагчыма», — падкрэсліў Мядзведзеў.

Паводле яго слоў, беларускі выбаршчык «вызначае, хто яму мілы, галасуе адпаведным чынам, і ў выніку гэтага ўзнікае тая ці іншая палітычная канфігурцыя, той ці іншы палітычны лідэр прыходзіць да ўлады», — сказаў ён. «Беларусь, — а я настойваю менавіта на такім вымаўленні гэтай брацкай дзяржавы, — самастойная суверэнная дзяржава з усімі адпаведнымі атрыбутамі. А калі так — усё палітычнае жыццё ў гэтай краіне ідзе па сваім сцэнарыі, і мы да гэтага сцэнарыя не маем ніякіх адносін», — заявіў прэзідэнт Расіі.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што Расія «самым дэталёвым чынам» сочыць за развіццём палітычных працэсаў у краіне. «Нам гэта неабыякава, Беларусь — гэта краіна, з якой мы звязаны саюзным дагаворам, маем брацкія адносіны і цесныя эканамічныя сувязі», — адзначыў Мядзведзеў.

У адказ на пытанне пра сустрэчу з беларускай апазіцыяй, Мядзведзеў не выключыў такой магчымасці.
«Зносіны паміж палітыкамі — гэта нармальная справа. Калі да нас прыязджаюць замежныя лідэры, яны сустракаюцца з нашай апазіцыяй — падабаецца нам гэта ці не падабаецца», — сказаў расійскі прэзідэнт.

Крытыкуючы Пуціна — крытыкуеце мяне

«За апошні час з боку беларускіх калег, ад прэзідэнта Беларусі было зроблена шмат эмацыйных заяваў, якія часта выходзілі за межы дыпламатычнага пратакола, а калі казаць гранічна шчыра — насілі надта спецыфічны характар у дачыненні да нашых службовых асобаў», — і Мядзведзеў удакладніў. «Я маю на ўвазе членаў ураду і старшыні ўраду Расіі».

Ён падкрэсліў: «Мне гэта не падабаецца. Я лічу — гэта недапушчальна».

Мядзведзеў падкрэсліў, што ўрад прадстаўляў на зацвярджэнне ён, таму любыя заявы ў адрас членаў ураду — гэта і заявы ў адрас асабіста яго. Гэтым прэзідэнт Расіі нібы абверг магчымасць «убіць клін» між ім і Пуціным з дапамогай крытыкі апошняга, верагоднасць чаго выказвалася ў некаторых публікацыях.

У той жа час ён падкрэсліваў саюзніцкі, асаблівы характар адносінаў між Беларуссю і Расіяй.

У 2010 годзе цана газу для Беларусі будзе на 30–40% ніжэйшая, чым для супастаўных краін.

Адказваючы на пытанне пра цану на газ для Беларусі, Дзмітрый Мядзведзеў адзначыў, што яна будзе на 30–40% меншая за цану паставак у «супастаўныя [па даўжыні транспартнага пляча] дзяржавы».

Цана на наступны год будзе разлічвацца аўтаматычна, на грунце дзейнага кантракта.
Як вядома, Беларусь прасіла «Газпром» ад кантракта адступіць.

У чацвёртым квартале 2009 года цана складае 122 даляры за тысячу кубоў, зацеміў прэзідэнт Расіі. Мядзведзеў асабліва падкрэсліў, што Беларусь заўжды атрымлівала газ па льготных цэнах.

Ён спаслаўся на падлікі экспертаў, згодна з якімі ад моманту здабыцця Беларуссю незалежнасці аб’ём расійскіх прэферэнцый для Беларусі ў выглядзе льготных цэнаў на сыравінныя рэсурсы склаў $50 млрд.

Адначасова ён заўважыў, што Расія нават унутры краіны рухаецца да цэнаў, набліжаных да сусветных.

«Пожывём — увідім»

Перспектывы ж будаўніцтва праз Беларусь газаправода Ямал-Еўропа-2 Мядзведзеў акрэсліў ёмкім расійскім «пожывём — увідім»
: іх разгледзяць, толькі калі будуць запатрабаваныя адпаведныя аб’ёмы газа. Праект будаўніцтва газаправоду «Паўночны паток» па дне Балтыкі безумоўна даражэйшы, але «гарантуе выкананне абавязацельстваў па пастаўках», адзначыў Мядзведзеў, намякнуўшы на былыя «газавыя войны».

Пра мыты на аўтамабілі: Няма нічога вечнага — няма вечных пошлінаў

Адказваючы на пытанне пра тое, як ён ставіцца да апошніх заяў Лукашэнкі адносна нявыгады Мытнага саюза для Беларусі, Дзмітрый Мядзведзеў заявіў:

«Мы не мяняем планаў пад кан’юнктурныя выступленні»
. Для таго, каб Мытны саюз запрацаваў, усё гатова. Хоць і ёсць «адчувальныя моманты», адзначыў ён — мыты на аўто, у тым ліку. Тут Мядзведзеў адназначна заявіў, што пошліны на аўто будуць падымацца, у выпадку падпісання.

«Гэта адчувальная вельмі рэч, безумоўна, асабліва для Беларусі, калі мець на ўвазе тое, што ў вас пошліны былі нязначныя у адносінах да нашай краіны, — сказаў ён. — Ужо калі мы дамаўляемся аб Мытным саюзе, а гэта ў цэлым для нас выгадна, то мы, безумоўна, павінны ўніфікаваць і пошліны, прычым пайсці на ўзаемныя дзеянні».

Пры гэтым Мядзведзеў адзначыў: «З аднаго боку, паніжаюцца пошліны на іншамаркі ў Беларусь, з іншага боку, мы гатовыя да павелічэння шэрагу плацяжоў, пошлін па буйных машынах — па МАЗах, у прыватнасці па аўтамабілях адпаведнай катэгорыі».

Гэта балюча, прызнаў ён, але «нам трэба гэты перыяд перажыць». «У канчатковым выніку, ужо стварыўшы Мытны саюз, мы можам у пэўны момант дамовіцца аб новых адзіных правілах гульні, — сказаў ён. — Тым больш што і Расія, і Казахстан, і Беларусь — усе ўступаюць у СГА, і шэраг рашэнняў, якія мы зараз на сябе прымаем, мы так ці інакш будзем адаптаваць для нашага сяброўства ў СГА».

Мядзведзеў таксама адзначыў, што «няма нічога вечнага — няма вечных мытаў, але зараз, на цяперашнім этапе, для гарманізацыі нашых фінансавых адносін, мытных адносін на гэта неабходна пайсці».

У Расіі стаўкі мытаў за ўвоз легкавых аўтамабіляў у разы большыя, чым у Беларусі цяпер.

Пытанне пра ўваходжанне Беларусі ў Расію «не існуе»

«Расія ні дэ‑факта, ні дэ‑юрэ не прапаноўвала Беларусі ўступіць у склад Расійскай Федэрацыі», — заявіў прэзідэнт Расіі. — «Такога пытання не існуе».

Як вядома, у свой час прэзідэнт Пуцін прапанаваў Беларусі ўступленне ў склад Расіі шасцю абласцямі.

З рэплікі Уладзіміра Пуціна ў кантэксце спрэчак вакол цаны на газ

«не вынікае, што Расія прапаноўвала Беларусі стаць суб’ектам Расійскай Федэрацыі».
«Такія справы вырашаюцца толькі ўсенародным галасаваннем. Гэта нават не прэрагатыва прэзідэнта», — даказваў Мядзведзеў.

Дамова пра КСАР пераважвае нацыянальнае заканадаўства

Удзел беларускіх войскаў у вайсковых аперацыях у рамках КСАР вызначаецца беларускай Канстытуцыяй з аднаго боку і наднацыянальнымі дамовамі, якой з’яўляецца дамова па КСАР. Міжнароднае права «мае наднацыянальны статус», — адзначыў Мядзведзеў. — «Гэта тычыцца і АДКБ. Рабіце высновы», — сказаў Мядзведзеў.

Напад на адну з краін расцэньваецца як напад на ўвесь блок. «Гэта і ёсць партнёрства».

Аб прызнанні Абхазіі і Паўднёвай Асеціі

Я ніколі не прасіў Аляксандра Лукашэнку, не звяртаўся ні проста, ні ўскосна з гэтым пытаннем. Усе размовы пра гэта нагадваюць гандаль. Гэта ўнутраная справа Беларусі, а размовы пра тое, што нехта на яе цісне, маюць правакацыйны характар. Мэта такіх размоў — «выгандляваць умовы падчас іншых міждзяржаўных кантактаў».

Аднак, сказаў Мядзведзеў, ён «неаднаразова чуў» ад Лукашэнкі, што пытанне з прызнаннем будзе абавязкова разгледжана.

Мядзведзеў стараўся злегкаважыць «Усходняе партнёрства»

Расія не бачыць асаблівай карысці ад праграмы ЕС «Усходняе партнёрства», але ні ў якай меры не будзе перашкаджаць яе рэалізацыі.

«Я — памяркоўны [здравомыслящий] чалавек. Як я магу заклікаць не ўдзельнічаць у тым ці іншым аб’яднанні, калі самі дзяржавы лічаць для сябе тое выгадным?» — сказаў Мядзведзеў.

«Не бачу нічога звышнатуральнага ў гэтым " Усходнім партнёрстве». Але я, шчыра кажучы, і карысці асаблівай ад яго не бачу. І гэта мне пацвярджаюць усе ўдзельнікі гэтага «Партнёрства», з кім я размаўляў. Але я не бачу нічога скіраванага непасрэдна супраць нашай краіны», — падкрэсліў Мядзведзеў.

«Усходняе партнёрства» злучыла шэсць краін былога СССР, у тым ліку і Беларусь. Частка з гэтых краін рыхтуюць сябе да будучага ўступлення ў ЕС.

Сітуацыя ў эканоміцы Расіі горшая, чым у Беларусі

Чаму эканоміка Беларусі нават у крызісны год не падае, а расійская — падае? — запытаўся рэдактар НН.

«Беларусь па выніках года можа паказаць невялікі рост, а ў Расіі будзе падзенне», — прызнаў Дзмітрый Мядзведзеў. Прычыны гэтага, адзначыў ён у збытковай экспартна-сыравіннай скіраванасці расійскай эканомікі, правалах Расіі ў галінах металургіі і машынабудавання сёлета. Поспех Беларусі, сказаў расійскі прэзідэнт, абумоўлены тым, што яе эканоміка «аказалася больш абароненай», а таксама «своечасовымі рашэннямі» беларускага кіраўніцтва і, не ў апошнюю чаргу, дапамогай Расіі. «Калі б нам нехта аказаў такую помач, сувымерна з маштабамі нашай эканомікі, глыбіня нашага падзення магчыма не была б такой», — адзначыў расійскі прэзідэнт.

Беларусь не звярталася па дапамогу ў расследаванні выкрадання Завадскага

Беларусь не звярталася да Расіі па дапамогу ў расследаванні шэрагу гучных злачынстваў, у тым ліку выкрадання журналіста Змітра Завадскага. «Я не ведаю, якія звароты былі да таго, але ў маю бытнасць прэзідэнтам такіх зваротаў да мяне не было», — сказаў Мядзведзеў.

Ён падкрэсліў, што ўсе злачынствы «павінны быць расследаваны, пакуль у іх не будзе пастаўлена кропка, не знойдзены вінаватыя, не ўстаноўлена, што адбылося» — і гэта датычыць як Беларусі, так і Расіі.

Мядзведзеў: Расія тры мільярды дала, а МВФ толькі набліжаецца

Мядзведзеў прызнаў, што ў двухбаковых адносінах «ёсць унутраныя спрэчкі, але гэта ўсё роўна іншы ўзровень інтэграцыі».

«Навошта ж нам адграбаць ад узроўню інтэграцыі?
Так, саюзная дзяржава ідзе не такімі тэмпамі, як хацелася б, але ступень інтэграцыі сумесных дзеянняў значна бліжэйшая, чым проста партнёрскія адносіны», — сказаў ён. Мэтазгодныя і ЕўрАзЭС, і Мытны саюз, пераконваў ён. У прыватнасці, лічыць Мядзведзеў, больш цесныя саюзніцкія адносіны сыгралі пазітыўную ролю ў барацьбе з эканамічным крызісам. Ён нагадаў, што «Беларусь — найбуйнейшы пазычальнік расійскіх сродкаў» — за апошнія два з паловай гады Беларусь атрымала ад Расіі больш як тры мільярды даляраў. Мядзведзеў адзначыў, што агульная падтрымка Беларусі з боку МВФ і еўрапейскіх інстытутаў «толькі набліжаецца да лічбы тры мільярды даляраў».

* * *

Стэнаграму інтэрв'ю чытайце тутака (расейская мова). Стэнаграма перададзена прэс-службай Дз. Мядзведзева.

* * *

Суб'ектыўны рэпартаж Андрэя Скурка чытайце на НН заўтра, у аўторак, 24 лістапада.

* * *

15.45.Сустрэча мае пачацца, а 16.00 па мінскім часе ў рэзідэнцыі Маендорф у Барвісе пад Масквой.

На прэс-канферэнцыі непасрэдна з прэзідэнтам Расіі будуць прысутнічаць 14 беларускіх журналістаў. Прадстаўнікі расійскіх СМІ будуць сачыць за размовай на спецыяльным экране, усталяваным у іншым памяшканні.

Прыехалі рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч, «Беларусов і рынка» Вячаслаў Хадасоўскі, Марына Золатава з tut.by, Анатоль Гуляеў з газеты «Товарішч», прадстаўнікі маскоўскіх карпунктаў дзяржаўных СМІ і тэлеканалаў.

З Масквы ў Барвіху журналістаў везлі двума мікрааўтобусамі, забраўшы на Васільеўскім спуску ля Крамля.

Як паведаміў супрацоўнік прэс-службы кіраўніка Расіі, прэс-канферэнцыя беларускім журналістам будзе прысвечаная 10-годдзю ўтварэння саюзнай дзяржавы. Прычым прагучала слова «фармальна».

Апроч гэтай нагоды, ёсць яшчэ дзве нагоды: будучы візіт Дзмітрыя Мядзведзева ў Мінск і, вядома ж, пытанне Мытнага саюза.

Сустрэча пачынаецца а 16.00 па мінскім часе.

Журналістам не дазволілі ўзяць з сабой ноўтбукі ў залу сустрэчы. Інфармацыю пра змест гутаркі чытайце на НН пасля 18.15 мінскага часу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?