Музыка
0 каментароў ЛК | 16:18, 12 студзеня 2010

Гадавыя земляробчыя працы і святы каляндарнага кола беларусаў, знакавыя падзеі жыццёвага цыкла: нараджэнне—шлюб—нараджэнне дзяцей—смерць чалавека — заўсёды суправаджаліся песнямі. Складанка «Спевы Беларусі» — спроба сабраць пад адну вокладку найбольш яскравыя іх узоры.

«У дахрысціянскую эпоху каляндарна-абрадавыя святы ў Беларусі былі першапачатковай формай адліку часу, — піша ў прадмове да дыску фалькларыстка Таццяна Песнякевіч. — Кожная пара года мела адпаведныя абрады і іх песеннае суправаджэнне».

«Спевы Беларусі» — своеасаблівая фолк-энцыклапедыя, бо тут прэзентаваныя ці нІ ўсе рэгіёны краіны — ад Мазыра да Гродна і ад Палесся да Падняпроўя. А таксама усе папулярныя віды калядарна-абрадавых і сямейна-абрадавых песень — хрэсбінныя, бяседныя, калядныя, веснавыя, юраўскія, купальскія, жніўныя...

«Гэта збор аўтэнтычнага фальклору, які наўрад ці пачуеш на «Славянскім базары», хіба калі-нікалі такое можна паслухаць на фэстах у мястэчках», — кажа прадусарка Арына Вележ.

«Спевы Беларусі» — толькі адзін з тамоў амбітнага праекту, «Беларускай музычнай калекцыі» з 16 дыскаў. Яго збірае Арына Вележ супольна з фалькларыстамі Таццянай Песнякевіч, Сяргеем Глушко і Студэнцкім фальклорным таварыствам. Яны плануюць сабраць у «Калекцыі» выбітныя ўзоры беларускай музычнай спадчыны. Ужо выйшаў дыск сярэднявечнай музыкі ў выкананні «Старога Ольсы», зборнік духоўных спеваў «Музыка беларускіх храмаў», дыск постфолку і кружэлка беларускага музычнага авангарду. Яшчэ пабачаць свет зборка музыкі беларускага Рэнесансу, дыск спеваў ХVII-ХІХ ст. у выкананні Віктара Скорабагатава, дыск стылізацый пад музыку 1920-х, этна-джазу, а таксама найлепшае з белрока 1980—90-х. Усе дыскі серыі аб'яднаныя і фізічна: на карэнчыку кожнага будзе пададзена па фрагменце старажытнай мапы. Слухач, які сабраў усе дыскі, зможа цешыцца з абрысу ВКЛ узору ХVI ст.

«Спевы Беларусі» аздобленыя таксама па-англійску. Чаму? «Наш праект і на экспарт, найперш у Нямеччыну і Польшчу, дзе існуе попыт на беларускі фальклор, — кажа Арына Вележ. — У дадатак адзіны вытворца DVD-дыскаў у Беларусі, кампанія Vigma, павярнулася абліччам да айчыннай музыкі. І яны таксама зацікаўленыя ў прасоўванні гэтай музыкі ў Еўропе».

Кружэлка выйшла накладам у 1500 асобнікаў.

Спевы Беларусі/Authentic Songs of Belarus. «Вігмагруп», Мінск, 2009.

Падзяліцца навіной:         
0 каментароў падпіска на каментары   каментары праз RSS  
Дадаць каментар (прэмадэрацыя)

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Спам-фільтар: увядзіце ўсе лікі без прабелаў (напр. 15091974), каб даслаць каментар.

Самае чытанае
Рэдакцыя рэкамендуе
Апошнія абмеркаванні
Верасень 2010г.
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30
© МФВГ "Наша Нiва". Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (для інтэрнэт-рэсурсаў - гiперспасылкi) на "Нашу Нiву" Кантакт з Рэдакцыяй: форма зваротнай сувязі; электронная пошта: nn@nn.by; тэлефоны: +375 17 284-73-29 (тэл./факс), +375 29 613-32-32 (Velcom), +375 29 707-73-29 (МТС).