З гадамі напісанне некралогаў ператвараецца ў звычку. Без душэўнай патрэбы, без нейкага ўнутранага штуршка пра смерць, канечне, не напішаш. Але для журналіста смерць іншага чалавека, нават мноства людзей — гэта найперш падзея, а потым ужо падстава для жалю і спачування. Гэта называецца прафесійным ідыятызмам.

 Фота gazeta.ru

Фота gazeta.ru

І ўсё ж, пісаць пра сыход чалавека, які быў тваім пагодкам, надзвычай цяжка. Першая рэакцыя на смерць Ягора Гайдара — шок. … Адарваўся тромб, і не стала чалавека, які быў сімвалам перамен пачатку 90‑х, сімвалам эканамічных рэформаў.

Нельга не згадаць, што 24 лістапада 2006 года, у той самы дзень,

калі ў Лондане памёр ад атручвання радыектыўным палоніем Аляксандр Літвіненка, у сталіцы Ірландыі Дубліне быў шпіталізаваны з прыкметамі моцнага атручвання Ягор Гайдар.

Потым ён лекаваўся ў Маскве, але прырода атручвання так і не была выяўлена.

Мільёны савецкіх людзей люта ненавідзелі Гайдара і яго рэформы. Ненавідзяць, напэўна, і цяпер. Але большасць людзей за гэтыя васемнаццаць гадоў пасля распаду СССР

паспелі ператварыцца з савецкіх у нармальных — расейцаў, беларусаў, украінцаў. І ў гэтым таксама ёсьць заслуга Гайдара.

Першы і апошні раз у жыцці мне давялося бачыць яго васемнаццаць гадоў таму — у фае беларускага Дома Урада, пасля падпісання Белавежскіх пагадненняў. Ён быў тады не ў лепшай форме, як і іншыя дзяржаўныя мужы, што прыехалі ў Мінск з Віскулёў, дзе адбылося падпісанне гістарычнага дакумента. (Пасля быў, зразумела, банкет і гэта не магло не адбіцца на стане яго ўдзельнікаў…) Ахвотней за іншых з беларускімі журналістамі тады размаўляў Генадзь Бурбуліс. Але і Гайдар, які тады быў віцэ‑прэм’ерам, міністрам эканомікі і фінансаў, памятаю, далучыўся да размовы, стаў тлумачыць, што будзе з расійскай эканомікай, з рублём, казаў, што ў бліжэйшы час будуць адпушчаны цэны. Ён прадказваў, што зіма 92‑га будзе суровай ва ўсіх адносінах. Так яно і было.

Запомнілася і тое, як проста можна было падыйсці тады ды высокіх крамлёўскіх гасцей, задаць ім любое пытанне.

Больш такога не было і ніколі ўжо, думаю, не будзе.

Пазней, за ўвесь час перабывання Гайдара на пасадзе прэм’ера з крыўднай прыстаўкай «в.а.» (так яму помсціла саўковая наменклатура, якая акапалася ў Думе), не памятаю ніводнай яго спробы камусьці спадабацца, прагнуцца, паабяцаць нешта прыемнае, спрабаваць размаўляць з народам на «народнай мове». Часам ён падаваўся марсіянінам, які жыве ў завоблачных вышынях эканамічнай тэорыі і якому няма справы да пакутаў простых грамадзян.

Пераход савецкай адміністрацыйнай сістэмы да капіталістычнай эканомікі не мог быць іншым, акрамя як жорсткім і бязлітасным.

Такім ён быў у Польшчы пры Бальцэровічы, у Чэхаславакіі пры Клаўсе, у многіх іншых сацкраінах. Але нідзе свабодзе — найперш, эканамічнай, не супраціўляліся так ярасна, як у Расіі. А кіраўніцтва Беларусі супраціўляецца і дагэтуль.

Два з паловай года таму памёр першы прэзідэнт Расеі Барыс Ельцын. Імя Гайдара назаўсёды звязана з імем гэтага чалавека.

Сыход абодвух сімвалізуе заканчэнне рэфарматарскай эпохі.

Віталь Тарас

Дзед Ягора Гайдара — удзельнік Грамадзянскай вайны, пісьменнік Аркадзь Гайдар (Голікаў) загінуў у 35 гадоў падчас Другой сусветнай пад Каневам. Бацька — Цімур Гайдар (яго імя было вядома на ўвесь Савецкі Саюз, дзякуючы бацькавай кнізе «Цімур і яго каманда») служыў на падводным флоце, потым быў журналістам. Ён быў жанаты другім шлюбам на дачцэ вядомага пісьменніка Паўла Бажова Арыядне. У іх нарадзіся сын Ягор.

Ягор Гайдар у 1980‑м уступіў у КПСС і заставаўся ў партыі да 1991. У 1990 абараніў доктарскую дысертацыю па эканоміцы. Быў жанаты двойчы. Ад першага шлюбу засталіся двое дзяцей — Пётр і Марыя, якая цяпер працуе ва ўрадзе Кіраўскай вобласці. Другі раз Гайдар ажаніўся з дачкой знакамітага фантаста Аркадзя Стругацкага Марыяй, якая нарадзіла яму сына Паўла. Ён усынавіў таксама яе сына Івана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0