Расійская фігурыстка, спявачка і акторка Ганна Семяновіч не выключае магчымасці выступіць на «Еўрабачанні» ад Беларусі. «Вы прапануйце — я падумаю», — сказала Семяновіч на прэс‑канферэнцыі 30 студзеня ў Мінску.

Паводле яе меркавання, «Еўрабачанне» — гэта «выдатны конкурс, які дае магчымасць выканаўцу паказаць свае вакальныя здольнасці». Летась Семяновіч удзельнічала ў расійскім адборачным туры «Еўрабачання».

Ганна Семяновіч прыляцела ў Мінск для ўдзелу ў адкрыцці 30 студзеня спартыўнага комплексу «Мінск‑Арэна». Разам са сваім партнёрам па вядомым праекце «Ледніковы перыяд» Вадзімам Калганавым яна выступіць падчас эстраднага шоу на афіцыйным адкрыцці комплексу перад пачаткам «Матчу зорак Кантынентальнай хакейнай лігі». Паводле слоў Семяновіч, падчас гастроляў праекта «Ледніковы перыяд» Калганаў іншым разам арганізоўвае таварыскія хакейныя матчы з мясцовымі камандамі.

«Мы хочам прапанаваць беларускай прэзідэнцкай хакейнай камандзе пазмагацца з камандай «Ледніковага перыяду», — сказала яна.

Гаворачы пра сваю працу ў кіно, Семяновіч прызналася, што марыць пра сур’ёзную ролю. Да гэтага яна знялася ў камедыях «Іронія лёсу. Працяг», «Гітлер капут» і «Утаймаванне свавольных». Паводле яе слоў, цяпер ёй прапануюць ролю медсястры ў ваенным фільме. Што да яе кар’еры выканаўцы, то пасля вялікіх гастроляў шоу «Ледніковы перыяд» Семяновіч пачне запіс другога сольнага альбома.

«Калі я выйду замуж, завяду дзяцей, то на нейкі час пакіну кар’еру, каб абараніць сваю сям’ю, — прызналася яна. — Але наўрад ці я сыду надоўга». Адказваючы на пытанне, у якой яшчэ сферы яна плануе рэалізавацца, Семяновіч сказала, што гэта можа быць маленькі сямейны бізнес, звязаны з футравымі вырабамі.

Адказваючы на пытанне пра сакрэты сваёй знешнасці, фігурыстка, спявачка і актрыса ўзгадала словы Како Шанэль:

«Калі жанчына да 30 гадоў непрыгожая — яна проста дурніца».

«Жанчына павінна ўмець схаваць свае недахопы і падкрэсліваць добрыя якасці», — сказала Семяновіч.

Таксама яна прызналася, што яе бабуля нарадзілася ў Беларусі, у вёсцы пад Мінскам.

Ганна Семяновіч нарадзілася ў Маскве ў 1980 годзе. Майстар спорту міжнароднага класа па фігурным катанні. Пара Ганна Семяновіч — Раман Кастамараў лічылася другім па сіле расійскім дуэтам пасля пары Ірына Лабачова — Ілья Авербух. Сур’ёзная траўма прымусіла Семяновіч пакінуць фігурнае катанне. Пасля гэтага яна пачала працаваць на тэлебачанні, пасля стала салісткай гурту «Бліскучыя» (2003—2007 гг.).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?